І тады зноў падступае блага... Так тузае, што, здаецца, галаву сарве з карка і адкіне за жоўтую купіну...
Блажыць пачало тыдні два назад, калі з начы выпаў сіні іней. Джукі тады сарваўся з прывязі — адцяў два кружочкі ад ланцуга, яны і цяпер, калі ён бяжыць, бывае, звіняць на ашыйніку на грудзях, там, дзе спірае кашаль. Ён бег у тую раніцу вуліцай, а над ёй вісеў густы нейкімі жоўта-бурымі клубамі — ад ранішняга сонца, ці што? — туман. Ні хат, ні платоў не было відаць. Вуліцу ён чуў толькі носам — пахла пылам і палыном, што рос ля платоў і частаколаў. Туман быў цёплы, як пара, і пах нейкай праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам, гнілой ворванню, ад якой выварочвала нутро, і... ёдам. Джукі бег за вёску, шукаючы ў рудым тумане хоць які ўзмежак з прытаптанай вільготнай дзяцельніцай, куды можна было б уткнуць нос. Спачатку ён дыхаў палыном. Пасля і палын пачаў смярдзець, бензінам, гнілой ворванню і ёдам... Ні ля калгаснай студні, ні на ўзмежках, ні на дзядзінцы ля фермы не было ратунку...
Выбегшы за вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней — насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам, але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць — вырвала на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў курыным карыце, і пагнала зялёную пену... Ужо нічога не давала рады: ні палын на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён жвакаў у роце зубамі, — адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў нос... Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца — расла, сцелячыся сваім шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як лёд, і на ёй вісела раса.
На другі дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага мінала.
І Джукі, пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў ніжыперніцу...
2
Пасля ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні, грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і задзіраючы морду, назад у Бабчын — на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй, што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла сама маладая гаспадыня — гальніком, дзержачы на руцэ малое.
На двары было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было, грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё — не выключылі.
Джукі, прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай плямкай на носе і доўгі чырвоны язык — выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл, пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі пасля благі — ад зялёнай пены.
Джукі глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны, чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі, пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа, асцярожна, далікатна — і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць, ніколі не закрывалася, — і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў.