Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў — такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым — над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам... Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках...
Над вёскай павіслі гарачае сонца — паліла з засмужанага жоўтага неба — і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя автобусы — садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам — аж зрывала нос.
У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны.
Астатняя грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі пясок, села ў крытыя брызентам машыны.
Ля школы асталося некалькі чалавек з вёскі — пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара...
Тады яго зноў зблажыла...
4
Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі — самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна — уставала на хібе поўсць...
У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі.
Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак.
Яны сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі. На беразе стаяў чырвоны трактар — пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя цэлафанавай плёнкай, душы — адзін і воддаль яго — другі. За плёнкай відаць былі цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў — аднаго і другога — выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна; знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары — з Украіны. Ля душаў, ля трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах...
Атакавалі яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве, кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе.
Джукі іх усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі — чакалі.
Самая першая ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая — і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай, як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У Брынзы быў гадаванец — Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам.