Джукі ляжаў на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым ветрам гнала на шашу пад Стралічава...
Блізка недзе ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі.
Яны і падышлі да яго, пачакаўшы — двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі...
Ён не даўся, каб яго пагладзілі па галаве.
5
Ён начаваў гэту ноч на ганку пад дзвярыма. Расцягнуўся на дашчатай пафарбаванай падложцы, паклаў галаву на лапы і глядзеў усю ноч на вуліцу праз расчыненыя вароты. Усю ноч было ціха ў вёсцы, як у яме; толькі звечара далёка на шашы, пад свінакомплекс, ціхенька шумелі машыны, лыпаючы падслепаватымі фарамі, позна ныла за акном у хаце радыё, падалі пасля спалоханы голас куры ля хлева, як усё роўна іх узагнала памаўзлівая Малекула, і ўсё сціхла, як вымерла. Толькі капала ў студню аднекуль зверху вада — ці не з дзіравага вядра на ланцугу — манатонна, раз за разам і не давала звесці вочы. Джукі так і не заснуў да самай раніцы — на жываце і на задніх лапах балела скура, востра, як пасыпаная прысакам. Калі ён кратаўся, чуў, што пад ім мокра і ліпка — з жывата, з раны, цякла сукравіца.
Усю ноч ён глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў, рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны рот...
Можа, напалі за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць гэтага.
Пасля недзе ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў верыць: напалі за тое, што ён не аблез... Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ёй не ведаў, што гэта была за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў — хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а яму хацелася выць — хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца.
Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.
Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар — зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны...
Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.
Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры...