Падняўшыся на лапы — чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, — Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык — патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, — сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, — піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.
Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу...
Яму адразу заклала вушы...
Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы...
Свайго канца вёскі ён не пазнаў...
Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей... Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі...
Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу — падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні — з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым...
Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам... І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў... Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў...
Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух — уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам — Джукі такое ўжо бачыў.
Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром... Ён і да трэцяй падбег... Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам — чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі...
Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер... Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам... Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны — самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны — львінага клубка з логу... Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі... Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі — заманьвалі... Іх многа, і стаяць яны шчыльна — адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў... Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі — і лаві яго за хвост... Толькі яму раптам зрабілася горка-горка — дзе ж гаспадар?
Скочыць яму не даў стрэл — грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць — з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы — з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць — хай страляюць... Джукі памыліўся... Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце... Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон...
Джукі ўсё адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго, наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе — і там расставіў ногі міліцыянер з ружжом... Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай... Ля магазіна — вароты... Плот... Джукі ведаў тут усе падваротні...
Але і ля старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках...