Джукі забегаў па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі — вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі. Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась сучка Ванда...
Ён кружыў узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак — баяцца параніць сябе.
Ён кружыў усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі, выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік...
Доўга кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай...
Ён пачаў рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін. Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам...
Вось грымне стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы...
Джукі тады рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і... скочыў у кабіну... Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся, убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў — нешта добрае і лагоднае, як малады гаспадар.
Каб жа Джукі мог разумець, што ён гаворыць.
— Жыві, маць тваю так!.. — вылаяўся мужчына ў клятчатай рубашцы, выціраючыся ад поту. — Жыві, дарагі мой... Калі ты ўжо з такой крутаверці ад міліцыі вырваўся, то жыві — і... Тут ужо я сам не дам цябе застрэліць. Гэта ж падумаць... Ён да мяне ў кабіну. Ратавацца. І правільна зрабіў: жысь твая на валаску вісела. Правільна, брат, зрабіў... Жыві! Глянуў я на цябе, а ты з лапкі на лапку пераступаеш, вочы такія пакорлівыя, і такая ў іх туга, нібы гэта ты адзін вінаваты за ўсё тое, што мы натварылі. Нібы ты гэта сам нарабіў... Стаю, і рукі мае з ламачынай самі апусціліся. Не магу стрэліць, і ўсё... Аж пад грудзі падкаціла. Аж галаву маю павяло... Нагледзеўся я за дзень на вашага брата праз мушку... А ён што, ваш брат, вінаваты? Жыві, маць тваю барабан... Толькі ўбірайся з зоны к чортавай мацеры... Гэта табе я кажу. Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач, на маю Віцебшчыну... — Джукі чуў, што яны едуць па нечым няроўным: гайдала машыну. — Я, брат, з Віцебшчыны. Пасля вайны мяне, малога, сюды судзьбіна занесла. Ідзі, брат, на поўнач. Дабірайся. Там, гавораць, чыста, няма гэтай заразы. Я разумных цаню. А ты — не дурны-ы... Да мяне ў кабіну... Гэта ж падумаць... Жыві, брат, калі ўдалося выкруціцца... Тако-о-е звалілася на нашы галовы... Ніхто і не чакаў. Вецер, брат, падзьмуў на нас з табой з Чарнобыля. Далёка тут да яго. Узыдзі на гару за Стралічава... Відаць, як над ім вісіць, рудая хмара. А ты не дурны-ы... Гэта ж падумаць... У кабіну. Каб расказаць — дык не павераць. І ўмудрыўся — не аблез. Яны ўсе, — кіўнуў ён галавой на аконца ззаду ў кабіне, — аблезлі, а ты — не. А ты ведаеш, якую дозу яны хапянулі? Не ведаеш. А я ведаю. Павер. Усім ім — капцы б усё роўна... А колькі б яны гэтай заразы яшчэ разнеслі б. Ды схавай ты свой дурны язык. Высалапіў аж на падлогу... Трэба было б цябе праверыць. Хаця, калі ты не аблез дагэтуль... Можа, і выжывеш. Я, брат, і сам ратуюся, як і ты. Ёд п'ю, а ў дабавак і белую і шэрую. Адным словам, не жысь, а кабернэ... А хто скажа, чым усё кончыцца. Такія дозы... І скаціна і сабакі... зашкальваюць. А ваш брат рухавы, на адным месцы не сядзіць — разносіць усё гэта. Вось і спусцілі на вас загад. Усіх да аднаго ў зоне... Падчыстую. Але цябе я... Жыві, брат, можа, і выжывеш. Што не сядзіцца? Скрабешся на сядзенне? Залазь. Ды схавай ты свой сабачы язык, апух ён у цябе, ці што? Глядзець не магу... Жыві, можа, і выжывеш... Што? Не верыш, што я гавару? Паглядзі ў аконца. Там такія, брат, як ты-ы... Адвязу ў лес за свінакомплекс і... Як парасят. Пад агонь... Ці пад бетон... Ім ужо адзін хрэн. Такі, брат, загад...
Матор страляў, як з ружжа.
У кабіне пахла гарам, бензінам, бядой і, здавалася, маладым гаспадаром.
Мужчына ў клятчатай рубашцы загаварыў зноў, ласкава, як, бывала, малады гаспадар, прыйшоўшы дамоў пасля работы і адчыняючы шафку, але машыну пачало кідаць з боку на бок па рытвінах, і Джукі пачуў, як зноў падступае блага. Яго пачало тузаць, ён стаў на заднія лапы і паскрэбваў кіпцюрамі па шкле ў дзверцах, просячыся на волю. Шкло шчыльна загараджвала свет. Ён тады ўскочыў на сядзенне і высунуў, як толькі мог, галаву ў задняе аконца, дзе было выбіта шкло.