Каб хоць дыхнуць...
У кузаве ляжалі львы. Голыя, з доўгімі грывамі ля шыі. Ён іх добра бачыў.
Зверху былі ўчарашнія — ён пазнаў, — усе, хто качаўся на лагу ў дзікім клубку: Малекула, Палкоўнік, Брынза, два Бімы, Чапа, Руды, Вермут і Вілія... Воддаль іх, ля задняга борта, — Маркіз і Мірон...
Джукі тады споўз з сядзення і завыў на ўсю кабіну...
Мужчына ў клятчатай рубашцы змоўк і затармазіў. Пасля перагнуўся і адчыніў ля яго, Джукі, дзверцы:
— Убірайся з вачэй к чортавай мацеры... Ідзі! Можа, і выжывеш. Не хачу на цябе глядзець, воўча лыка. Ідзі! І схавай свой дурацкі язык...
Джукі скочыў на асфальт.
Стары самазвал рвануў з месца і стаў падымацца шашой на гару.
У кузаве ляжалі львы.
1987
Арчыбал
Георгію Данілавічу Коласу
1
Яго пагрузілі ў крытую брызентам машыну вечарам, перад захадам сонца. У намордніку. Грузілі ваенныя — узялі ўчацвярых адумыслую мядзведжую клетку, абабітую металічнымі лістамі, у якой ён сядзеў, паднялі па легарах у кузаў, працягнулі па падложцы і паставілі ля самай кабіны. Двое ваенных селі ў кузаве на адмысловых, прывінчаных да падлогі сядзеннях, двое палезлі ў кабіну, да шафёра.
Разам з ім, Арчыбалам, пагрузілі ў кузаў кавуны ў мяшку — ён добра чуў нюхам, — бліскучыя на святле бутэлькі ў скрынцы, з якой пахла гарэлкай, — пах гарэлкі ён вельмі любіў; салдаты доўга бразгалі цынкавымі вёдрамі і бляшанкамі, і цяпер, калі ён, Арчыбал, астаўся адзін у клетцы, сярод паху тырсы — пілавіння з пяском — з манежа, якой ён прапах сам, бензіну, каўбасы, батонаў, рафінаду, пячэння, яблык, шакаладных цукерак; лавіў носам пах мёду — густы, здавалася, не той са слоікаў, які яму давалі ў цырку, а з лесу, што ў асінавых дуплах, якім пахла некалі маці, і ад гэтага ў яго пяршыла ў горле, круцілася галава і хацелася хутчэй на волю, якую ён нанава пачуў сваім мядзведжым нутром толькі цяпер, калі бразнулі дзверцы ў машыне і загудзеў матор. У душы ў яго як усё роўна што азвалася — далёкае і вабнае.
Клетка была з жалеза, не з пруткоў: пруцікі для яго што салома, мог рассунуць іх, — толькі б праціснуць лапу, — як частакол, ці ўзяць і павязаць у вузлы; у дзвярах уверсе зеўрала шырокая — паласой — адтуліна, можна было, задзёршы галаву, высунуць яе на волю па самы ашыйнік і вадзіць у бакі, разяўляць пашчу, наколькі даваў наморднік, і чмыхаць ад паху, што лез у нос, у горла і аж у самае мядзведжае галоднае нутро.
Праз адтуліну ён скупа бачыў адрэзаны зверху брызентам машыны, як нажом, кавалак яркага, як у агні, неба. Заходзіла сонца, падпальваючы ядраным агнём чорнае цяжкае воблака, і яму здавалася, што там, на захадзе на небе, мядзведзіца. І ён тады, стары, пятнаццацігадовы, падумаў, што пачне ўсё нанава: будзе ў яго яшчэ і мядзведзіца, Маргарыта, і маленькая Люська. І не ў канюшні ў цырку, а там — на волі, якую ён даўно чуў нутром, а апошнія гады яшчэ больш — да дурнаты, да болю.
Яго Маргарыта любіла волю, як і ён, і вырывалася з канюшні на вуліцу як магла. Любіла яна і маленькую Люську. Але Люську любілі і людзі: дрэсіроўшчык, даглядчыкі, прыбіральшчыкі, дырэктар, адміністратар і... артысты. Усе лезлі яе пагладзіць і совалі цукеркі. А як ненавідзела іх за гэта Маргарыта! Кожны раз хапала Люську і сціскала, ашчапіўшы ў абдымкі — хавала ад людскіх рук і воч. Сціснула была адзін раз і задушыла... Больш у іх малых не было. Пасля смерці Люські Маргарыта, парваўшы ланцуг, выбегла з канюшні днём у самую гарачыню — было гэта летам, як цяпер, — на вуліцу і трапіла пад машыну. Маргарыту прывезлі ў канюшню яшчэ жывую...
І Арчыбал зноў астаўся адзін.
Зароў недзе падыспадам пад нагамі матор, падпаленая сонцам бурая мядзведзіца на небе тузанулася і знікла з воч, захістала з боку на бок жалезную клетку... Крытая брызентам машына лёгка рванулася з месца — мільгнуў ззаду шэры чэрствы купал цырка, густы стары зялёны парк над рэчкай і высокая, у самае неба, вышка — усё, што ён паспеў згледзець.
У прагале пад брызентам замітусіліся стрыжы і машка.
Горад пакінулі неяк адразу — спачатку несла пад брызент гар ад бензіну і саляркі, раўлі машыны, хоць ты было затыкай лапамі свае мядзведжыя вушы, пасля раптам усё аціхла, і пад брызент у нос дыхнула як усё роўна мёдам — Арчыбал не ведаў, што гэта пахла за горадам жытнёвае поле, якога ён дагэтуль не бачыў. Павяла ў бакі галава.