І ён, прыпадняўшыся на заднія лапы, застыў у сваёй жалезнай клетцы, якую падкідала на выбоінах разам з машынай, выцягнуў толькі з адтуліны морду ў намордніку і, хліпаючы ноздрамі, лавіў густы салодкі пах жыта — глядзеў і глядзеў у праём пад брызент на блізкую волю, аж мітусілася ў падслепаватых хворых вачах. У цырку ён пачаў слепнуць ад рэзкай перамены святла — на арэне пад яркім агнём — пражэктарам, у канюшні — у цемнаце.
Сумнымі вачамі глядзелі разам з ім на волю і салдаты, што прыліплі ў кузаве да адмысловых, прывінчаных да падлогі сядзенняў.
Доўга падкідала машыну, а ён усё лавіў носам, сціснутым наморднікам, пах гною і малака з фермы, пах рэчкі, што цьмяна блішчэла пад рэдзенькім туманам, пах кропу і дыму; чуваць былі галасы людзей: ехалі міма вёсак. Неяк хутка сцямнела, зноў доўга была відаць зара на захадзе, дзе села сонца, падпаленая хмара-мядзведзіца расплылася, выцягнулася, нібы хацела скочыць за гарызонт следам за сонцам; пасля ўсюды адразу змерклася, запахла сырым холодным сасновым лесам, у якім ён не быў гадоў пятнаццаць, але які, здавалася, помніў і які пазнаваў нейкім астылым, але неўтаймованым чуццём.
Адразу сцямнела, на дарозе ўспыхнулі фары, разануўшы па хворых вачах: даганяла машына. Салдаты ў кузаве закурылі, і агні ад іхніх сігарэт паблісквалі ў цемнаце, як воўчае вока пад месяцам.
У кузаў пагнала пах імшары, і сцебанула па носе рэзкім і едкім дыхам ад спаленай табакі...
Ён быў тады маленькім цёплым камком — схаваеш у рукавіцу, — калі паявіўся на свет у бярлозе маці, вялікай бурай ласкавай мядзведзіцы, ад якой і зімою пахла — ён успомніць тыя пахі пасля і будзе памятаць увесь час! — мёдам, ягадамі, травой, грэчкай, птушкамі, мурашкамі, тухлаватым мясам, — усім тым, што яна ела на волі і што цяпер ён ссаў разам з цёплым густым салодкім малаком, якога ў маці для яго аднаго было ўволю, але ад чаго яна пачынала ўвачавідкі худзець, — гэтага, прынікшы да яе, ён не ведаў.
Не ведаў ён і што маці легла позна: доўга шукала ў пушчы зручнае месца і знайшла яго пад вялікім яловым вываратнем, у такім гушчары, што і камар летам не заляціць.
Не ведаў ён, што і зіма была лютая, што недзе пасля Новага года вызверыўся нагалец мароз, не адпускаючы, і ноччу, страляючы па лесе, ён лез пад скуру з такім імпэтам, што яго, Арчыбала, грэла маці, прыціснуўшы мяккімі цёплымі лапамі да сябе, аж пакуль у бярлозе не стала цёпла — пайшоў снег, не сціхаючы ні днём ні ноччу. Снег зраўняў зямлю, закідаў усюды сляды, і можна было спокойна чакаць вясны.
Але той раніцай, калі ў маленькай адтуліне ў бярлозе заіскрылася золатам сняжынка — даўно ўжо ў яго прарэзаліся вочы — і каля яе пажаўцеў іней — узышоўшы, праз густыя, цяжкія ад снегу яловыя лапкі прабілася калючае сонца, ён — яму было ўжо каля трох месяцаў — пачуў рэзкі пах дыму ад табакі — пачуў першы раз чалавека... Пачула і маці, але была спакойная — таўханула толькі: маўчаць!.. Трэба было вычакаць. Сабак не было чуваць, і маці думала, што бяда магла мінуць, абысці краем. А выскачыць на снег у такі мароз і апынуцца ў лесе між людзей і ваўкоў — нажыць яшчэ горшую бяду.
Некалькі дзён было ціха: шмат разоў загаралася жоўтым агнём сняжынка перад вачамі... Загаралася і тухла, наганяючы сон.
Пасля ў лежбішча аднойчы зноў густа дыхнула дымам — і ад табакі і ад машын? Яго нёс вецер, выючы над галавой, рассыпаў па лесе са снежным свежым пылам, але яго можна было пачуць у бярлозе: мядзведжы нос не такое ўловіць. Яны не спалі, але не пакідалі бярлогі. Ён ціснуўся да маці, яна была наструненая, але спакойная: перачакаюць.
Тады пачала ўжо грукаць зямля, як усё роўна кідалі з пня сосны; вецер часцей даносіў рокат і густы пах гару ад машын...
Назаўтра зямля звінела, бразгала і грымела. Усё бліжэй і бліжэй... А яна, ягоная маці, старая мядзведзіца, ляжала і ляжала, прыціскаючы яго да сябе. А калі выскачыла, было позна — пабегла і сослепу ці з гарачкі лучыла пад тралёвачнік — пад гусеніцы. Калі ён, Арчыбал, выскачыў за ёю, убачыў, як яна яшчэ корчылася ў перамешаным снезе, як у чырвонай гразі... Іх спачатку, відаць, і не заўважылі: раўлі, як і перш, тралёвачнікі, гудзелі пілы, ныў вецер і звінелі ядрана на марозе людскія галасы.
Калі ўсё адразу сціхла, ён згледзеў, што стаіць сярод лесу, а круга людзі. Ідуць да бура-чырвонай плямы на снезе і да яго. Ціха-ціха ідуць, чуваць толькі, як скрыпіць у іх снег пад нагамі.
Ён яшчэ хацеў уцячы, рвануць з гэтага людскога круга — хто дагоніць мядзведзя, калі ён пусціцца бегчы, хоць і малы, — але са страху — знайдзі каго больш палахлівага, чымся мядзведзь — ці па сваёй, можа, маладой дурноце — які ён яшчэ мядзведзь у тры месяцы — ён крутнуўся ў адзін бок, у другі і... замёр на месцы, прыліпшы да снегу, як да мацерынага жывата. Людзі доўга не чакалі: крычучы, яны накрылі яго адразу брызентам, пасля закруцілі ў яго — брызент пахнуў дымам ад табакі, хлебам, салёнай траской — ён не чуў такога паху — і панеслі. Як ён пішчаў, стрэпаючы лапамі па брызенце! Кінулі спачатку, відаць, у кабіну цягача, бо было горача, калі калыхала ў дарозе, пасля, мусіць, у кузаў машыны, як цяпер, бо стала раптам зноў холадна пад брызентам, свістаў адусюль калючы вецер і ныў падыспадам матор. Ён тады, малы, без маці, раптам супакоіўся: не хацелася ні пішчаць, ні драпаць лапамі брызент, і, калі яму зрабілі дзірку ў брызенце для носа, каб не задыхнуўся, і нехта смелы паднёс яму ў руцэ пад нос пячэнне, — ён нават на яго не глянуў...