Ехалі ўсю ноч, і салдаты ўсю ноч не спалі — курылі. Не спаў і ён — глядзеў у цёмны прагал ночы, якая сляпіла яго ядранымі фарамі, як святло на арэне, ад якога ён пачаў слепці.
У той вечар ён, Арчыбал — Арчыбалам яго назвалі ў цырку, ён любіў гэту мянушку і заўсёды адклікаўся на яе: заміраў, паварочваў галаву ці станавіўся на дыбкі, падымаючы ўгару пярэднюю лапу, — адкатаўся на ролікавых каньках, пасля паўзы зноў выехаў на матацыкле ў сваіх шэрых штанах у чорную клетку і малінавым каптаніку, у намордніку і шлёме, які быў прышпілены дзяжкамі да намордніка; лапы на рулі — учапіліся кіпцямі.
Трэск ад матацыкла і ад апладысментаў закладваў вушы...
Пасля другой паўзы — яму за гэты час надзелі баксёрскія пальчаткі — ён павінен быў выйсці на манеж і схапіцца са сваім «праціўнікам» Барыбалам. Барыбала ён не любіў — вострая морда, цыбаты, гладкая кароткая поўсць, як прылізаная, не буры, а скарэй за ўсё чорны, у дабавак да ўсяго канец вострай морды жоўты, аж белы — так і хочацца ў яго тыцнуць баксёрскай пальчаткай. І надта ўжо той любіў рафінад, а яшчэ горш — лізаў руку дрэсіроўшчыку. Арчыбал гэтага цярпець не мог: быў горды.
Выйшаў ён тады за падцыглястым худым Барыбалам на манеж... Нават замахнуўся, каб ударыць таго ў яго вострую паганую морду, і... вочы заслала жоўтая тырса... Увесь свет, здалося, быў з адной тырсы — і далёкія людзі, і манеж, і дрэсіроўшчык, што падбег і мітусіўся побач, і неўздаляка Барыбал, і музыка... У вачах перасыпалася адно жоўтае пілавінне і пясок... Ён доўга круціўся на адным месцы, засланіўшы ад Барыбала пальчаткамі вочы, і яго павялі з манежа...
На манеж пасля таго яго ўжо не выводзілі — прайшло месяцы са два.
У цёмнай канюшні ён добра ўсё бачыў, а пры яркім святле ўвесь свет рабіўся жоўты — як нос у Барыбала.
Яго лячылі: задзіралі галаву ў намордніку, адцягвалі пальцамі куток у пашчы, і ветэрынар выліваў у рот лякарства. Гладзілі пасля па горле, затыкалі нос, каб ён глытаў сліну і разам з ёй іхняе лякарства...
Патухлі агеньчыкі салдацкіх папярос, з шашы больш не рэзалі вочы вострыя пражэктары фар, недзе далёка, як у бяздонні, бліснула сіняя калючая зорка, знікла, і пад брызент ваеннай машыны зірнуў месяц. Жоўты, як нос у Барыбала, поўны, вялікі і круглы — здавалася, ён ацяжэў і ніколі не падымецца ад зямлі. Затрымаўся быў на якую кароткую хвіліну, каб паглядзець на яго, Арчыбала, пасля раптам тузануўся і паляцеў за борт у цемнату.
Месяц больш не паказваўся. Машыну не трасло, яна ціха неслася ўначы па халодным асфальце немаведама куды. Падыспадам, пад клеткай, манатонна ныў і ныў матор, як камар ля носа, наганяючы нуду і сон.
Калі падкідала машыну, яму здавалася яшчэ, што ён стаіць на задніх лапах на манежы на высокім грудку, складзеным з цэглы, і выкідвае лапай з-пад сябе па адной цагліне...
Пасля на яго зноў паглядзела аднекуль здалёку жоўтая вострая морда Барыбала, і ён праваліўся ў мяккую тырсу, як на той свет...
2
Бразнула недзе блізка жалеза, і ён адплюшчыў вочы. Усюды стаяла такая густая цішыня, што ажно ныла ў вушах. Калі ён услухаўся — пачуў, як цыльгікае побач дзяцел і блізка шваргоча па каменні рака.
Салдат не было і звання. Выерзаныя сядзенні ля бартоў былі пустыя і блішчэлі цьмяным бляскам. Праёміна пад брызентам была ўся ў ружовых плямах — праз лес на яе свяціла сонца. І сосны, гладкія і чыстыя, перад вачамі былі ружовыя.
Значыць, ён спаў, і яго цяпер разбудзіў бразгат.
Зноў кляцнула жалеза, і адваліўся задні борт у машыны. Ля яго стаяў падгалісты мужчына сярэдніх гадоў — даглядчык з цырка Дзімыч; былі відаць яго галава і грудзі. Як ён тут апынуўся, у кабіне яго не было, туды да шафёра падселі два ваенныя. Дзімыч падняў вялую руку — прывітаў. Быў ён у чорным пакамечаным касцюме, пасыпаным зверху нечым белым, як мукой. Яго доўгі, рыхлы, чырвоны, як кавалак пабітага мяса, твар увесь зморшчыўся; вочы заплылі, і ён іх зусім не падымаў — глядзеў у зямлю. Ад яго востра пацягнула дымам ад папярос і кіслым вінным перагарам.