Выбрать главу

Яна ўгледзела з двара, што ў Панка конь ужо быў запрэжаны — стаяў ля ганка — і на возе ляжалі хатулі. Самі Панкі ўсе сядзелі, мусіць, у хаце, на двары нікога не было: ні самога Панка, ні Паніхі з дзяцьмі. Таня ўбачыла яшчэ, што людзі ўжо едуць загуменнем: недалёка ад сваёй пуні, ля дзікай грушы, паганяў каня Мірон Махорка, на возе сядзелі бабы ў белых хустках. Аж навыскачку гнаў гародамі свайго жарабка Боганчык: на калёсах ён быў удвух з бацькам. Бацька — без кепкі, і з калёс блішчыць яго лысая галава...

Таня падумала, што людзі з начы яшчэ пазапрагаліся, а ім ніхто не сказаў...

Калі яна адчыніла ў хлеў дзверы, праз акно ў сцяне — маленькую шыбіну — засвяціла чырвонае, што жар у печы, сонца: якраз у вочы.

«Усходзіць...» — падумала яна і закрылася рукой — нічога не бачыла: ні курэй, што скакалі пад ногі з куросні і хлопалі крыллямі, ні кабылы, што заржала ў кутку, дзе стаялі яслі...

У хлеве было страшней, як у хаце: здавалася, стралялі над галавой, нібыта дзеці, сабраўшыся з вёскі, білі па страсе па драніцы каменнем... Кабыла хмылілася і доўга не давала надзець аброць. Таня гладзіла яе ля самых вушэй, там, дзе была белая ясачка пад грывай. Кабыла тады скочыла да дзвярэй, ледзь не вырваўшыся з рук, і спопаразку стала ў парозе. Упёрлася, задзёрла галаву і не пайшла на двор. Таня ўзяла за цуглі — кабыла падняла яшчэ вышэй галаву, падымаючы ад зямлі Таню. Пасля захрапла, адсела назад. Пад нагамі ў яе затрашчалі рэзгіні, з галавы зляцела аброць і чмякнула на гной; забразджалі цуглі. Перакуліўшы яслі, яна ўскочыла ў загарадку, дзе стаяла карова, і павярнулася задам да дзвярэй...

— Ма-ама!.. — закрычала на ўвесь двор Таня. Падняўшы аброць, яна хацела была бегчы да варот, але Панка на двары не было: ён паганяў каня на вуліцы, аж ля самай фермы — паехаў на загуменне.

У канцы вёскі была аціхла страляніна, тады пачалі страляць за ракой і ля могілак — з Сушкава.

«Адны мы дома... — падумала яна, і ёй яшчэ горш стала страшна. — Немцы ўжо ў Сушкаве...»

Убачыўшы ля варот на вуліцы Юзюка, яна злякнулася, як немаведама чаго. Юзюка яна адразу не пазнала: бачыла даўна, вясной, калі сеялі на загуменні бульбу. Ён як усё роўна недзе быў дзеўся з вёскі: ні знай ні ведай куды.

Юзюк ішоў па двары спавагі, як стары. Яго босыя ногі былі мокрыя ад расы, і на іх паналіпала пяску. Ішоў, ні разу не азірнуўшыся за раку на Выганчык, дзе стралялі. Яго нястрыжаныя валасы рассыпаліся на галаве на рад і закрывалі вушы. Рукі ён усунуў у кішэні, бы хаваў ад людзей. Глядзеў на Таню што чужы, насупіўшыся і спадылба, як не пазнаваў. Вочы ў яго былі вялікія і бегалі: з Тані — на гарод, дзе стаялі калёсы, з гароду — на яе, Таню.

— Што, не запрагліся? Я так і знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? — ён узяў аброць у Тані з рук, а яна стаяла і нічога не магла сказаць. Адкручвала толькі павадок, які быў закруціўся ў яе за руку.

— У хлеве... — пасля як апомнілася яна.

— А матка дзе?

— У хаце...

Ён нічога не сказаў, крутнуўся толькі на нагах, і ёй падумалася, што ў яго шырокія плечы і ходзіць ён па двары як усё роўна мужчына... Ён запражэ кабылу, і яны паедуць з усімі ў Карчаваткі.

Стала ціха, і ёй здалося яшчэ, што пашырэў двор; яна ўбачыла, як блішчыць на падарожніку і ў гародчыку на высокім бацвінні раса. У гародчык праз дзіркі ў паркане палезлі куры.

«У агуркі... Завязь дзяўбаць... — падумала яна. — Цяпер буду ведаць, якія памаўзлівыя...»

— Акы-ыш!.. — закрычала была яна, але куры яе не пачулі: ішлі баразной між град, клюючы бацвінне. Яно было высокае і краталася ў іх над галовамі.

Яна ўбачыла яшчэ, што на небе ні воблака — яно, як і ўчора, чыстае з самай раніцы. Сонца яшчэ над лесам, чырвонае і не грэе. Недзе за вёскай, у Камене, мусіць, нешта гарыць — угару слупам падняўся чорны дым. На вуліцы ля Панка бегалі і пішчалі курчаты, маленькія, жоўценькія. Адны, без квактухі. Ля маста, мусіць, у Махоркі ў гародзе, рыкала цяля.

Тады зноў пачалі страляць: і ў канцы вёскі і за ракой на могілках — ля Сушкава.

На ганак выйшла маці, несучы перад сабой дзве падушкі, звязаныя рудой пасцілкай; паклала іх на зямлю, села на парог і стала глядзець на яе, Таню, падпёршы рукой галаву. Глядзела і плакала.

Юзюк вывеў на двор кабылу — кабыла ішла за ім, дрыжучы і хмылячыся; з-пад грывы ў яе блішчалі вочы; у зубах краталіся і бразгалі цуглі.

— Здарова, матка!.. — загаманіў Юзюк адразу на ўвесь двор.

— А дзеткі... Адкуль жа ты, сынок? — маці падымалася з парога. — А што ж гэта робіцца? Гэта ж кінуць-рынуць усё... Гэта ж бегчы нітведама куды...

— Нічога, матка. Мы ціхачом... Карчаваткі блізка... — Юзюк паказваў зубы, смяяўся.