Выбрать главу

Арчыбал тузануўся ў клетцы яму насустрач. Даглядчык Дзімыч, да якога Арчыбал даўно прывык і які карміў яго і паіў, мыў і падбіраў за ім на канюшні гадоў недзе з дзесяць — помніў ён і ягоную Маргарыту і Люську, — зноў падняў руку і загаварыў:

— Спакойна, дарагі... Вось мы і прыехалі... З козамі на торг... Зараз саскочым на травіцу, сходзім да ракі. Загадана прыняць ванну, адным словам. Накармлю пасля і — на волю... маць іх на талерку... — Даглядчык Дзімыч гаварыў глуха, сіпата, і ў яго дрыжаў голас.

Калі Арчыбал нарэшце скочыў на зямлю, у яго закружылася галава. Ад дарогі? Ад волі? Ад сасновага смалістага паху? Ад багуну і ад малін, ад якіх адразу зрывала нос? І не трэба было даглядчыку Дзімычу браць яго на ланцуг, не трэба было пстрыкаць жалезам ля вуха, чапляючы ланцуг за ашыйнік: ён раптам адчуў на якое адно імгненне, што спужаўся гэтай волі і нікуды не збяжыць...

Ён стаў на заднія лапы і замёр ля Дзімыча: толькі ноздры ў яго хадзілі ходырам...

Лес быў увесь у расе: чырвоная ад сонца, як спелыя брусніцы, яна капала з сасновага шылля яму на поўсць, на грудзі, на галаву, на нос; аж чуваць было, як яна падае на высокі, у калена, чарнічнік — шапацела. Запахла чарніцамі, мохам з імшары, грыбамі і малінамі — мацерай з логавішча... Ён злавіў нюхам усё гэта адразу — адным дыхам — як сваё: нібыта і не было доўгіх гадоў сцятага клеткай жыцця на канюшні, на манежы, у зачадзелых кузавах машын, у дрогкіх цягніках, у цесных самалётах... Упоплечкі са звярамі і людзьмі... Цяпер усё тое далёкае, з той пары, калі ён быў малы, клалася ў душы на сваё месца.

Перамагала воля... Ён пачне ўсё спачатку, пачне жыць нанава, з таго дня, як помніць сябе, калі яго, малога, прыхінала да сябе ў халоднай зімовай бярлозе маці...

Язык у маці, калі яна яго лізала, патыхаў тады малаком, мёдам, прэллю і мурашкамі — лесам... Цяпер ён гэта ведае...

Ён пачне ўсё спачатку — не позна. Ён знойдзе яшчэ мядзведзіцу... Знойдзе Маргарыту...

Ад волі пад ім калацілася зямля — гэта дрыжалі ногі — здрадзілі — і грукала ў грудзях сэрца. Але воля была яшчэ прывідная — на чалавечым ланцугу.

— Што здранцвеў, дарагі? Не пазнаеш роднай хаты? — даглядчык Дзімыч зноў загаварыў хрыпатым іржавым голасам. — На волю пусцім самі, не тузай... Гм... На во-о-лю...

Арчыбал быў дрэсіраваны і пакорна пайшоў за Дзімычам — зазвінеў ланцуг і напяўся ашыйнік, у ступні спадыспаду закалолі сасновае шыллё і старыя ашчэраныя шышкі... Ён падымаў ногі, як з гарачага вуголля.

Сцежкай па траве ісці было мякчэй, і яны падышлі адразу да вялікага з шырокімі вокнамі дома, завешанымі нечым чырвоным. Дом быў на два паверхі, зрублены са свежага сасновага бярвення — аж б'е ў нос смала. Зямля перад домам была ўся здрабежана машынамі і людзьмі. Сляды былі свежыя, ад іх яшчэ пахла мазутам і гуталінам...

Толькі людзей нідзе не было — ні душы. Яму тады раптам закарцела аглянуцца: здалося, што іх повен лес...

У дом яны не пайшлі. Даглядчык Дзімыч узяў з жоўтай доўгай лаўкі, што ўпіралася канцом у зашклёную веранду, ручнік, мыла ў чырвонай мыльніцы і павёў па сцежцы — па калючаму жвіру — за дом.

Мыла з чырвонай мыльніцы пахла малінамі...

За домам, за зялёнай грыўкай логу, была рака. Яны падышлі да самай вады і сталі. З-пад ног у іх, піснуўшы, пырхнулі дзве чысценькія пярэстыя пліскі.

— Ну што, дарагі? Загадана пабултыхаць цябе ў ванне. Змыць твой дух, каб твайго цырку тут і блізка не было. Каб ты пах малінамі... Ад цябе тырсой цягне на дзве вярсты... — Дзімыч раптам задзёр руку і доўга глядзеў на гадзіннік. — Ванна адмяняецца! — сказаў ён пасля, аж здрыгануўшыся. — Спазняемся мы з табой, чорт вазьмі!.. Пойдзем, хоць пакарміць цябе ўспею... — Дзімыч шпурнуў навотліж чырвоную мыльніцу ў чорную прорву ракі. — Хай іх саміх мыюць... Вот так, Арчыбал... І не лезь да мяне ў кішэні з лапамі. Нічога там сёння няма: ні папярос, ні рафінаду. — Дзімыч памаўчаў і ўздыхнуў: — А ў мяне была грэшная думка, што я адвязу ўвосень цябе ў запаведнік... Ды не лезь ты ў кішэні, каму сказана! Мужчына ты ці не? А я думаў, што адвязу цябе ў запаведнік... — Даглядчык Дзімыч вёў яго назад, не заўважыўшы, што выпусціў з рук белы доўгі ручнік і стаптаў яго нагамі. — Вот табе і запаведнік...