Ён і пайшоў з самай вяршыні ад высокага чорнага абеліска ўніз па зялёнай, чуць зрыжэлай ад вятроў і сонца траве ў сваіх карычневых новых чаравіках-крагах, у халяўкі якіх былі хвацка запраўлены калошыны штаноў. Пайшоў — нікога за сабой не запрашаючы, цвёрда, горда ўзняўшы галаву. Не глядзеў нават пад ногі на зямлю, дзе можна спатыкнуцца і паляцець уніз на злом галавы: чалавек ніколі не спатыкаўся.
Спачатку ўсе разгубіліся — на якую хвіліну. Пасля — усе да аднаго — пайшлі за Замежным Госцем — не кідаць жа яго аднаго ды апускацца па бетонных прыступках. Як тады глядзець яму ў вочы? Ішлі — хто як, ужо не думаючы пра Госця, а пра сябе: спатыкнешся — паляціш бурдой уніз, а там — як пашанцуе.
Госць увесь час ішоў наперадзе, смела, цвёрда, не азіраючыся — як арол па скале, і сышоў першы. Стаяў, не паварочваючыся, і глядзеў у сінечу на горад.
Сышлі і ўсе, ідучы памалу, асцерагаючыся, падтрымліваючы адзін аднаго — ён, Гаспадар, не даўся, каб яго падтрымлівалі, — што скажа Госць? — ішоў сам — і, дзякуй богу, усе жывыя і здаровыя. Толькі ён, Гаспадар, падвярнуў правую нагу ў костачцы і нацёр мезеныя пальцы ў сваіх новых лакіраваных чорных туфлях з вострымі насамі...
І цяпер, стоячы тут, у густым старасвецкім ельніку, з тульскім двухствольным ружжом цэнтральнага бою напагатове — Госць з такім жа ружжом стаяў, лічы, побач, крокаў за дзесяць — ён, Гаспадар, не мог апёрціся цвёрда на правую нагу — разбалелася пасля ўчарашняга і тупа ныла ў костачцы ўсё больш і больш. І пяклі мазалі... Нават у раскошных бліскучых гумовых ботах па калені, мяккіх, ступаеш, што ўсё адно не па зямлі, пяклі, праклятыя, як прыскам. Ён, Гаспадар, нікому не сазнаваўся. Кіўнуў бы пальцам — дактары, што былі непадалёку, палічылі б за гонар збегчыся памазаць далікатненька мазалі і перабінтаваць нагу ў костачцы — тут ужо не далікатненька, а тужэй! — але ён маўчаў і цярпеў: а калі пачуе Госць?
Гаспадар, стоячы, моршчыўся. Нават рукі, якія трымалі тульскую двухстволку напагатове, занылі, як ногі ад мазалёў, і пачыналі дрыжаць — нікуды не варта, к чорту!
Замежны Госць быў у крагах — не захацеў абуць гумовыя боты. Стаяў, прыціснуўшы імі мох і бруснічнік з буранькімі ягадамі, як укопаны — не зварухнецца. Ружжо — такая ж двухстволка цэнтральнага бою, як і ў Гаспадара, — у адной, выцягнутай руцэ. З таго часу як паплылі па лесе першыя пошчакі загону...
Пошчакі бліжэлі... Ядрана былі чуваць людскія галасы: улюлюкалі з двух бакоў, гонячы мядзведзя на паляну, што была перад імі, Гаспадаром і Госцем, — падыходзіла блізка, метраў за дваццаць.
Паляна, вялікая, круглая, як адумысла створаная прыродай, ляжала сярод лесу, нібы на паяўку. Яна была выкашана яшчэ ўчора — Гаспадар гэта ведаў; нідзе не было відаць і травы: яе зграбілі і прынялі — чыста. Толькі з другога боку паляны, ля лесу, яна калыхалася ад ранішняга вільготнага ветру доўгай грывай: чарот, рабінка, асака, маліннік, крапіва і высокая, у рост чалавека, пераспелая лясная мятліца.
Адтуль павінен быў паявіцца мядзведзь — прама пад ружжо Замежнаму Госцю. Гаспадар першы не страляў, як і ахова, якая была — і не толькі з ружжамі — з усіх бакоў, але якой не бачылі ні Гаспадар, ні Госць — толькі дагадваліся.
Мядзведзь і выскачыў з гэтай травяністай грывы на выкашаную паляну. Выскачыў смела, нічога не баючыся, не азіраючыся і нават, здавалася, не зважаючы на прарэзлівыя пошчакі загону, што засталіся цяпер далёка ззаду.
Гаспадар пачуў, як хруснула пад ім падгнілая ў імху галінка — захваляваўся, відаць, і стаў з усёй сілы на правую нагу, — як рэзка павярнуў у ягоны бок галаву Госць, пасля падняў адной рукой ружжо вышэй і стаў азірацца на паляну — цэліўся.
Для стрэлу мядзведзь быў яшчэ далекават — павінен выйсці на сярэдзіну паляны...
На сярэдзіну паляны мядзведзь не пайшоў. Выскачыўшы з травы, ён спыніўся, як спатыкнуўшыся, пакруціў галавой у бакі — нюхаў паветра. Вецер хоць быў ад яго, але круціў, і мядзведзь мог пачуць пах жалеза — ствалоў ад ружжаў — і мог здагадацца, што яго чакае на выкашанай паляне. Прабегшы яшчэ якія тры дробныя крокі палянай, ён пачаў падымацца на заднія лапы. Прыемна было глядзець, як ён ціха і плаўна, што ўсё роўна пад музыку, адгінаецца ад зямлі, павярнуўшы галаву якраз у той бок, дзе быў Госць; як ён паволі пачаў разводзіць у бакі лапы, агаляючы грудзі, на якіх шырокім клінам быў відаць прыродны белы гальштук... Выпрастаўшыся, выцягнуўся ў струнку і стаяў — высокі, буры, стройны, замёр на міг, быў як вычасаны з вялікага каменя, які нялёгка знайсці. Замёр, застыў, падставіўшы белыя — гальштукам грудзі адразу пад два жаканы Замежнага Госця, толькі краталася пад вільготным ранішнім ветрам яго цёмна-бурая поўсць: на галаве і на грудзях. Пасля, ступіўшы ўперад на паляну, аддаў адной лапай салют, вітаючы, як у цырку з арэны, Гаспадара і Замежнага Госця, і пайшоў, пружынячы на задніх лапах, не на Госця, як перш, а па крузе па паляне, махаючы лапамі, — прыхінаў адну да грудзей — да белага гальштука, другую адкідваў набок навотліж, ківаючыся ў такт сваёй пружыністай хадзе — пайшоў у танец.