І калі ён на жоўта-зялёнай скошанай паляне пусціўся ўпрысядку, Замежны Госць, падняўшы высака ўгару над галавой ружжо, кінуў яго вобземлю — яно глуха чмякнулася ў вільготны мох — моцна і выразна плюнуў пад ногі, загаварыў, відаць, вылаяўся па-свойму, завярнуўся і пайшоў адзін у глыбіню яловага лесу, не глянуўшы нават на яго, Гаспадара...
У неба адразу ўзляцелі дзве чырвоныя ракеты...
Гаспадар ведаў, што на паляне быў стары цыркавы мядзведзь з манежа — ад Гаспадара гэта пабаяліся схаваць, — што круглая паляна здалася мядзведзю арэнай...
Не ведаў гэтага раней толькі Госць.
Замежны Госць быў разумны і быў вялікі дыпламат. Ні ў машыне, у якой ён вяртаўся ў горад разам з Гаспадаром, ні за сталом у палудзень ён не сказаў пра мядзведзя ні слова.
Не сказаў пра гэта і назаўтра на аэрадроме перад адлётам; нават выгляду не падаў, што было нешта такое...
Гаспадар таксама быў разумны і быў не горшы дыпламат. І ён не сказаў пра гэта ні слова: у вялікіх кіраўнікоў быў больш важны, дзяржаўны клопат. Толькі ў іх вачах увесь час гарэлі хітрыя агеньчыкі, нават на аэрадроме пры расстанні.
На аэрадроме яны моцна абняліся і пацалаваліся, як і пры сустрэчы.
А Арчыбала ў той жа дзень салдаты даставілі ў той жа машыне, запёршы ў тую ж клетку, назад у горад, у цырк ля ракі — у канюшню. Туды — адкуль і ўзялі. Салдаты — народ з дысцыплінай.
Назад у кузаве з імі ехаў і даглядчык Дзімыч...
4
Апошнія два гады Арчыбал жыў у запаведніку, вялікім, на сотні гектараў лесу і балота. У лес на волю яго не пусцілі — «непрыстасаваны», хутка загіне.
Ён жыў у клетцы каля старожкі.
Мядзведзі, як і людзі, любяць курыць і любяць піць.
Рабочыя леспрамгаса, прыходзячы ў запаведнік у магазін, давалі Арчыбалу спачатку акуркі — ён жаваў і папяросы, і махорку, — пасля хлеб, абліты віном. Арчыбал хутка прывык да «чарніла», і пасля, калі рабочыя не давалі яму ў лапы бутэльку, ён ламаў клетку, праціўна скрыгаў зубамі, аж кроў ішла з рота, і роў немым голасам на ўвесь лес.
Рабочыя занадта часта давалі яму «чарніла», і ён піў яго з бутэлькі з рыльца, як і яны.
Праз два гады ён «схапіў» цыроз печані і «пасадзіў» сэрца, як гаварылі рабочыя.
Памёр ён на трэці год, раніцай у глухую восень.
Додніцай прайшоў снег і ляжаў белай, рыхлай яшчэ паласой каля жалезнай рашоткі — у яго перад самым носам.
З рота ў Арчыбала пайшла гарачая, як вар, кроў — пырснула за металічную рашотку на волю, — ён убачыў ля сябе толькі чорна-чырвоны краёк шырокай белай лясной паляны.
Падумаў яшчэ, што зямля, засыпаная снегам, пахла мядзведзіцай...
P.S. Дакументальны кінафільм пра двух паляўнічых і Арчыбала загадалі змыць.
1988
Браканьер
З вады сухому не выйсці.
Снег не злёгся, а нібы павіс на старой няскошанай на Крайскім баку мятліцы і сінюсе, бо ўсю ноч, пачаўшы ўчора з палудня, валіў з неба мокрымі вохлапкамі; яны аж шамацелі, падаючы.
Стары збуялы алешнік стаяў спрэс белы. Вечарам ён выдае здалёку неабмераным полем; зблізу — высокім узгоркам, які бярэ пачатак ля маста ад самых Выселцаў і падымаецца недзе туды, пад Вір.
А сцямнее — здаецца, неба ў тым баку зацягнута скамечанай прасцінай...
Так заўсёды выдавала Піню, калі ён пускаўся з коньмі да рэчкі. Гнаў іх на вадапой, каб пасля завярнуць на канюшню і, не закладаючы за кожным праварыны, заперці дзверы. Хто гэта ноччу пойдзе правяраць? Хаця, яно варта было б і прыперці кожнага, бо старшыня апошні час спанатрыў брындацца па гаспадарцы не толькі днём. Вось навала! Сядні няма.
Не было часу ў Піні, каб дагледзець вараных вечарамі, рабілася ўсё збольшага, і старшыня быў ужо двойчы прыдраўся: першы раз, калі з вартаўніком прыходзіў, другі — калі правяраў гэтага самага вартаўніка. Ліха з ім. Дзеці ж у яго не плачуць, можа і раней прыцягнуцца на пост; спакайней тады і за коней будзе.
Утоптваецца пульхны снег, прасуецца, прыбіваецца да зямлі, і падковы цокаюць, звіняць аб каменне. Гэта тут, ля сасняку, дзе жвір і камяніца. Тут спрадвечны прагон, буй. Нішто тут не бярэцца расці.