Выбрать главу

Звіняць падковамі коні, будзяць вечар, агалошваюць маладую зіму. Фыркаюць, нюхаючы снег. Свежасць б'е ім у ноздры, яшчэ зусім непрывычная. І коней абуяла радасць, яны ўзбуджаныя і дураслівыя.

— Гэ-гэй!.. Буланы... Скура сырамятная...

Буланы — самы маладзейшы, перагодак. Але гарэзлівы, таму што пачаў расці адзін: маці няўдала ажарабілася. І вырас упарты. Пад сасняк чамусь, мае нораў завярнуць. І гэтага сысуна, глядзі во, нават Бар'ян любіць і слухае. А за імі дваімі — табун ніякім сабакам не завернеш да рэчкі.

А тут якраз сабакі няма. Прапаў з учарашняга, не прыйшоў нанач. Другія суткі вось ужо мінула, а той ні гаўкне. Не дай бог, які ваўкарэзіна заткнуў ім сабе горла. До-о-брае псё было... Ні з якога следа не збівалася...

— Гэ-гэй!.. Буланая скура!.. — шныраць у вячэрняй смузе зыркія вочы і круціцца з боку на бок насцярожаная галава.

Гэта зноў Буланы звярнуў на Крайскі бок. Там жа віры, усё адно коней не напоіш. Стромкія берагі. Але хай пагарцуюць. А тады трэба падвярнуць да броду.

Тыдзень ужо, як лягла санная дарога. Тыдзень ужо, як Піня не мог упарадкаваць як след коней, а калясіў па паляўнічай сцежцы Крайскім бокам.

Тады, калі ён угледзеў след, яму здалося, што тут гарцаваў Буланы. Але такая думка толькі мільганулася і дала месца другой: бык сноўдаўся. І толькі тады, калі Піня прайшоў за канавы і на каленьках абмацаў след, яму цюкнула: рагаты кабан, лось...

З гэтага і пачаўся пакутлівы і потны для Піні тыдзень. Чыкіляў ён у лёгкіх кірзавых ботах па балоце, насіўся за Вірам па пушчы, а начамі варочаўся ад бяссонніцы.

І ні разу Піня не ўгледзеў той карычневай спіны, якая цяпер не дае спакою. Толькі бачыў сляды.

І вось пазаўчора вечарам адбылося ўсё нечакана-негадана. Лось прыйшоў да крыніцы, пад Выселцы. Прыйшоў вечарам, у вадапойны Пінеў час. Прыйшоў і піў, не зважаючы на рысакоў. Малады, шыракагруды, з разгатымі рагамі.

Можна было падумаць, што не Піня знайшоў лася, а лось Піню. Прыйшоў, каб пасмяяцца з нягеглага паляўнічага.

Піня не адразу стрэліў. Спачатку ён, разгубіўшыся, пашкадаваў, што забыўся стрэльбы, хоць яна і вісела ў яго на плячы, як і ўвесь тыдзень...

Перад ім стаяў лось, ахутаны цемнатой, але не схаваны ад воч. Стаяў, прыпаўшы на пярэднія ногі. Смактаў ваду, доўга і прагна, нібы суткі пажыўшы на салёным сіласе, толькі краталіся рогі: уніз-уверх, уніз-уверх. Быццам іх паклалі на вагі і ўзважвалі.

Прыклад таркануў Піню ў плячо, зазвінела ўвушшу. Стрэлу ён не пачуў. Толькі нешта скрабанула заціхлую на зіму пушчу і гэйкнула глухім рэхам далёка ззаду, недзе за Выселцамі.

Рогі падскочылі і аселі, нібы схаваліся ў крыніцы. Паказаліся зноў і зніклі. Пасля вытыркнуліся яшчэ. Лось як прыпаў на пярэднія ногі, так ужо больш і не мог узняцца. Затупаў заднімі нагамі і стаў выцягваць перад з канавы, нібы машына, якая, не зведаўшы пераезду, усунулася ў роў і цяпер карабкалася назад. Яму ўдалося выцягнуцца наверх, і ён, перабіраючы заднімі нагамі, так і валокся задам у заснежаны алешнік. Невядома, магла б яшчэ жывёла застацца жывою ці не, але яна ратавалася, і Піню прыйшлося меціць у рухомы цёмны сілуэт яшчэ раз...

Коні падыбалі да рэчкі, вось ужо і назад яны трамбуюць снег, а Піня думае пра адно. Хутчэй бы праляцеў час, вось каб заўтра ўжо вясна пачалася, да вясны напэўна пра ўсё ўжо забудзецца. Але ж і цяпер ніхто пра гэта не ведае. Ён адзін, праўда, з сабакам, лупіў скуру, а пасля адзін прывалок у карах мяса і пасек яго ў дзяжу з-пад капусты, якую ўжо нельга было засмаліць увосень для шаткоўкі.

Ніхто не бачыў нават, як ён адганяў на ферму кары. На благі канец, толькі адзін вартаўнік. Дык калі што якое, таму можна будзе адшкадаваць паляндвічку, не стане плявузгаць па вёсцы. А калі суседзі і пачуюць пах з коміна, дык можна будзе сёння сёлетняга кабанчыка прыціснуць. Карысці з тае здыхляціны не будзе, затое квіку наробіць на ўсю вёску. Вось і заткнуць тады рот людзі. А не — дык жа ён і паляўнічы: можа ж ён прыносіць і смажыць зайчаціну?

Але ўсё адно ныла душа, бы дзесь унутры адарвалася селязёнка. Ды хто ведае, можа, і пэнкнула яна, калі кары былі зачапіліся ў крыніцы за вывараць і прыйшлося іх падымаць на руках?.. Было сумна і страшна. Кашуля ад плячэй рабілася халоднай.

— Яно ўсё гэта, сум гэты, ад таго, што знік сабака. Але знойдзецца, воўча лыка... — цешыў сябе Піня ўжо на канюшні, скубучы аброслы падбародзіч.

Вартаўнік яшчэ не прыйшоў, і Піня, за ўсе тыя разы, агледзеў праварыны, пазакладаў у зазубні калкі і, акуратна прычыніўшы дзверы, падыбаў дахаты.