Выселцы ў рэдкім мроку, які наступае вечарам з першымі снягамі, цьмяна паблісквалі аконнем. Недзе выў сабака аж у канцы вёскі. Але гэта быў не Пінеў, ён пазнаў.
Вецер узняўся пад дзень. Выў, свістаў у кастрыцы ў падаконніку, бразгаў крукам ля студні, брынчаў драніцаю ў сенцах. Вокны неахвотна пускалі раніцу ў хату на покут: замерзлі. Нават верхнія шыбіны не хацелі адтайваць ад хатняй цеплыні.
Вецер завярнуў з поўначы; браліся калядныя маразы. Закруціла сухая і калючая мяцеліца. Набівала сыпкага снегу пад стрэхі, пад дзверы, церушыла ў дзіравыя шыбы без падвойных акон.
Піню прабудзіла, мусіць, зара, якая пунсовым рогам пасцілкі зацягнула акно.
Ён прыпаў да шыбіны. Пахукаў. За акном віхрыла снегам. Неба было ў хмарах. Толькі за фермай яны прасвечваліся барвай; там у марозе ўзнімалася сонца.
Трэба было ісці да коней.
Сабака не скокнуў Піню на грудзі, калі ён пераступіў парог сенцаў і спыніўся на ганку.
«Згінула недзе ў пушчы, воўча мяса».
Двор замяло. Гурба была высокая, але жоўтая ад пяску, які дзерла разам са снегам.
Піня ўжо хацеў звярнуць на загуменне, як нейкія галасы насцярожылі яго і адштурхнулі да вушака. Ён і сам не ведаў, што яго цягнула хавацца з воч.
Галасы раслі, радзелі і зноў гусцелі. Іх растрасаў вецер. Яны сцябалі Піню лазовым голлем па твары, білі аброццю з жалезнымі здаровымі цуглямі па галаве, штурхалі ў грудзі прыкладам дубальтоўкі... Мутнела ў галаве.
— Піня лася забіў!.. Піня лася забіў!..
Не, гэта не мяцеліца, а віхор галасоў нёсся вуліцай.
Піня яшчэ шчыльней прырос да вушака, але вуліца была ўся перад ім, і вецер нёс насустрач яму не толькі словы, але і гурбу дзетвары.
Размахваючы партфелямі і дубцамі, яна імчала ад маста ўздоўж вуліцы — вярнулася са школы — і крычала на чым свет стаіць:
— Піня лася забіў!..
Нарэшце ён убачыў і нешта неверагоднае.
Спераду ў дзяцей бег, здавалася, аж прыпадаючы да зямлі, ягоны сабака і валок доўгую бурую скуру лася, якую Піня тады, мокрую ад крыві і снегу, цяжкую, ледзь узвалок на не такую ўжо і нізкую елку.
Параўняўшыся са сваім дваром, сабака хацеў знайсці паратунак у гаспадара, але дзеці насядалі на яго, і ён, ведаючы, што з цяжкай скурай няёмка будзе знянацку шмыгнуць у двор, падаўся вуліцай недзе ў той канец Выселцаў.
А за ім стагнала вуліца:
— Піня ўгробіў лася!.. Піня ўгробіў лася!
Пра што думаў цяпер прыгорблены, невысокі чалавек ля вушака?
Відаць, пра тое, што сабака не заўсёды прыяцель чалавеку.
1959
Агні
У лютым сорак шостага года інжынеру Ратушняку трэба было ноччу выехаць на самы далёкі ўчастак Мсціжаўскага леспрамгаса. Ратушняк ведаў, што гэта аж у Выгары — невялічкую вёсачку, якая чуць тоўпілася на пасецы пасярод лесу — яловага, сырога нават зімой у марозы і цёмнага. Там, за Выгарамі, у Ліпніках — у пушчы, якой, здавалася, няма нідзе сканчонага і якая радзела толькі ўжо на балоце ля ракі Дзвінасы — за блізкім светам, — і днявалі і начавалі людзі аж з усяго раёна: рэзаць і вывозіць лес давялі і калгаснікам — па дварах. Туды перакінулі і ўсю аўтакалону газагенаў, — іх яшчэ да вайны шафёры сталі зваць «чургенамі» і «чугрэямі», якія на такім марозе, што паціснуў цяпер, у лютым, як гаварыў Петражыцкі, «прастывалі і кашлялі». У радыятарах, як толькі глух матор, на сіверы замярзала вада, і тады трэба было мачыць у мазут анучу і, падпаліўшы яе, класці пад капот. Разагрэць і завесці адразу машыну на марозе ніхто не мог, нават Петражыцкі стаяў. А на ім жа самім вада ніколі не магла ўстояць, і ганяў ён раней свой ЗІС на бензіне — адзін у мсціжаўскай калоне, калі Рэва стаў на капіталку, — як мячык дзе па дзядзінцы, аж пакуль не адарваў пярэдні мост на пнях: «раздзёр машыну». ЗІС на бензіне ў яго адабралі, прыпомніўшы ўсё, і аддалі самаму старому ў аўтакалоне шафёру Рэву, а самога Петражыцкага перасадзілі на Рэваў «чугрэй». Казалі, Петражыцкі аж зубамі скрыгатаў, але не падаў на людзях віду, што «за душу кошкі скрабуць», што душу «салідолам выпацкалі», і ўжо на трэці дзень дагнаў па кубатуры старога Рэву, якому саступіў ЗІС на бензіне.
Саступіў. Сам Сямён Калінавіч прывёў Петражыцкага з канторы з начальнікам аўтакалоны і пасадзіў у кабіну да «старога жураўля», «чаплі». У Рэвы, смяяліся, аж губа адвісла, калі пачуў, што «даюць» ЗІС на бензіне. Прайшоў ужо добры месяц, як ён паставіў свой «на капіталку» і «соп на чурках». А Петражыцкі праз двое сутак дагнаў «чаплю» і пакінуў ззаду... Даў дзве нормы на «чугрэі». Сам памагаў грузчыкам ля шліхты ў дзялянцы, сам разгружаў на беразе ля Дзвінасы прычэп. Без палудня, шапку згубіў — памарозіў вушы, — з ног валіўся, а — даў. Тады, калі тут адну норму «чугрэі» ніяк не бралі, толькі ЗІС на бензіне цягнуў. А Петражыцкі даў дзве. «Паглядзіце... Даганіце, раз вы ўсе такія... І на чорта мне ваш ЗІС на бензіне...»