Прыехаўшы ноччу з берага, ён кінуў машыну на ўчастку, адвінціў фаркоп і панёс з сабой у вёску: едзьце. П'е цяпер у Выгарах, — з хат не вылазіць, дзе ёсць самагонка. Дзень і ноч. Сямёна Калінавіча за план без нажа рэжуць, а машына стаіць без фаркопа. Пазванілі ў раён — на базе пад рукамі фаркопа не было.
Так у аўтакалоне выбыў са строю шафёр, які на такім марозе, калі адны печы ў «чугрэі» трэба раздзімаць паўдня, аж дзве нормы даў. Даў і — з капытоў... Фаркоп знёс. Сабатаж... За гэта ж пад суд збірайся сам і ідзі. А што той суд... Петражыцкага не настрашыш...
Выходзіла, што ў выгарскай аўтакалоне і яшчэ адзін чалавек — пасля Рэвы — перацягнуў за норму, і на «чугрэі». Значыць, і на сырых чурках на марозе могуць даць «праклятую норму» ўсе, не адзін Петражыцкі. Так сказаў сёння дырэктар — Сямён Калінавіч. У раёне непераліўкі... Гарэла лесанарыхтоўка. У вобласць ішлі зводкі па форме № ... з «не тымі» працэнтамі. Дырэктару далі вымову, прыгразіўшы: здымуць з работы. Сёння, вярнуўшыся ў кантору, ён паклікаў у кабінет Ратушняка аднаго і сказаў:
— Паедзеш на прарыў. І пакуль усе газагены не выраўняеш на Петражыцкага, — дамоў і не думай... Не паказвай носа...
«Выраўняць на Петражыцкага» — значыла: знайсці таго, сукінага сына, п'янага, з фаркопам, выцягнуць за абмарожаныя вушы з-за печы, выгнаць з галавы хмель, пасадзіць у кабіну і даць у рукі руль: едзь, давай яшчэ дзве нормы, бо за гэта... а тады ўжо ісці гаварыць з шафярнёй...
— Выраўняць?.. На Петражыцкага? Адмарожу нос, не будзе чаго і паказваць. — Ён, Ратушняк, тады ўсміхаўся, гледзячы, як Сямён Калінавіч, шырокі і нізкі, бегае з вугла ў вугал, выціраючы скамечанай у далоні чырвонай хустачкай круглую лысую галаву. З-за плячэй у яго ішла пара: у канторы былі вялікія вокны. Пасля Ратушняк заўважыў, што пара ідзе і ад лысай галавы Сямёна Калінавіча і ў яго, Ратушняка, з рота, калі ён гаворыць.
Сямён Калінавіч як ішоў ад грубкі да вялікага, ад падлогі аж да столі, замерзлага акна, так і застыў на рог стала пасярод кабінета, бы хто тузануў яго, Сямёна Калінавіча, за падол кароткага, да калена, кажуха:
— Не адмарозіш у Выгарах у лесе — адмарозіш у другім месцы. Не думай...
Ратушняк не ведаў, калі давядзецца вярнуцца з Выгараў...
Мароз даняў знянацку, яшчэ на гарушцы, за мастом, перад лесам, — праехаў, можа, толькі вярсты з чатыры, паганяючы каня: трушком. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі, — яно рабілася шорсткае, як яловая карына. Тады здалося, што за плечы насыпалі настылага сухога жарсцвяку-каменьчыкаў, — таго, якім пасыпаюць па лёдзе дарогу, каб машыны з дрэвам маглі ўз'ехаць на гару, калі каторыя шафёры не маюць ланцугоў акруціцца па колах — падперазацца.
Ратушняк пачуў, што мерзне. Саскочыў і бег у кажусе за санкамі-вазком, пакуль не задыхаўся, змарыўшыся, і не аб'інеў.
Калі конь пайшоў паціху, Ратушняк, аблажыўшы на плечы вялікі, белы ад інею каўнер, пачуў, як цяжка зарыпелі сані без седака па настылым грудаватым снезе — на ўвесь лес.
Нанач яшчэ больш паціснуў мароз.
Сцямнела яму ўжо ў лесе — стала адразу шэра, аж замітусілася ўваччу. Цёмная, слізкая смуга павісла і вісела над дарогай, не дастаючы снегу. У небе выразаўся маладзік — вузкі зжаты серп, — наліўся агнём і ярка блішчаў злева ўгары, над самым лесам, аж балелі ад яго вочы. Ля маладзіка скакала маленькая зорка, востранькая, як іголачка, а воддаль стаяў вялікі — даставаў аж да самай зямлі, — шырокі ў дзве паласы — жоўтую і сінюю — круг: на вецер.
Лес за абочынамі быў цёмны, а ўперадзе, воддаль ад дарогі — дарога паварочвала ўправа — чорны, як сажа. Аб'інеў конь — спачатку пабялела грыва, пасля ён збялеў увесь, бы хто ўзяў ускінуў яму на спіну абрус. Было відаць, як абраслі інеем аглобні, загнутыя спераду палазы ў вазку і сена, што збітае ляжала ў перадку, забялелася, стала, як вата. Конь дыхаў парай, — шырокая белая паласа паўзла з-пад аглабень аж на абочыну, слалася на снег. З дарогі цягнула настылай вільгаццю; аднекуль пахла сырым дрэвам — сасной — і распаранай кастрыцай, як з лазні, дзе сушаць перад мяццём лён.
Ратушняк сядзеў цяпер у вазку, уціснуўшыся ў куток у разгоенае сена, і, намораны, дыхаў з сябе, не могучы адсапнуцца. Сорак пяць гадоў, прастрэленыя наскрозь лёгкія: уцякаў, папаўшыся ў пачатку вайны ў палон.