Выбрать главу

Шафёры маўчалі. Закурылі. Разгружаць машыну не было як: дарога вузкая, з абодвух бакоў блізка сосны, — куды скінеш. Назад да мастка — на пасеку — Петражыцкага не падцягнеш: ззаду аж шэсць прычэпаў. Трэба адагнаць кожны за паварот...

Шафёры хадзілі наўкол прычэпа, стукаючы ботамі па колах:

— Барахло. Трэснуць...

— Сапхнулі аднекуль з плеч...

— Аблыселі. Рыззё тырчыць...

— Дуб... Што волава...

— Інжынер ззаду. Уважайся...

— Хай сам паглядзіць. Начальства...

— Во-во... Ім толькі грузі ды грузі.

— А што ён — прыйдзе падапхне? У цябе сваё, у яго — сваё. Ён над табой інжынер.

— Перакур, хлопцы... — Петражыцкі выскачыў з кабіны, патаптаўся па сырой зямлі, як па цесце, аціх і палез у кішэні.

Змоўклі і шафёры.

Петражыцкі закурыў, абапёрся на адчыненыя дзверцы і глядзеў уверх — у неба. Доўга, не адрываючы вачэй. Забыўшыся, можа, што ён шафёр і што стаіць, угразшы на грэблі: ні ўзад ні ўперад. Тады ўгару сталі глядзець усе шафёры:

— Што ён там апароў?

— Хай думае, што рабіць будзе...

Угары краталіся ад ветру старыя сосны, высокія, аж у неба, што раслі на Яськавым балоце недзе яшчэ ад прыгону. Неба было ў белых рэдкіх палосах, як у нітках пражы. Сонца іх выбеліла, высушыла, і яны, белыя, што снег, аж пераліваліся ў вачах.

Пасля ўсе ўгледзелі, як над соснамі ў белым небе кратаецца чорная палоска, усё роўна што кавалак кары гнала ветрам. Апускала ўніз, да зямлі, на лес; пасля падымала ўгару яшчэ вышэй, і яна бялела на сонцы і хавалася з воч.

— Каршу-ун... — Петражыцкі свіснуў і паклаў зашмальцаваную кепку на лоб, каб не звалілася з патыліцы на зямлю — галаву ж задзёр, — тады вылаяўся і плюнуў: — Прыляпі-і-ліся. Жаруць усё жывое на Яськавым балоце і тады ў цёпленькім небе плаваюць. Купаюцца... А тут у гразі боўтайся. Усе яны такія...

Петражыцкі, відаць, пра некага думаў.

Шафёры больш нічога не бачылі. Ён тады паказаў сваёй голай і валасатай, з закасаным па локаць рукавом, рукой на старую елку ля дарогі. Елка была высокая, вышэй за сосны, — старая, абгарэлая з камля, чорная, у пісягах жоўтай смалы. На самым версе на ёй тырчаў, росшы аднекуль збоку, востры, з маленькімі лапкамі сук. Там, адкуль ён рос, прыліпла да елкі гняздо, круглае і шэрае, як стары, выцвілы пад застрэшкам на дажджы і сонцы каранёвы кошык.

— Каршуны... Сям'я. Цэлая кантора леспрамгасаўская... — Петражыцкі, заклаўшы рукі за спіну, круціў галавой.

— Ну і вочы... Угледзіць жа. Аж дзе...

— Прыляпіўся, ты скажы. Ніколі б не паверыў. Што Сямён Калінавіч да свайго крэсла.

— Чысцяць гнёзды...

— Малыя, мусіць, ёсць. А бацька ўгары, назіркам... Зверху яно, брат, усё відаць. Што мы і хто мы. Таму нам, можа, і не даюць ЗІСоў на бензіне. Мудрыя птушкі наверсе.

— Не даюць ЗІСоў, бо няма...

— Што мы за шафёры? Ад нас нават бензінам не пахне...

Ля елкі на дарозе прытапталі ў мох і пясок кепку, што зляцела з галавы ў Петражыцкага; пасля адкінулі яе пад прычэп пад калёсы.

Ад ветру ўгары краталіся лапкі і патрэсквалі сухія сучкі, як на агні. Адтуль сыпалася труха, не даючы глядзець, задраўшы галаву; адрываўся і падаў на зямлю зялёны, доўгі і дробны мох, як сторжка ад нявымачанай пянькі.

Яны тады адышліся далей на дарогу, да самага прычэпа, і глядзелі ўверх.

— Во каму суха...

— Хто наверсе сядзіць, таму ўсягды суха.

— Ён плана табе не дасць, не задзірай галавы...

— План... План... У мяне радзікуліт.

— Знайшоў чым хваліцца. Грузчыкам не хочаш памагаць, знаю.

— Патрасе па калдобах — і ты схопіш. Не заракайся...

— Рэва скора вернецца, чаго мы стаім? Не размінёмся...

— А па мне... Машына хай адсапнецца. Рванеш — тады што? У грузчыкі ісці? Машын больш няма.

— Трэба нешта думаць. Пад дубам пакрышкі скора пачнуць страляць.

— Чорт з імі. Навейшыя дадуць. А то грузі і — бойся...

— У каго гэта матор не выключаны? Шум...

Пабеглі выключаць матор — былі пакінулі не выключаны: забыўся нехта ззаду.

Стала ціха. Стоячы на дарозе, яны цяпер глядзелі адно ўгару. Кідалі курыць і тушылі нагамі ў пяску акуркі.

— Хлопцы, што мы робім? План сарвём. Трэба нешта думаць.

— Хай начальства думае...

— Што ты ўсё на начальства? Інжынер чуе...

— Што інжынер? Яму чуркі мяшаць не трэба...

Калі ён, Ратушняк, падышоў да іх, усе змоўклі. Стаялі і глядзелі хто ўгару, на елку; хто ў зямлю; хто пад колы, пад прычэп. У вочы яму ніхто не глянуў. Пасля ад грамады адлучыўся Петражыцкі. Выплюнуў акурак з зубоў, скочыў здалёку на падножку і схаваўся ў кабінку. Махнуў дзверцамі, але не зачыніў, пакінуў насцеж.