— А вашы, сын? Паехалі, мусіць, калі прыбег... Толькі мы адны і хворыя і апушчоныя... — маці стаяла на нагах.
— Нашых ужо чорт не возьме. Калёсы грымелі на загуменні, аж немцы папужаліся і — назад, за раку... Як мышы — тыц, тыц у кусты... Сам відзіў.
— Не трэба так, сын... У вашай жа маці малыя...
— І малыя і старыя далі драйлозы... Дагонім. Не плач, матка... — Ён вёў кабылу на павадку далёка ад сябе, баючыся, каб яна не наступіла на босыя ногі, тая грызла цуглі, секучы падковамі зямлю ля ганка. І зноў Таня падумала, што Юзюк як мужчына. Падумала яшчэ, што ён усё лета босы, а вялікі ўжо; што і на вечарынкі прыходзіў босы — абуць, відаць, не было чаго добрага, а лапці не хацеў насіць.
Кабыла рвалася з аглабень, і Таня ўчапілася ў дзве рукі за аброць ля цугляў. Юзюк, задраўшы нагу і ўпёршыся ступнёй у белыя клешчы ад хамута, што меў сілы цягнуў за супонь. Шырокая чорная супонь з сырамцу — ад яе яшчэ пахла — уядалася яму ў пальцы: яны аж пасінелі. З-пад босай ступні ў яго церусіўся на траву пясок.
— Таня...
— Га?
— Дзе матка?
— У хаце. Па хатуль пайшла. Пакуль вынесе, нямогучы...
— Таня...
Яна маўчала, учапіўшыся рукамі за аброць: кабыла аж са скуры лезла.
— Таня... На Палік пайдзём... Супонь чортава... Сырызна... Не сцягнеш... Таня...
Яна маўчала. Не думала, што ён скажа такое.
— Дугу яшчэ знайшлі!.. — ён ужо аж кіпеў. У яго пачырванелі і рукі і твар: наліліся крывёю. — Таня! Я сумысля... Па цябе... На Палік усе ідуць. Немцы прыйдуць — нойдуць і Карчаваткі... Таня! — Ён быў памаўчаў. — Мы з табой будзем, удваіх... Не бойся... Маці пакінем з нашымі... Старых не зачэпяць...
З Сушкава немцы стралялі не сціхаючы, і ён аж крычаў на ўвесь гарод, не могучы засупоніць хамут. Яна маўчала; чула толькі, як гараць шчокі, бы хто надаваў па іх, і думала:
«Што ж гэта... Што ён гаворыць? Кінуць матку?»
— Таня... З Карчаватак тады пойдзем... калі хочаш... Яшчэ дагонім усіх. А матка будзе з нашымі, я ж кажу...
— Наліха яно мне куды ісці... — Таня і сама не ведала, як у яе гэта зляцела з языка.
Ён быў сціх, паглядзеў на яе спадылба вялікімі вачыма і закрычаў пасля зноў, паказваючы рукой за раку на могілкі:
— Чуеш?
Таню адпусціла злосць. Захацелася плакаць.
— Дацямна яшчэ будзем аж за Дзвінасой... Таня...
Пасля ёй ужо здавалася, што Юзюк нічога не гаворыць, толькі кліча: Таня... Таня... Ніхто такім голасам яе ніколі не зваў...
Сціхла раптам у Сушкаве страляніна; было яшчэ чуваць, як па лесе ідуць адгалоскі. Біла нагамі кабыла, соп, змарыўшыся, Юзюк. Пасля, адвярнуўшыся ад хамута, ён каторы ўжо раз як шапнуў усё роўна:
— Таня...
Яна больш не падымала на яго вачэй: баялася.
Ён маўчаў, стоячы ля аглабні пад самай паветкай, і не кратаўся, мусіць, глядзеў на яе, Таню, спадылба.
У вёсцы было ціха. За ракой, дзе нядаўна стралялі, кігікала, як шалёная, кнігаўка, і за гумном, у сасонніку, ляскаталі па карэнні калёсы.
Біла аб зямлю падковамі кабыла, дастаючы наверх белую, маленькую, што боб, маладую бульбу. Калі ёй адпусцілі павады, сціхла і павярнулася пад паветку да сена, падцялежыўшы калёсы.
Далёка ў лесе зарыкала скаціна, і зноў стала ціха. Пасля за грэбляй, у тым баку, дзе могілкі, нешта заныла, як пад зямлёй. Заныла і сціхла. Тады зазвінела, што пчала, і раптам, ужо над самай грэбляй ля маста, загудзела на ўсю вёску.
Таня ўгледзела «раму», калі тая была над Панковай хатай. «Рама» ляцела нізка, дастаючы да стрэх, як і ўчора надвечар. Праляцела над самай вуліцай і, скрывіўшыся, заварочвалася ля лесу над ямамі, дзе хавалі на зіму бульбу і дзе ўсходам сонца, калі Янук гнаў у поле скаціну, хадзілі з рыдлёўкамі партызаны — капалі акопы. Назад ляцела зноў над вуліцай, яшчэ ніжэй. Чорная і дзіравая, як старая засланка ад печы, яна махала крыллямі. У канцы вёскі адразу схавалася з вачэй, звалілася некуды, як падбіты груган, за лес і там доўга ныла, не сціхаючы.
Тады ў тым баку, далёка, мусіць, аж у самым Камене за ракой, глуха бухнула, як што цяжкое дзе боўтнула ў ваду; пасля прашумела над загуменнем, як бусел ляцеў на сасну, што стаяла на бульбянішчы ля лесу, і грымнула на самых ямах. У хаце, было чуваць, дробненька зазвінелі вокны.
— Та-аня!.. — закрычаў Юзюк, і яна адскочыла ад калёс. Рванула ў аглобнях кабыла, Юзюк, ухапіўшыся за лейцы, падвярнуў яе пад паветку, зусім падцялежыўшы калёсы: — Матку бяжы бяры! Матку!..
Калі Таня перавалілася ў хату цераз парог — ударыла, што перуном, мусіць, ля варыўні на бульбе. Здалося, у сцяну ад Панковага двара. Задрыжалі вокны. Са столі аднекуль на падлогу пасыпаўся пясок.