— Вось што. Не хочаце адгружацца, ад'язджайце назад. Да мастка дарогу занялі...
— Адступаць? — Петражыцкі закрычаў, і ён, Ратушняк, падумаў: «Крычыць... А чаму маўчаць усе шафёры? Слухаюць, зубы скаляць і маўчаць. Хочуць, мусіць, каб ён гаварыў: «смялейшы».
— І які чорт пагнаў нас сюды? — крычаў Петражыцкі. — У балота, у гразь... Гоняць, давай, Петражыцкі, нагружай... Давай, Петражыцкі, адгружай... Давай, Петражыцкі... А гэтаму Петражыцкаму і даваць ужо няма чым... Не гараць чуркі... — Ён пацішэў, тады спытаўся пошаптам, гледзячы ў вочы: — Дакуль вы нас ганяць будзеце? Муштраваць?..
Ніхто не хацеў ні адгружацца, ні ехаць назад: схадзі, выкіруй. Выцягні яшчэ з ямы Петражыцкага... Некаму ж трэба будзе цягнуць яго з ямы, зачапіўшы...
Стаялі. Курылі. Зноў крычаў сваё Петражыцкі, пасля яны ўсе насядалі на яго, Ратушняка: давай ЗІСы... Тады пайшлі за ім да задніх машын: можа, дзе заднія з'едуць набок, да мастка далёка. А Петражыцкага адгрузяць і пусцяць цераз грэблю. Праскочыць да Баброва, пакуль вернецца Рэва. А не праскочыць — чаго ж тады гнаць у гразь усе машыны...
Петражыцкі нікуды ад машыны не крануўся:
— Хочаце рабіць план — цягніце самі. Ці ўзад, ці ўперад. А я свой план ужо не зраблю. Інжынер сказаў...
Ужо ідучы, яны пачулі, што спазніліся: ехаў Рэва. Было чуваць, як далёка ззаду, недзе пад Бабровам, бразгаў ланцуг... Яны сталі кучкай на павароце і намерыліся вярнуцца назад: папросяць, Рэва падчэпіць Петражыцкага. Убачылі былі, як Петражыцкі выйшаў уперад на дарогу і, схаваўшы рукі ў кішэні, чакаў.
Рэва, пад'ехаўшы, стаў, адкінуў адразу двое дзверцаў; пасля зноў крануўся і ехаў, памалу, ледзь каціўся, на Петражыцкага. Той адыходзіў задам да сваёй машыны.
— Ты што? — саступіў ён пасля Рэву з дарогі, і машыны цяпер стаялі адна ля адной: лоб у лоб.
— А ты што? — пачулася з кабіны. Рэвы яшчэ не было відаць.
— А тое, што ты, старая чапля, ссівеў, а на чалавека лезеш. Не відзіш, што селі? Мала ўсё...
— Знайшлі месца, селі. А мне-е...
— Угу-у... Хочаш дарогі, значыць. Сухенькай... Чысценькай... І каб замінішча не было. Акруціся, зачапі мяне... А там і другіх цераз грэблю да Баброва... А так рэйсаў на норму не палучыцца...
— Я не рвач!
— Значыць, я рвач? Ану скажы-ы... — Петражыцкі заводзіўся. — Ах ты, падкалоднік...
— Падкало-однік? — Рэва толькі цяпер высунуўся з кабіны. — Што-о?..
— А тое, што ў цябе за душой ні... Адна калода. А ў мяне ў душы душа ёсць... І я нікому не дам... пляваць...
— Гэта я плюю табе ў душу? Морда... Загарадзіў дарогу, і я яшчэ яму плюю. — Рэва раптам схаваўся ў кабінку, даў назад, ад'ехаў, тады пусціў машыну зноў на Петражыцкага. Пад'ехаў, зноў высунуўся з кабінкі: — Знай. Быў рвачом, рвачом і здохнеш. І сябе ў зямлю загоніш і машыну... З-за рубля загавееш... Наклаў...
Яны не пачулі, што сказаў Петражыцкі. Убачылі толькі, як ён скочыў з дарогі ў кабінку, спрытна, што кот, як адразу над яго «чугрэем» падняўся дым, густы і сіні. Зазвінеў зноў матор ад вялікай натугі.
Пасля яны яшчэ здалёку ўбачылі, як прычэп вылез з ямы і папоўз па дарозе. Яны тады пабеглі за ім...
Прычэп поўз і поўз, закрыўшы сабой і дарогу і Рэву з машынай. Яны чулі, што гудзе не выключаны матор у Рэвы, чулі, як стогне, не могучы, ад натугі «чугрэй», і не ведалі, што робіцца ўперадзе.
Калі ён, Ратушняк, падбег да прычэпа, убачыў, як стукнуліся лоб у лоб машыны, як «чугрэй», сунучы коламі гразь, пхнуў перад сабой Рэваў ЗІС. Сапхнуў набок з дарогі, падцялежыў і пхнуў далей, упёршыся ўжо не ў буфер, а ў падножку ля дзверцаў, — сагнуў яе і карабаціў кабінку...
Машыны гулі, дрыжалі і скрыпелі...
Ратушняк закрычаў, але крыку яго з дарогі Петражыцкі не пачуў. Тады ён, Ратушняк, ускочыў на падножку і схапіў яго за рукі...
Прычэпы ў той дзень цераз грэблю не пайшлі.
...Вечарам Сямён Калінавіч ужо ведаў пра ўсё.
Замялі...
Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Адзін на аднаго кідаюцца з машынамі. Тады, калі зводку па форме № ... хоць ты два разы на дзень перадавай: жыцця не даюць... Тады, калі ў дзялянцы сам інжынер быў... Вачыма лыпаў... І ў дзялянцы і на грэблі ля машын...
Зрабілі, каб усё было ціха.
Ціха было і ў калоне.
Толькі праз тыдзень вечарам на беразе Рэва пачуў, што ў кабіне пахне ворванню... Пайшлі «нюхаць» усе шафёры. З-пад сядзення выцягнулі тады дохлага ваўка — старога, як толькі там тоўпіўся. Рэва цэлы дзень вазіў яго ў кабіне: не знайшлося патрэбы злазіць пад сядзенне.
Пасля ўжо ў маразы, калі дрэва вазілі да Віліі, падняўшы адзін раз сядзенне, Рэва згледзеў снарад. Тоўсты і круглы, з тупым носам, як гарбуз, бывае, вырасце ўдоўж...