Ратушняк абыходзіў шліхту ля дарогі — спускаўся да прыёмшчыка Шылы, да агню. Калі ён ужо, быўшы сярод дарогі, угледзеў машыну, — перабег на другі бок. Машына на вялікай хуткасці ўся ныла і звінела — ад яе аж разлягаўся ціхі раніцай лес. Высунуўшыся з сосніку на пасецы, яна кацілася дарогай уніз — з гары да ракі на шліхты... Ён падумаў, што тут нешта не так па тым, як бразгалі на прычэпе ланцугі: стукалі аб зямлю, аб колы, аб дышаль. Каб сядзеў у кабіне чалавек, той бы гэта чуў.
Ён, Ратушняк, здагадаўся: машына коціцца да ракі адна... Яна нават не валюхалася з боку на бок, як тады, калі яе асцярожна выкіроўваюць на калдобах, а ішла па глыбокіх каляінах роўна, як па шнуры; падскоквала толькі на прычэпе бярвенне, высока ўгару, з грукатам і звонам: у каляінах былі ямы.
На Ратушняка падзьмула бензінам. Ля самых ног па сасновай кары на зямлі ўдарыў канцом ланцуг, белы, цяжкі, — цягнуў з сабою трэскі...
У кабіне чалавека не было, Ратушняк убачыў цяпер на свае вочы. Машына па выезджанай грудаватай каляі перлася адна на бераг — у раку. Ён пачуў, як закрычаў прыёмшчык Шыла. Убачыў тады, як падскочыў ля самага берага ўгару прычэп, — відаць, колы лучылі на пень, — і павярнуўся, падцялежыўшыся, бокам; як скацілася зверху з прычэпа бервяно і стукнула аб зямлю ля дарогі, як пасля праваліліся, бы куды ў яму, і машына і прычэп, знікшы адразу з воч. Закалыхалася ля ракі старая голая ніцая лаза — адны дубцы, і доўга яшчэ кацілася па беразе бервяно, пакуль не зачапілася ў кустах, задзёршы ўгару канец.
Калі ён падбег з Шылам да ракі, угледзеў, як па вадзе — рака пасля асенняй паводкі яшчэ не ўвайшла добра ў берагі — паплыло бярвенне, круцячыся і выраўніваючыся адно за адным у шнур: на прычэпе, мусіць, парвала ланцугі.
Кабіны з ракі відаць не было, тырчаў толькі кавалак дышля ад прычэпа, што хвост з нары, аб яго плёскала чорная вада. На тым месцы, дзе, мусіць, была кабіна, круцілася белая пена, вір... Ён угледзеў пасля, як далёка ракой плыло бярвенне, хаваючыся з воч за паваротам. Шумеў у голай лазе, шэпчучы, траснік...
Закрычаў быў зноў, кульгаючы па беразе, прыёмшчык Шыла — паказваў рукой назад на гару, у соснік...
Чалавек спускаўся адтуль памалу, баючыся паслізнуцца, згінаўся і выпростваўся — ішоў, як па жэрдцы.
Ратушняк адразу пазнаў Петражыцкага. Калі той спусціўся з гары і ішоў, выцягнуўшы шыю, як гусак, — намагаўся глянуць здалёку ў раку, Ратушняк угледзеў, што ў руках у таго лом. Вялікі, доўгі, якія вазілі з сабой шафёры за кабінамі, у скрынках з чуркамі.
Калі Петражыцкі, падышоўшы да берага, спатыкнуўся, — згледзеў, відаць, як плыве па рацэ дрэва, — на яго зірнула сонца (узышло) — хуценька, жоўтай плямкай — і зноў схавалася ў хмары. Петражыцкі ўвесь, з ног да галавы, стаў быў барвовы, як ад агню; стаяў, трымаючы рукою лом пасярэдзіне.
Тады Ратушняку прыйшло ў галаву, як Петражыцкага хацелі застрэліць партызаны. Пра гэта сам Петражыцкі расказваў усім у калоне, кожнаму свежаму чалавеку, што заяўляўся да іх.
Калі іхнюю, дзе быў Петражыцкі, брыгаду — Ратушняк не помніць ужо якую, забыўся — прыціснулі ў блакаду ля Беразіны немцы, Петражыцкі згубіў у балоце патроны ад пэтээра — пяць штук. Камісар брыгады, вывеўшы партызан на буй да Беразіны, сам пагнаў перад сабой на вачах ва ўсіх расстрэльваць яго, Петражыцкага. Петражыцкі нёс у руках пэтээр — адно, што было пры ім...
Ратушняку здалося, што ён і тады вось так стаяў на беразе, маленькі, з доўгім цяжкім пэтээрам, як з ломам...
Петражыцкі астаўся жыць, бо разарвалася на беразе міна — немцы ўдарылі з мінамёта — і забіла камісара... Ён насіў пасля пэтээр без патронаў усю блакаду...
Хадзіў недзе, як з ломам цяпер...
Падышоўшы да берага, Петражыцкі плюнуў далёка ў раку, туды, дзе тырчаў з вады дышаль.
— Заглохла, зараза. На самай гары заняло... — Ён зняў кепку і выціраў ёю твар, мурзаючыся: — У мяне, інжынер, план. А яе — ні старцёрам, ні ручкай. Макам сеў. Я тады ломікам пад зад. Пад задняе кола... Пад прычэп... Думаеш, лёгка было сапхнуць? Успеў бы ўскочыць і ў кабіну, каб не паслізнуўся... Пад нагамі, што наплёвана... Хай выкупаецца... Ні чарта ёй не зробіцца... — Ён плюнуў яшчэ раз у раку, кінуўшы далёка ад сябе на бераг лом. Лом пакаціўся назад і, зачапіўшыся за пень, лёг яму пад ногі. — Падвяла... Зрэзаўся. Ушчэнт...
Тады Петражыцкі зрэзаўся: прычэп стаяў цэлы тыдзень пасля, як вытарабанілі яго з ракі. Петражыцкага не каралі. Заступіўся Сямён Калінавіч. Сам. Начальства пусціла ўсё міма вушэй. Шафярня толькі рагатала...