Выбрать главу

Конь стаяў, павярнуўшыся аж бокам ад ветру, стрыножыўся і дрыжаў. Ногі ў яго схаваліся ў снезе за калені, бы праваліліся куды ў зямлю, і ён іх не мог выбавіць.

Ратушняк ступіў да каня, пагладзіў ля падсядзёлка голай рукой, намацаў мокрую спіну з намёрзлымі друзалкамі на поўсці. Спіна была халодная як лёд, — конь мерз.

Ратушняк зайшоў тады, дзержачыся за аглабню — баяўся, каб не збіў вецер, — каню наперад і намацаў рукой цуглі. Пачуўшы цёплую руку ля пашчэнкаў, конь зарзаў, ціхенька і цяжка, як уздыхнуў.

Ратушняку стала не па сабе...

Ён узяўся рукой за аброць і, падаўшыся сам наперад, тузануў каня. Конь захроп і адсеў узад, налёгшы на перадок у вазку.

Тады яго, Ратушняка, узяла злосць. Успомніўшы, што ў руках змотаныя лейцы, ён адышоўся назад і пачаў біць імі каня па спіне ля падсядзёлка. Конь таргануў хамут, але ўперад усё роўна не пайшоў — вярнуў убок. Затрашчалі аглобні...

Калі супакоіўся, яму здалося, што аднекуль запахла дымам. Дымам ад бярозавых дроў з печы...

Ён пацягнуў носам — дыму нідзе не было чуваць, ні блізка.

Зноў падумаў, што не ведае, куды кіраваць каня. Ісці шукаць цвёрдага тору ён не адважваўся: схавае з вачэй і каня і сані. Падумаў пасля, што конь стаіць пад вецер, не закруціўся, — адвярнуў, падагнуўшы, галаву, глядзіць уперад — у цёмнае поле. Дарога недзе там, і ехаць трэба туды, бо, стоячы, загібееш: не ведаеш, колькі трэба будзе стаяць, каб дачакацца раніцы, бо не захінешся ў лес, дзе не такі вецер і дзе можна раскласці агонь: сярнічкі ёсць і сена сухое ў вазку...

Ён не чуў ужо ног у валёнках: ногі не гнуліся; на руках, відаць, памарозіў пальцы: не чуў і іх. Ён тады пачаў церці пальцы снегам — яны не балелі — і думаў, што трэба як мага шукаць ратунку: вуглы.

Пацёршы пальцы — рука аб руку, ён, не надзяваючы рукавіц, сцёбаў і сцёбаў лейцамі каню па шыі, па спіне, па задніх нагах, каб не адсядаў на сані...

Пасля, зайшоўшы наперад, ухапіўся абедзвюма рукамі за цуглі. Конь выцягнуў галаву і, скочыўшы ўбок, уваліўся ў снег па жывот. Ішоў і цягнуў яго, Ратушняка, з сабой...

Калі конь стаў і зафорскаў, Ратушняк згледзеў на снезе пад нагамі ў яго чорныя плямы. Запахла тванню — свежай, як летам раніцай дзе на балоце ля рэчкі...

«Крыніца... — падумаў ён. — Конь баяўся...»

Тады пачуў, як стала холадна ў ногі — у калені. Здагадаўся, што набраў у валёнкі вады, што мокрыя шкарпэткі, — хоць і выкруціш іх цяпер, усё роўна мокрае прымерзне да нагі...

Скінуўшы з сябе кажух і шапку, ён сцягнуў з плячэй цесны пінжак і здзёр цераз галаву сарочку — чорную, цёплую. Разарваў спераду, дзе былі гузікі, тады, раскусіўшы зубамі ў падоле шво, разарваў яе на спіне: на дзве анучыны. Сеўшы на санкі — на кажух, — сцягнуў з нагі валёнак; перавярнуўшы, выграб рукой мокрую гразь з халяў — яна бралася на марозе ў камякі, — звалок жывасілам з нагі мокрую шкарпэтку і акруціў сухую анучу з сарочкі. Насунуўшы на нагу валёнак, пачуў, што торгае ў пальцы.

Другі валёнак не злазіў з нагі — набрак, — і Ратушняк, пакуль пераабуўся, пачуў, што астылі плечы. Накінуўшы кажух, зашпіліў яго на ўсе гузікі.

Тады яго пачало трэсці...

Паклаўшы мокрыя шкарпэткі ў перадок у сена, ён тузануў за лейцы. Конь не пайшоў. Зарзаў і не пайшоў.

Тады ён зноў забег наперад і ўзяў яго за цуглі. Конь, ідучы, правальваўся ў снег па калені і выцягваў наверх чорную гразь. Пад нагамі было балота, падапрэлае ад снегу.

Ратушняк чуў, як трашчаў лёд, калі на яго ступалі, і крышыўся, што сухая кара летам у лесе. Нанава нацякло вады ў валёнкі, — ногі зноў былі мокрыя...

Ісці стала цяжка, і ён спачатку ўчапіўся за аброць, тады ўзяўся рукой за аглобню.

Конь, пачуўшы, што аслаблі пад пашчэнкамі цуглі, стаў, і прыйшлося зноў забегчы яму наперад.

Снег цяпер сек проста па твары — было балюча і горача; вецер хлыстаў па доўгіх полах кажуха, адкідаў іх і прабіраў наскрозь ногі ў каленях — яны гарэлі, як ад агню. Уперадзе на балоце стала шэра: было відаць, калі ўгледзішся, як мітусіцца снег, пляйстрамі, бы хто павесіў сушыць на мароз бялізну і не паспеў зняць яе нанач. Вецер ныў ля вушэй, густа і глуха, аж шумела ў галаве. Здавалася, ад шуму галава падымалася ўгару, кружылася, і адтаго яго, Ратушняка, блажыла.

Ён не ведаў, ці многа вёў каня за цуглі: балота было без канца, пашырэла, пабялеўшы ад свежага снегу. Спатыкаўся і падаў на калені конь, дастаючы галавой да зямлі: балота стала правальвацца часцей.

Ён пачуў, як сцяліся, змерзшыся, у мокрых валёнках халявы і стукалі адна аб адну, калі ён ступаў. Зайшло ў ногі, здавалася, ён на снезе босы; тады ногі пачало сціскаць, як абцугамі...