Выбрать главу

Ён не ўтрываў, клікнуў:

— Гэ-э-эй!..

Крыкнуў глуха, як у яму; падумаў, што яго ніхто не мог пачуць: вецер скуголіў на ўсякія галасы.

Спудзіўся конь, скочыў убок і стаў на цвёрдае — не праваліўся. Стаяў цяпер вышэй яго, Ратушняка, збоку, і ён бачыў, як у каня калоцяцца ногі.

Ён падумаў, што конь узбіўся на дарогу; падышоў да саней, тузануў за лейцы. Конь смела ступіў уперад і праваліўся зноў у снег, — ляглі на зямлю аглобні. Таргануў разы са два хамут, хочучы ўстаць, але аглобні не далі. Лёгшы на бок, ён застагнаў...

Ратушняка падхапіла злосць.

Падскочыўшы бліжэй, ён пачаў біць каня лейцамі:

— Падла...

Пасля ён сціх: «конь не вінаваты», абышоў наўкола санак, сагнуўся адпусціць падпінак. Адсупоніў хамут, выняў з аглабень дугу. Конь ляжаў на снезе, не кратаўся.

Са злосці ён тады сунуў яму валёнкам пад хамут ля шыі. Конь доўга перабіраў нагамі, — ён, Ратушняк, чуць справіўся схінуцца, — пасля ўскочыў і стаў зноў на цвёрдае. Страсануўся і стаяў...

Ратушняк тады перацягнуў цераз чорную латочыну на снезе, дзе качаўся конь, санкі. Сам, — узяўшыся за аглобні. Не чуючы пальцаў, зноў пачаў запрагаць каня — засупоньваць і падпінаць.

Ехаць наперад ён цяпер не рашаўся з асцярогі.

Конь стаяў на цвёрдым, і яму, Ратушняку, зноў прыйшло ў галаву: недзе тут дарога. Зайшоўшы каню наперад, ён памалу пайшоў па цвёрдым, мацаючы нагамі. Ішоў, не праваліўся — адтаго ішоў усё далей і далей ад каня. Аглянуўшыся, згледзеў, як чарнее пляма на снезе — конь усё роўна што ляжаў. Падумаў, што каня не згубіць з воч, і ішоў усё далей па цвёрдым. Расшпіліў кажух і адкінуў каўнер. Конь быў яшчэ відаць, цьмяна расплываючыся на снезе. Ён падумаў тады, што трэба вярнуцца і ехаць па цвёрдым, бо не чуе ўжо ног пад сабой...

Тады яму здалося, што ён угледзеў агонь. Мігнула наперадзе, далёка на балоце, у тым баку, куды ён ішоў.

Забыўшыся на каня, ён пусціўся подбегам па цвёрдым... Агню нідзе не было відаць. Ён падумаў, што яму здалося. Стаяў і доўга глядзеў уперад, захінуўшыся рукамі ад ветру.

Далёка, недзе на краі свету, зноў бліснуў агонь. Адзін, другі... Бліснуў і пагас.

— Агні-і-і... — прашаптаў ён, пачуўшы, што горача і горка ў роце — перасмягла — і што хочацца піць. Сагнуўшыся, ён засіліў рукой снегу. Снег быў халодны, аж калола ў зубы...

Агню больш не было, — як ні ўглядаўся. Тады падумаў: ваўкі... Конь не ішоў, бо наперадзе ваўкі... Ён памацаў пад пахай, — сярнічкі ляжалі ў кішэні: шасталі.

Трэба было варочацца да каня.

Здалося, пагусцеў снег і цяпер сыпаўся без аддухі з ветрам: і на балота, і на кажух, і на твар...

Каня ён не бачыў; ішоў назад па сваіх слядах. Сляды былі знаць: снег ляжаў буграмі, там, дзе ступалі нядаўна ногі.

Калі ён ля саней азірнуўся, зноў бліснулі ў цемнаце агні — ужо недзе збоку, — як маленькія іскры ў попеле.

Прыйшло ў галаву, што гэта не ваўкі, бо вочы ў ваўкоў ніколі не блішчаць самі ў цемнаце...

Конь стаяў, напяўшыся і натапырыўшы ўперад вушы. Ля саней намяло па ляжэйкі.

Ён, ухапіўшыся за ляжэйку, абваліўся ў сані на снег і дастаў рукамі лейцы...

Не было чым дыхаць. Горача стала пад кажухом у плечы.

Конь не ішоў...

Калі ён зноў узяўся за цуглі, конь скочыў у аглобнях уперад і зноў праваліўся ў снег. На цвёрдым...

Ратушняк падумаў, што конь цяжэйшы за яго, што ён б'е вострымі падковамі лёд, што цяжка будзе ісці з ім па балоце і што трэба ўсё роўна ісці, бо без каня ён нікуды адзін не пойдзе...

Здавалася, трасецца на балоце цемната, густая і калючая; падымаецца ўгару, — калі ён ступае — і апускаецца на самы снег; кідаецца з боку ў бок разам з канём у аглобнях...

Пасыпала дробнымі крупмі — секла па кажусе, як гарохам; пасля пацішэў вецер і паваліў з неба яшчэ гусцейшы снег, клаўся на чорныя рукавы, што пер'е.

Яшчэ больш сцямнела, бы неба ссунулася на самую зямлю.

Ён не бачыў каня, чуў толькі цёплыя пашчэнкі, бо ў руцэ былі цуглі.

Конь па цвёрдым ступаў смялей; і аж рваўся з рук, калі правальваўся ў балота...

У густой цемнаце ён зноў угледзеў агні. Яны аказаліся, пасля рассыпаліся і зніклі. Ён падумаў, што агні могуць быць адкуль з вёскі.

Але вёска была немаведама дзе. Агні рассыпаліся, скакалі ў вачах, тады збіраліся і гарэлі ў адным месцы, як вугаль далёка ў печы. Калі ён прыплюшчваў вочы, ад агню разбягаліся маленькія вострыя іголкі, — у бакі. Ён падумаў, што свеціць аднекуль здалёку-здалёку...

Конь спыняўся, форскаў і адсядаў назад — яго нельга было скрануць з месца. Пасля ступаў хутка і цяжка — рваўся, як з возам...