Выбрать главу

Тады зноў стаў. Ратушняк тузаў за цуглі — яны бразгалі, стукаючы па пашчэнках знізу; цягнуў за грыву, схапіўшы яе між вушэй, — яна, мокрая, выслізгвалася з рук, рэжучы пальцы, што сухая трава сівец; сцёбаў лейцамі па шыі ля хамута, не чуючы рук, — мокрыя лейцы хлёсталі са стрэлам, аж рэха ішло недзе збоку. Пасля ён абышоў ля саней, успомніўшы, што пад сядзеннем на дне ў вазку ляжыць пуга, дастаў яе і стаў біць каня адразу і пугай і пугаўём па спіне, па крыжы, па нагах, — са злосці... Пачуў, што зусім змогся, — не можа махаць рукамі.

— Падла...

Ён адышоўся назад і сеў у вазок; займала дыхаць — адно толькі соп.

Сядзеў нават, калі пачуў, што па целе пабеглі мурашкі: ён зноў калеў. Падумаў, што ўперадзе зноў недзе крыніца і конь, чуючы яе, не хоча ісці. Пасля падумаў: чорт з ёй, з крыніцай, мінулі ўжо не адну, не ўтапіліся.

Ён зноў цягнуў каня за цуглі па белым полі-балоце, якое павузела цяпер, — як праехаць. Вёў на агні, што стаялі далёка на адным месцы. Думаў, пакуль не дойдзе, не кранецца рукой саней... Думаў, што можа не дайсці, бо агні — міраж. І агні і Выгары, якія немаведама дзе: ідзі, і яны будуць ісці наперадзе без сканчонага... Падумаў пасля, што яму было і цяжэй...

У вузкі зашыек на балоце гнала цяпер, здавалася, снег з усёй зямлі. Пад вецер было цяжка ісці, цяжка дыхаць, кратаць рукамі і перастаўляць ногі, — ён апіраўся на цуглі і на аглабню.

Калі конь узбіўся на цвёрдае, лягчэй стала ісці і яму, Ратушняку. Ён здагадаўся, што ідзе з гары, падумаў, што не бачыць жа, куды ідзе: усюды шэрая слепата — не глянеш уперад: сячэ ў вочы. З-пад рукі ён зноў убачыў, як мігаюць агні — яшчэ далей, як былі.

Зноў заныў вецер, густа і нудна... Ён падумаў, што недзе блізка лес і вецер ные ў кустах...

Калі цяпер стаў конь, ён пацягнуў яго з усёй сілы, узяўшыся абедзвюма рукамі за цуглі пад пашчэнкамі... Конь рваўся з рук, кідаўся ў бакі — аж трашчалі аглобні, — біў заднімі нагамі ў перадок у санкі, а ён усё цягнуў і цягнуў за цуглі.

Калі конь скочыў з месца, падняўшы яго за цуглі ад зямлі, ён пачуў, як затрашчала нешта цвёрдае пад нагамі ў каня — як дошка, — і ўбачыў, як конь ступіў на чорнае, што на разасланы кажух. Тады асеў у снег аж па грыву, цягнучы за сабой яго, Ратушняка...

Ён выпусціў з рук цуглі і пачуў, што яму стала холадна ўсяму — па самыя пахі, — што хлюпае вада і форскае конь, ломячы хамутом лёд: ідзе на той бераг...

Ён згледзеў, як яго аднесла ад каня, і пачуў, што не дастае нагамі дна. Вісіць, як дзе ўгары...

Чапляючыся рукамі за лёд, Ратушняк убачыў, як у чорнай вадзе, што хлынула на снег, заблішчалі і рассыпаліся агні...

Пачуў пасля, як трашчыць лёд і вецер свішча ў каня ў грыве...

Святло падала праз вузкія незавешаныя дзверы ў перагародцы і зверху цераз яе — перагародка не была аж да столі, — цьмянае, шэрае, як ад месяца. Ратушняк бачыў, як за перагародкай на рагу стала ля парога стаяў магазын ад лямпы — шырокая чорная бляшанка, — без шкелькі і без машынкі. Над ім калыхаўся шырокі і доўгі агонь: шырокі, відаць, быў кнот; ад агню ўверх паўзла чорная паласа дыму — краталася разам з агнём, — і ад яе па столі бегаў цень. Столь у тым месцы была закопчана — чарнела пляма, — магазын, недзе, стаяў кожны раз на адным месцы.

Ён чуў, як трашчала ўгары над ложкам столь, — мусіць, вецер кратаў страху, — як стукала ад ветру ў коміне не туга зачыненая юшка, як кратаюцца недзе ходзікі, — не мог толькі ўлавіць дзе: на сцяне ў галовах ці за перагародкай ля стала на дошках, дзе капцеў магазын.

Ён ляжаў на ложку ў самым кутку ў другой палавіне хаты. З-пад ложка з падлогі цягнула сырасцю, сцяна, абмазаная глеем і пабеленая, была халодная і вільготная, да яе не хацелася датыкацца голай рукой. У хаце была адна печ, далёка ў парозе, — грубкі не было.

Ён ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку, усё роўна было холадна — не лучаў зуб на зуб. Гарэлі агнём пяты на нагах, тады пачыналі балець; смылела, як ад прыску, скура на руках — пупышкі пальцаў.

Змяніцца не было ў што, і ён, лёгшы на ложак, зняў з сябе ніжняе і аддаў сушыць. Ляжаў цяпер пад пасцілкамі і не мог сагрэцца... Чуў, што мокрае цела, — не выціралася і не высыхала...

Думаў, што не памагае і чай на малінавым дуддзі, які ён піў, седзячы за сталом, дзе цяпер калыхаўся, копцячы столь, агонь ад магазына. Пачуў языком, што аблазіць у роце скура, — чай быў гарачы — вар, і ён сербануў, не астудзіўшы.

Заплюшчваліся самі вочы, і ён валіўся некуды ў яму... Тады свісцеў вецер у чорную конскую грыву, грыва адлятала ўбок, растрасалася на ўсё балота, сцёбала па твары, па санях, па зямлі — па снезе...

Пасля рабілася ціха...