Выбрать главу

Калі скрыпнулі былі дзверы, ён адплюшчыў вочы, убачыў цяпер, што вісіць, перакінуты цераз перагародку, рассцелены сушыцца, яго чорны кажух, — адтаў, з яго сцякала вада і капала: пок, пок...

Там, дзе вісеў кажух, у запечку за перагародкай нехта біў цвёрдымі нагамі аб падлогу і ёрзаўся... Пасля там замычэла цяля, — мякка і ценка, — зусім малое...

За акном, што было ў канцы ложка ў нагах, на двары раптам задугалі нагамі і нехта ўдарыў у сцяну... Заскрыпелі, расчыняючыся, вароты на вуліцу.

Ён аж падскочыў знянацку — ужо, мусіць, спаў. Нагнуўся, зірнуў у акно. Убачыў — на шыбах намерзла снегу. Святло ад магазына паласой падала якраз на падаконнік, дзе стаяла старое, адбітае з рагоў люстэрка. У люстэрку ён убачыў свой круглы белы твар, вочы, што сядзелі недзе глыбака і блішчалі, мусіць, ад агню; чорныя, раскіданыя па галаве і па белым ілбе валасы. Нос і бровы секліся ў люстэрку дзвюма чорнымі палоскамі — накрыж.

Пачуў пасля, як сыпле з двара па шыбах снегам... Пад пасцілкамі яму стала раптам горача ўсяму і пераціхлі, не балелі пальцы на руках. Пацямнела, мусіць, захінулі нечым дзверы ў перагародцы. Засвісцеў цененька недзе за сцяной вецер у конскую грыву і сціх...

— Цяля... Цяля... — загаманіла ў парозе жанчына, не дала звесці воч.

Ён не помніў, калі пачуў першы раз яе голас, тады здагадаўся: на лагу ля платоў, як вылез з ракі...

Убачыў ён яе ўжо ў хаце, пры агні. Убачыў і пазнаў, што лучыў у самыя Выгары... Пазнаў і яе, бо бачыў, бывала, на ферме, цераз якую ездзіў на ўчастак. Чуў, што яе звалі бабы Варкай, і запомніў.

Калі яна прывяла яго ў хату і падвяла да агню-магазына, які гарэў на краі стала, ён глядзеў на яе зблізку, у твар, не ведаючы, што сказаць. Ён помніў, што нічога ёй яшчэ не сказаў, ні слова; гаварыла толькі яна, і на лагу і на двары. Ён глядзеў усё ёй у твар, і калі яна пачала сцягваць з яго ў парозе мокры кажух, за рукавы.

Была яна ў адной старэнькай фуфайцы; пад яе схавала рагі вынашанай, вязанай з воўны сівой хусткі. Была высокая і тонкая, худая, з чорнымі валасамі — яны вылазілі з-пад хусткі, — з прамым носам і бліскучымі спераду — устаўленымі — зубамі. Вачэй яе ён не злавіў: яна ўвесь час сачыла за цялём — глядзела пад ногі на падлогу. Ён пачуў, што ў яе дужыя рукі, калі яна сцягвала з яго мокры кажух.

Яна была старая — і лоб, і шчокі ў маршчынах...

Ён пачуў цяпер, што спачатку яна гаварыла да некага адна, мусіць, да цяляці, — доўга, з ласкай, бразгаючы вядром. Ніхто ёй не аказваўся, — стала ціха; пасля зноў бразгала вядро і стукалі дзверы — намерзлі і не зачыняліся. Счакаўшы, яна ўжо загаварыла да некага новага, не да цяляці:

— Сядзі ўжо, калі прыгнала нялёгкая... Я цябе не чакала...

— На агонь, матка, прыйшоў. Сам. Знаю, што мяне не чакала. Ночы агонь далёка відаць...

Гаварыў мужчына, сіпаты, прастуджаны.

— На агонь і мухі ляцяць...

— Лепш ты, матка, памаўчы. А можа, мне пільна трэба... І я цябе знаю, і ты мяне... Калі ўжо я прыйшоў. Так што, матка, я не муха...

— Не скінь мне лямпу са стала. Локцем сапхнеш... У мяне работа ў руках...

— Не лямпа, матка, у цябе, а смаркач...

— Смарка-ач... Асвяціцца няма чым. А ты мне і яго... Карасіна кончылася... Выцадзіла астатнюю...

— Усёй той бяды... Прывязу, матка, карасіны... Прывязу. Сказаў — прывязу. І калі я ўжо зайшоў, дай, матка... памагу...

— Адыдзіся... Разліеш малако. Сядзі ўжо. Не хачу тваёй помачы.

— Тады, матка, скажы, чые сляды ад санак на двары... Што, цяля з фермы прывозілі?

— Цяля прывозілі, цяля...

За перагародкай памаўчалі.

— Цяля-я... Я табе дам, матка, цяля... На сабе цягнула па снезе. Віджу, не засланіла мне яшчэ, хоць я... Віджу... На плячах фуфайка мокрая. Не высахла... Цяля ляжала мокрае на плячах. Цёпленькае, з-пад каровы толькі выкацілася... Віш, вушы тырчаць. Бык будзе... Ты яго, матка, так адразу і па пальцах ссаць вучыш?.. І яно ссе?.. І пальцы не адкусіць?.. Такое можа і адкусіць... І як ты яго дацягнула па такім снезе з фермы адна? І пасцілку яшчэ акруціла, каб не голае вынесці на мароз... Пасцілка, вун, ляжыць мокрая на лаўцы ля печы... — Мужчына быў памаўчаў. — Па такім марозе цягнула ты яго, матка, каб яно там чорту ў кароўніку душу не... каб яно ў кароўніку не... душой не загавела... Так пячэ, матка... У мяне, вун, вушы смыляць. Агнём. А я... Можа, матка, яно ў вас троху... Ну хачу, матка, панімаеш, папытацца... Ну... вушы адцёрці... Х-хе...

За перагародкай зноў маўчалі, бразгала толькі перавясла на вядры.

— А я думала, што ты ўжо саўсім п'яны, ажно вочы яшчэ ўсё відзяць...

— Пі, а розуму не прапівай. Я, матка, відушчы...

— Відушчы, відушчы.

— А хто тады ў санках у цябе па двары катаўся, калі ты сама цяля несла? Ты мне, матка, не мудры.