Выбрать главу

— Адчапіся. Ніхто не катаўся. Ат...

— А сляды ад палазоў? Ля самага асверу акручваўся нехта на двары ў санках нядаўна...

— Уваччу ў цябе і сляды і палазы.

— Ма-тка-а... У хлеве недзе і конь і санкі.

— Схадзі паглядзі. Дзвярмі толькі не бразгай.

— Хаваеш некага ад мяне, матка... — Мужчына зноў памаўчаў. — Хаця каго ты будзеш ад мяне хаваць? А сляды... знаю, матка. Начальства, матка, прыязджала на двор да цябе. Начальства. На двор. Да самага ганка. Што глядзіш? Начальства, матка, яно ўсё такое. Аднаго заводу... На машыне да цябе прыедзе, паглядзіць, як ты на сваіх плячах цяля мокрае па снезе і па марозе валачэш... Начальства тако-о-е. Паглядзіць яшчэ, ці так ты на плечы цяля закідаеш... Можа, не за ногі, можа, за галаву... Можа, ты хочаш яго раздзёрці... Возьме і незалюбіць яшчэ. Перасадзіць тады з аднаго месца на другое. Адразу. Само. Я, матка, начальства знаю. Па сваім знаю. Наш... Ну, можа, ты яго знаеш... Зна-а-еш. Лысы... А я лысых не люблю, матка... Лысыя ўсе хітрыя... Хі-іт-рыя...

— Не вярзі абы-чаго, чалаве-ек... Галава мая старая...

— А ты, матка, гані ўсіх чапельніком — начальства гэткае... У адной, во, фуфаечцы на ферме... Што ў вас за старшыня? У чым ён толькі ходзіць? Я на яго б месцы... Сваё з ног здзёр, апошняе ў калгасе прадаў бы, а валёнкі б табе, матка, купіў... На базе б дзе купіў, з-пад крыла, калі ў магазіне не знайсці. Купіў бы... Што ўсё глядзіш так на мяне, матка? Ну-у, матка... Ты таго на начальства не скажаш, што я. Ты, матка, справядлівая. Асобая маскоўская... Х-хе... Не скажаш, не глядзі... Знаю.

— Я табе скора як выдам асобую маскоўскую... аж за дзвярыма апынешся. Не хочаш па-харошаму — на мароз. Прыйшоў пагрэцца, дык... грэйся.

— Яно, матка, праўду сказала. Пагрэцца — трэба. Трэ-эба... Напаі ўжо цяля перш, тады знойдзеш... Ты, матка, знойдзеш, калі змякчышся... Толькі ты не збівай мяне, дай сказаць. Ты, матка, на начальства ніколі благога не скажаш. Не-е...

— Адкуль ты ведаеш?

— Адку-уль? Ды такі чалавек, які на плячах мокрае цяля прынёс з-пад каровы па такіх гурбах... З фермы да сябе ў запечак... Такі чалавек, я не прапушчу, скажу, матка, — такі чалавек прэданы. Па мне бы тое цяля... Хай бы ехалі і лысыя і пляшывыя... Ты, матка, ніколі таго не скажаш, што я... А мне, матка, не першыня...

— Ну дык слухай... Ты ніякае не начальства, і я табе скажу, не падстыдаўшыся, у вочы: марш з хаты... Мне спаць трэба. У мяне цяля на руках... Сыску яшчэ трэба ісці шукаць у сенцы ў шафарню. З лучынай. Не ссе па пальцу. Другія ссалі, а гэта пальца не хоча лавіць... У мяне...

— Што яшчэ ў цябе?

— Нічога. Марш з хаты.

— А я памагаць стану...

— Што памагаць? Памачнік такі...

— Цяля паіць. Паіць буду, а ты стаяць і глядзець. Як наш лысы. У начальстве паходзіш ля печы. Не хочаш? То шукай сыску, а я магазын вынесу ў сенцы, пасвячу. І лучыны паліць не трэба. Адна, матка, з лучынай пажару наробіш. Кінеш асмалкі, а па такім ветры...

— Ну і чалаве-ек...

У сенцы, мусіць, выходзілі з магазынам, бо ў хаце стала цёмна. Тады зноў у парозе бразгала вядро, — налівалі ў бутэльку малако. Пасля было ціха, мычала толькі і пляскала языком цяля — ссала.

Зноў загаварыў мужчына — не пайшоў з хаты.

— Можа б, матка, адным разам і мне... нацадзіла. Як цяляці... Гм? Кружку вун тую, што ля вядра. Чорную... Больш, матка, мне сёння не пойдзе... Адну кружку і — з ног. З закускай у цябе, матка, тугавата, але вун, пад столлю на шастку, цыбуля. Цэлы вянок. Нядрэнна жывеш яшчэ, матка...

Яна маўчала: ні чарніла, ні бяліла.

— Матка... — мужчына стаў енчыць. — Сам нацаджу. Знаю, дзе стаіць. У шафе, матка, унізе... Я, матка, відушчы... Відзіў буталь, калі ты пасуду цяляці шукала. Аплецены. Вечны... Дзедаўскі яшчэ... — сыпаў ён, што гарохам.

Яна ўсё маўчала. Бразгала толькі, мусіць, кружкай аб вядро.

— Тады, матка, не абіжайся... Я сам...

Ён, мусіць, палез у шафу, бо было чуваць, як ляпнулі дзверцы, тады загаманіла яна, бліжэй, ля пасцілкі, якой былі завешаны дзверы ў перагародцы.

— Ходзікі скінеш са сцяны, раскепа... Куды сунешся? Чуеш? Э-э, не-е-е... У мяне так не заведзена... Не разгуляешся. Сам да мяне ў шафу ніхто яшчэ не лазіў... Вон, свінчо! Каб і не смярдзеў... Набраўся... Усю вёску чысціў... І дзень, і ноч... Работу кінуў... Да цябе ж людзі хадзілі... Шукалі, вёску ўсю перавярнулі, шукаючы... Паслухаў?.. Малады яшчэ, а свінчо такое... Ды каб цяпер усталі мае сыны з зямлі ды паглядзелі... Як вазьму качарэжнік... Ні стыду, ні ўвагі ў чалавека...

— Матка, не шумі... Не шумі... Я, матка, нічога не чуў. Нічога не чуў... А ў цябе, матка, ёсць. У любога ў вёсцы ў вас ёсць... Толькі мне не хочаце даваць напавер. Ставіце тады, калі ў мяне кішэні ад грошы папухнуць... А ты, матка, мяне знаеш. Магла б і ўважыць. Не шумі толькі. Цяля спужаеш, баіцца...