Выбрать главу

— Та-аня!.. — крычаў на гародзе Юзюк.

Калі яны выйшлі з маці на двор, над вёскай зноў зараўла «рама».

Таня глядзела з калёс на дарогу... Тут, дзе яны падымаюцца на гару да школы, кабыле па калені пяску, і яна ідзе як бы па балоце ў Карчаватках — напінаецца што мага. Ля ячменю, дзе ўбітая сцежка, утаптана ў пясок трава. Дарогу тут здрабяжылі і коні і людзі: знаць падковы і сляды ад ботаў. Сляды ў маленькія ямачкі ад цвікоў: нямецкія.

Тады Таня зноў падумала, што яна пакінула дома расчыненую хату і што маці, нямогучы, устане з ложка і пойдзе зачыняць дзверы. Каб жа яна, зачыніўшы, адразу вярнулася на ложак... А то возьме гальнік і будзе мясці ганак. На яго кожную раніцу скачуць куры, наносяць пяску. Замятай толькі за імі, стой з гальніком у руках і не адыходзься, калі не прагоніш з двара на гарод у бульбу, дзе яны капаюцца пад каліўем...

Выгнаўшы курэй з сеначак, маці кожную раніцу мяце двор ад ганка да варот... Нават каменьчыкі падсоўвае граблямі пасля веніка. Так яна падмятала і сцежку на вуліцы ля свайго плота — да цвёрдай зямлі. Ступаеш тады па ёй, а яна халодная, як з-пад лёду вясной.

Сёння, калі яны вярнуліся з Карчаватак, на двары было аж бела ад пер'я — у іх вяліся адны белыя куры... Пер'е было ў крыві, мокрае яшчэ, папрыліпала да падарожніку. Валяліся і выкінутыя з варыўні пад прызбу пабітыя паўцагелкі і знятыя з шастка з гары венікі — былі растрэсены па ўсім двары... Маленькія венікі, што маці навязала, каб хвастацца зімой у Панка ў лазні, якую ён скідаў летась у гародзе ля рэчкі. Венікі і не высахлі добра — бярозавае лісце пахла на ўвесь двор.

Ля варыўні яшчэ пачалі рыць уласаўцы яму, доўгую, роўную з парканам. Мусіць, акоп рабілі ці шукалі чаго. Навярнулі жоўтага пяску цэлую гару, бы яго вазілі ўвесь дзень з-пад лесу ад ям, каб засыпаць гразь на двары ля хлева.

Маці, нямогучы, сабрала на двары з-пад ног венікі і, абышоўшы яму па пяску аж ля плота, укінула іх у варыўню праз парог. Маці такая...

Калі пачынаюць ззаду, ля маста, страляць, Таня, седзячы, нагінаецца да мяхоў, аж баліць паясніца. Бачыць тады, як кабыла рассыпае заднімі нагамі на дарозе пясок, — пяску на гары ля школы па калені, і яго высака падкідаюць, круцячыся, колы, на самыя ляжэйкі. Ёй тады страшна — нібы валішся з калёс... Яна выпускае з рук лейцы і хапаецца за мяхі... Доўга кідае з боку на бок...

Калі робіцца ціха, не страляюць, Таня адгінаецца, спаўзае ў перадок і ссоўвае з мяхоў ногі: памлелі. Кабыла махае хвастом, дастае аж да калень. Хвост у яе мяккі, рассыпаецца па нагах, што ручайка лёну, і тады хочацца пацерабіць іх аб ляжэйку. Але нагам лёгка, яны не ныюць, і Таня папраўляе сваю доўгую касу: каса раскруцілася і з'ехала на шыю.

«Цяжкая... Трэба было дзве заплясці і акруціць ля галавы. Дзве не спаўзалі б...»

Паправіўшы касу, закруціўшы тужэй і прыкалоўшы дзвюма шпількамі з белага дроту, яна глядзіць назад на грэблю: там жа стралялі. Але на дарозе пыл, падымаецца, паўзе на ячмень. Відаць адзін Янукоў конь; далёка за ім едуць Сяргеішын Алёша і Наста. Саміх іх за пылам не ўгледзіш, чуваць толькі, як ляскочуць ззаду калёсы.

«Асталіся як...» — думае Таня, і ёй тады яшчэ горш страшна. Калі ўсе блізка, яна не баіцца, а так здаецца, што адна на дарозе. Алёшы зусім не відаць на возе. Наста толькі махае ля яго калёс хусткай.

Таня падымаецца на возе на калені.

«Дзе Алёша?.. Вярнуўся ў вёску... — здагадваецца яна. — Наста, мусіць, вярнула. Узяла сабе падводу, а самога вярнула. Ён жа ім не раўня. Дзіця яшчэ зусім, каб нанач ехаць аж у Краснае... Наста добрая...»

Калі Таня думае, што Алёша вярнуўся, ёй тады хочацца плакаць. Яна зноў устае на возе на калені і глядзіць назад, у вёску. Але іхняй хаты адгэтуль не відаць...

Тані і самой хочацца вярнуцца. Папрасіла б Янука, хай бы ўзяў кабылу. Кабыла паслухмяная. Прывязаў бы за аброць да сваіх калёс, ішла б... Янук, відаць, не паслухае. Наста паслухала б, але яна не возьме тры падводы. Можа, Боганчыка дагнаць? Не-е... Яго яна не любіць. Ніколі б не стала і прасіць. Яна з ім і ў вёсцы не гаварыла... Панка каб...

Алёша недзе ўжо дома... Перабег грэблю, абмінуў ля маста ўласаўцаў і — у вёсцы. У вёску ўласаўцы пускаюць. Сёння ўсіх пусцілі, хто варочаўся з Карчаватак...

Яна зноў глядзіць назад на дарогу — Алёшы на калёсах не відаць. Тады яна думае, каб узяць і пабегчы самой... Ссунуцца ціха з мяхоў і — на грэблю, як Алёша.

Але дома стане крычаць маці...

Таня раптам падумала, чаму маці гнала яе ў падводчыкі, калі Махорка з уласаўцамі прыйшлі на двор браць кабылу. Ледзь стаіць сама ад плачу, а яе гладзіць па галаве і шэпча:

— Едзь, дачка, едзь... Я адна буду мэнчыцца...