Выбрать главу

Пасля ў парозе, там, дзе бразгала вядро, нешта моцна грукнула — на ўсю хату, — звалілася на падлогу.

Ён, Ратушняк, быў аж падскочыў на ложку.

Тады ў парозе сціхлі: і яна, і мужчына. Доўга было ціха, пасля загаманіла яна — сціха, правячыся.

— Бяду яшчэ адну прынясло... На маю галаву. Разварыла... З марозу прыйшоўшы яшчэ быў як чалавек. А пасядзеў ля цёплай печы, як мех, на падлогу ссунуўся... Мокры ўвесь. І фуфайка і штаны. У боціках... Як яшчэ ногі ў яго цэлыя... Каб рынуўся дзе пад плотам — каюк. Па такім марозе... Ідзе, у белы свет гледзячы. Агонь увідзіў... У шафе бутэльку ўгледзеў... Хоць бы і меў, дык толькі з атрутай каб даў, хай бы свінчо такое на свеце не гадзіла... Храпе. Як нежывы...

Пасля ён, Ратушняк, чуў, як яна нечым глуха стукала па зямлі.

— Ніяк ботаў не сцягнеш. Прымерзлі, ці што...

Яна разувала яго.

Пасля ўжо ён пачуў, як яна зняла з яго верхняе і пацягнула самога на ложак, што стаяў у другой палавіне збоку, — з прыходу. Доўга пасля тупала ля яго — ля акна, — накрывала, бядуючы, што няма чым накрыць.

— Зніму з дзвярэй пасцілку. Агонь пагашу, не трэба будзе і завешваць.

Выйшла пасля, узяла са стала магазын і панесла некуды да печы.

У хаце стала ціха. Было чуваць, як шастаюць ходзікі і храпе на ложку мужчына, відаць, падкорчыўшы пад сябе галаву.

Зноў стукала ад ветру ў коміне юшка...

Бразнула было вядро, і замычэла цяля.

Яна зноў загаварыла, пошаптам:

— Цяля... Цяля... Сяло-о дурное... Пасля яна падышла да дзвярэй:

— Спіцё? Можа, каму холадна? Накрыцца тады яшчэ чаго пашукаю... Спіцё? — яна сціхла, чакала, ці загаворыць хто. — Ну спіце... А я на печ палезу. Скора ўжо додніца. На ферму бегчы трэба...

Ён чуў яе, не могучы павярнуць языком...

Яна, было чуваць, палезла на печ. На печы доўга шастала лучына.

Угары аж трашчала столь — ад ветру, — здавалася, там нехта ходзіць з цяжкімі нагамі. У коміне несціхана бразгала юшка...

— Божа... Такое безгалоўе на дварэ...

Ён пачуў, як ціха бедавала яна.

Калі, хліпнуўшы, пагас магазын, стала цёмна — не было відаць і акон.

...Зноў засвісцеў вецер на балоце ў вялікую, чорную, растрэсеную конскую грыву, валячы яго, Ратушняка, з ног...

Бралася на додніцу. На дварэ было яшчэ цёмна. Вецер улёгся, дзьмуў толькі паціху ля зямлі, метучы снег. Пад'яснілася, і неба было зялёнае; бліскалі здалёку калючыя зоркі. За студняй, за парканам, — на ўсходзе, мусіць, — было святлей, як дзе ад пажару.

Зноў паціснуў мароз, і сухі снег рыпеў пад нагамі. Брала за шчокі — востра і калюча, як дзерла таркай.

Чарнелі на снезе хлявы і платы, плямамі і палосамі. У цемнаце мігалі агні — уставалі людзі. Скрыпелі вароты, нехта сек дровы, ляпаў дробна і часта — спяшаўся. Пахла дымам ад сырых бярозавых дроў, густа і мякка, як пахне толькі дым ад бярозы на марозе, — дзёгцем, смалой і кіслым сухім пілавіннем. Так пахне на ўчастку ў Выгарах — у лесе — дрывотня, дзе рэжуць і сушаць бярозавыя чуркі для «чугрэяў».

За будынкамі чарнеў лес — у Выгарах ён быў зусім блізка ля хат: рукой падаць.

На ўсходзе, там, дзе забялелася неба, калі ўслухацца, гулі машыны: на ціхім марозе машыны далёка чуваць. Там жахалася цемната, як летам ад далёкіх маланак...

На двары быў расчышчаны снег: раскапаны лапатай, драўлянай, вялікай і шырокай, на якой у печ садзяць пячы хлеб, — лапата стаяла ля сеначак, прыхінутая ручкай да вугла. Ля яе стаяў і гальнік — стары змецены венік без лісця, — ім пасля лапаты падмялі начыста двор. Па цвёрдым пасля лапаты і гальніка снезе лёгка было ісці, — ён, Ратушняк, ступаў, як па глінянай падлозе ў хаце.

Ён прачнуўся сам, немаведама ад чаго, мусіць, доўга мычала ў запечку за перагародкай цяля. Паклікаў — у хаце нікога не было. Магазын гарэў на тым самым месцы — на рагу стала, — бы яго, магазын, не прымалі ад учарашняга. Ад яго пахла дымам на ўсю хату: відаць, доўга ўжо гарэў.

Ён, Ратушняк, тады хуценька ўстаў. Ля ложка на куфры ляжала ўся яго апратка: сухая і цёплая, нядаўна, мусіць, знятая з печы. Сухія былі і валёнкі, і шкарпэткі, і чорныя шкуматы ад сарочкі...

Ён апрануўся: засіліўшы вады ля печы з вядра, памыў рукі, пачуўшы, што баляць пальцы, — папухлі пупышкі — і твар... Твар быў шорсткі: пасівераў; патрэскаліся вусны — да іх было не даткнуцца.

Пасля ўжо ўбачыў, што на левай руцэ пачарнелі пальцы. Падумаў: добра, што не на правай...

Сцягнуўшы з дошак, з перагародкі, кажух — кажух быў сухі, — ён ускінуў яго на плечы і, выйшаўшы на двор, падаўся адразу ў хлеў да каня. Конь стаяў з прыходу, на працівеньцы, ціха гломзаючы з саней сена. Павярнуў да яго галаву, заржаў.