Выбрать главу

«Не поены...» — падумаў ён і хацеў, узяўшы ў сенцах вядро — угледзеў быў яго, — пайсці даць каню са студні вады.

Калі скрыпнулі вароты, ён пазнаў яшчэ на вуліцы яе, Варку. Яна ішла з вядром на руцэ. З вядра тырчалі агаркі ад лучыны, галавешкамі ўніз.

«Лучынай на ферме свяціла недзе сама сабе ля кароў... — падумаў ён пра яе. — Ліхтара няма. І дзе яна яго возьме, бабай будучы... »

— Куды гэта вы додніцай? І не выспаліся недзе. Не далі мы вам з цялём... На вуліцу некуды хочаце ісці? А я дык во і каня вашага не справілася напаіць. Пабегла адразу на ферму. Заспала. Добра, што цяля разбудзіла. А так бы яшчэ спала. Угрэлася на печы... — Яна падышла да сеначак, паставіла на зямлю вядро. — А той пабег, не паснедаўшы нават... — Яна сумелася: — Хаця, вы ж не відзілі яго...

Ратушняк здагадаўся: яна гаварыла пра ўчарашняе. Падумаў, што чуў усё праз сон; хто быў у хаце — не помніць.

— Я яго раніцай яшчэ прабрала... На цвярозую галаву. Прабрала... — усміхнулася яна. — Не баялася... На ўсю хату было голасу. Думаю, прачніцёся вы — дык мы яго ўдваёх... Ажно мы крычым, а вы храпіцё, аж хата разлягаецца... Уляцела яму. Кажу пасля: нядобра ж так, нашчаму на такі мароз ісці, загавееш... Пачакай, хоць блін гэты самы жытні са скаварады скіну... Пагрэешся гарачым блінам, хоць і насуха... Не захацеў. Сядзеў доўга на рог стала, ля магазына. Людзі, кажу, вунь на марозе мерзнуць, галодныя... Бабы пілы цягаюць... Маўчаў, махнуўшы на мяне рукой. Сказаў пасля: «Ну, ты мяне, матка, не ўчы»... і маўчаў. Тады падняўся і пайшоў за дзверы. А так раніцай зноў за сваё ўзяўся. Ускруціўся разам са мной, відаць, холадна было, ад акна дзьмула, — і зноў лезе сам у шафу... Тады я яму кажу: цішэй... Адна не дам рады — дык чалавек вунь паможа... «Які чалавек?» Ён вас, праспаўшы разам ноч, і не згледзеў, відушчы такі... Я яму і расказала ўсё. І як пачула, што конь іржэ на аселіцы, і як угледзела яго, ідучы з фермы, чорнага на снезе. Ля платоў, дзе зімой у нас ніхто не ездзіць, скаціну да вады толькі ганяем... Як знайшла мокрага чалавека ўсяго, — чуць пазнала...

Падышоў ён да самага ложка да вас: не верыў. Паглядзеў і як пазнаў усё роўна вас пад пасцілкамі па нечым. Сціх адразу — а я яму яшчэ больш у вочы... Па першае чысло... Цялё не п'е, дык я сёння злосная... Каб чуць — адхаладзіла б качарэжнікам.

Ён слухаў яе, стоячы на марозе. Яму было холадна ў абмарожаныя пальцы, а ў яе не было рукавіц, і яна не хавала рук — не баялася.

— А хто гэта... што вы з ім?.. — спытаўся ён пасля ў яе.

— Ды вы не ведаеце. У вас іх шмат. Ваш жа... Шафяры ўсё. Я яго знаю — Петражыцкі... Ён мяне не абыходзіць, хоць ніколі не выенчыў і дна закрыць у шклянцы... І сёння не абышоў. Зусім зачаўрыў чалавек, аб'ехаў — што шкілет... Я ўжо збедавалася: па такім марозе прападзе. Саўецца і прападзе. Ці раз так бывала ў вёсцы... — Яна была памаўчала. — А ваш конь звярнуў за Бабровам на Яськава балота. Там след быў, дрэва цяпер возяць. Бліжэй, чымся кола рабіць лесам, на шашу выязджаючы... Мусіць, вёску пачуў здалёку, змерзшы...

Яму тады раптам стала горача. Ён глядзеў на яе і не ведаў, што сказаць...

Яна клікала яго ў хату, а ён усё стаяў. Стаяў пасля яшчэ адзін і глядзеў у вядро, якое яна паставіла ля сеначак на снезе, на вуголле. Вуголля было многа — закрывала дно.

А яна гнала ў хату:

— Каня я напаю. Карову буду паіць і напаю разам... — Яна пайшла ў сенцы, узяла з лаўкі вядро і пашлэпала ў вялікіх бурках да студні: — Вам, можа, не трэба на двор выходзіць... Гэта ж думаць: з вады вылезці на такім марозе. Варта было ехаць па такім безгалоўі? Ад смерці, можа, каб адкупіцца... Не беражыцёся... Добра ж, калі пройдзе. Калі не ломіць у нагах, можа, і пройдзе, не зляжаце... Чай з малінніку мог памагчы... А адзежа ці высахла хаця? Я яе на коміне над духам, выкруціўшы, павесіла. Варочала ночы... Валёнкі са шкарпэткамі ў печ за засланку на дровы ўскінула... Там жар гарэў усю ноч. З кажуха цякло. Ідзіце ў хату, я вас нашча не пушчу. Той, вунь, збег... Аж стыдна... Усё роўна як няма чым людзей накарміць.

Яна палезла з вядром у студню, бразгаючы па зрубе, а ён пайшоў у хату. Ішоў, чуў, як цісне за плечы, і думаў: як жа ён, чуўшы чалавека, быў яго не пазнаў...

...Седзячы на рог стала, якраз проці печы, — магазын пераставіў у парог на лаўку пад суднік, — ён глядзеў, як гарэлі сухія яловыя дровы, пырскаючы на падлогу вуголлем — на госця.

Госць расчыніў дзверы сам — шырака, напусціўшы поўну хату «марозу», белай пары. «Мароз» папоўз праз дзверы ў перагародцы аж у другую палавіну.

Чалавек быў у вялікім, доўгім — да самых пят — чорным кажусе, зашпіленым на драўляныя белыя біркі аж да шыі. Каўнер і шапка аб'інелі — іней не таяў у хаце: не баяўся цяпла ад чалесніку.