— Здаровы, суседзі...
Ён загаварыў, і Ратушняк пазнаў Вугальніка. Вугальнік падышоў, падаў руку, пасля падаў руку Варцы — павярнуўся да печы.
— У самы раз. На бліны... — Ён памаўчаў, тады павярнуўся зноў да яго, Ратушняка: — Што, герой? Хваліцца нечым... Слухаць не хачу і не стану. А тое, што ў мяне на ўчастку лішні конь... Я яго не выпушчу з рук. Свайго адагнаў у дзялянку і твайго адганю. Пойдзем разам, нагамі. Дойдзем. Разатруць дарогу трохі — і дойдзем. У мяне, брат, цяпер коні, як... золата. Што глядзіш? Задыхаюся... І план і сэрца задыхаецца... Не прайду многа па снезе. Кажух адзін панашу — пара верне з мяне на марозе...
— А што тады героем абзываеш? — Ратушняк, прыняўшы локці са стала, адсунуўся на лаве да акна: даваў сесці.
— Ваш жа гэты лайдак... Ну, я вам скажу, маеце чалавека... Ды чорт з ім. Добра, што ў такія марозы не знайшлі дзе пад плотам, як падлу. Ён мне ўсё... Прыехаў я на ўчастак — яшчэ толькі конюхі прачнуліся... А ён ужо машыну сваю растапіў, завёў, сядзіць у кабінцы і ў рукі хукае. Слова за слова... Я яго... а той лайдак... акруціўся і на дарогу. Па снезе, па гурбах... Ну і чалавек... Там, здаецца б, ніякі чорт не рызыкнуў — гэтулькі намяло. А ён пагнаў «чугрэй». Пагнаў на Баброва. Ланцугі толькі бразгалі на ўвесь лес. Калона-то ўчора там была, у Баброве. Трактар дарогу робіць, прыгналі... Ну, я табе скажу, і чалавек ён... А ты — лепшы. Думаеш, ухопіш што па такім марозе? Ці ты, ці я... Выйгранка малая, я табе скажу. Хай бы Сямён Калінавіч сам сваю лысіну прывёз... Не бойсь... Не кінецца ў вір галавой...
Вугальнік на лаву не сеў: хадзіў і хадзіў па хаце — грэўся — і не сціхаў ні хвіліны, гаварыў ужо з Варкай. А ён, Ратушняк, сядзеў на рог стала, глядзеў пад суднік на магазын, на сляпы агонь.
«Чалаве-ек... На самым дзеле... — падумаў ён. — А машыну пагнаў у дзялянку, у калону. З рэйсам пойдзе... Гэта — як піць» даць. Ён — такі...» Пасля падумаў, што яго там ён сёння спаткае. Спачатку яго, а тады ўжо Рэву...
Вугальнік сціх і расшпіляў кажух — выцягваў з пецель біркі, па адной: угрэўся. Падышоў да печы да Варкі, папрасіў вады.
На двары зарыпелі вароты і заскрыпеў снег у некага пад нагамі. Нехта яшчэ ішоў да іх на двор — у хаце добра было чуваць.
Ён, Ратушняк, адвярнуўшыся, глянуў у акно. Убачыў, як на ўсходзе над лесам бялела чорнае неба, — бралася зара.
Калі ён зірнуў пасля на хату, у парог, дзе стаяў Вугальнік, згледзеў вядро, тое, што Варка несла з фермы на руцэ. У вядры былі агаркі — ад лучыны — і шырокае, чорнае, пакручанае вуголле, — ляжала на дне...
1965
Сцяпан Жыхар са Сцешыц
1
Чалавек заўсёды смялейшы на тых сцежках, якія ён шмат таптаў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
2
Тут паварочваў трамвай, тут канчаўся і горад. Ад павароту Пецю Гурбану трэба было прайсці яшчэ шашой, каб падняцца на пагорак, дзе пачынаўся стары Лагойскі тракт. З пагорка добра быў відаць горад — паўночная ўскраіна, — з бурымі, як дзёгаць, дымамі над комінамі, з белымі і жоўтымі клеткамі невысокіх дамоў у новым раёне; з пераплеценымі, што павуціна, радыёмачтамі над чырвонымі цаглянымі домікамі, што стаялі недалёка ад дарогі.
Сонца, схіліўшыся на захад, пякло яшчэ і плавіла асфальт — ён, здавалася, аж пырскаў з-пад машын. Пахла яловай смалой, і дзёрла ў горле. Заліваў пот, хацелася піць.
На пагорку, адышоўшыся ад дарогі і саставіўшы клункі ля тэлефоннага слупа, галасавалі «пасажыры» — усе разам: жанчыны з вёскі, пассоўваўшы хусткі з галоў на плечы; няголены інвалід — з палачкай у руцэ і на мыліцы — быў ён у клятчастай новай жоўтай сарочцы, усё выціраў рукавом твар; маладая, таўставатая дзяўчына ў шырокай чорнай спадніцы і з касой на малінавай кофтачцы. Пасля Пеця Гурбан падумаў, што яна, мусіць, маці, бо ўсё падыходзіла да слупа і, закідваючы за плечы тоўстую касу, якая спадала ёй на грудзі, кратала дзіцячую новую калясачку — недзе купіла і везла дамоў. Воддаль ад іх, падаставаўшы насавыя хустачкі, махалі адна перад адной дзве дзяўчынкі з рамеснага, у чорных картовых сукенках з белымі каўнерыкамі, ля ног у іх стаялі два маленькія чамаданчыкі.
Гэта былі людзі, якія не хацелі ехаць некуды на вакзал, таўчыся там ля касы ды чакаць аўтобуса, — яны падаліся, спадзеючыся на спадарожныя машыны і на «добрых» шафёраў, якія на колькі там ужо, а на дзесяць капеек, лаячыся, саступяць. Было тут некалькі «кабецін на Маладэчына», тыя, што з «ванзэлкамі», з імі галасаваў і інвалід; былі і «на Бегамля» — гэтыя з «хатулькамі» і «шклуначкамі», — да іх далучыліся і дзяўчаткі з рамеснага.