Выбрать главу

Уязджалі ў мястэчка. У кабіну пастукалі. Сцяпан з'ехаў з дарогі і затармазіў.

— А вы гэта куды, канарэйкі? Не з маім Петухом?

— Мы ў Жардзяжжа. А Петуха вашага не знаем.

— Не знаеце? Усё адно не вазьму з вас. Не бразгайце там сваімі гузічкамі. Цукерак купіце.

— Спасіба, дзядзечка. Давайце пацалуем вас...

— Гм... Канарэйкі. Ты відзіў. Пасмялелі ля дому... Мог бы кінуць вам Петуха, нацалаваліся б, але ён мне самому патрэбен.

Дзяўчаткі зарагаталі і, размахваючы чамаданчыкамі, пераскочылі цераз канаву на жоўты пясок — на дарожку.

Зайшло сонца. Пахаладнела. У мястэчку на ўсю вуліцу крычала радыё.

Да Сцешыц было яшчэ далёка.

— Ацямнеем, Пятух. А на грэблі недзе блішчыць, добра ведаю. Дажджы ішлі. Ну, стукні дзверцамі, а то тут такі асфальт пачнецца, што...

Праз паўгадзіны сцямнела, і яны ўключылі святло. Але дарога была ў густым тумане, і ехалі як вобмацкам.

3

Вечарынку спраўлялі ў Панковай хаце. У Панка была вялікая сям'я; вялікая — на дзве палавіны — і хата. Стаяла яна цяпер — з забітымі вокнамі — уся абвешаная з гародаў і ад вуліцы чырвонымі рабінамі. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Сёння ўсё тут было абложана і здратавана за адзін вечар. Частакол у гародчык быў паабрываны, і дзеці з усёй вёскі выерзалі дзве градкі, на якіх Панкова суседка, што жыла цераз вуліцу, пасеяла вясной агуркі. У Сцешыцах так: калі вечарынка — гароды не ўпільнуеш. Думай на каго хочаш, не злавіўшы, — была вечарынка, яна вінавата. Затое пасля цэлы дзень бабы клялі на вёсцы ўсіх дзяцей: і сваіх, і чужых.

На двары ля сеначак і ля студні парос канаторжнік, і на ім цяпер вісеў, як расцягнутыя аборы, доўгі агурочнік. Ён нават ляжаў на палене, якое прыціскала дошкі на невысокім новым зрубе на студні.

Дзверы ў сеначках былі скінуты з крукоў і ляжалі пад абламаным частаколам. На іх цяпер і ўселіся дзеці, баючыся патыкацца ў хату, — пры агні былі не надта смелыя.

На другім баку вуліцы на прызбе, пад варыўнёй, сядзелі жанчыны, якія жылі блізка ля Панка і якім карцела не прапусціць ніводных танцаў у вёсцы.

На дварэ быў ціхі і густы пасля гарачыні вечар. Зорак на небе не было відаць — яго зацягнула смугой, а месяц узыдзе толькі недзе пад раніцу. На захадзе за вёскай палавела зара — яна цяпер не стухне да дня, ідучы загуменнем на ўсход, за пагорак.

На вуліцы глуха быў чуваць гармонік — з замураванай хаты — і стук абцасаў: тра-та-та, тра-та-та... У хаце было, відаць, горача, бо хлопцы аддзёрлі ад акна, што з вуліцы, дошку і адчынілі фортку.

Пеця Гурбан стаяў на вуліцы, апёршыся на частакол ля студні, і глядзеў у акно: у хаце пры яркай лямпе насіліся ў кругу дзяўчаты. Гэта яны сёння самі справілі вечарынку, паслаўшы запіску гарманісту ў Дзвінасу, — яны цяпер больш за ўсё самі і спраўлялі вечарынкі ў Сцешыцах: хлопцаў сваіх не было, а на танцы прыходзілі трактарысты з брыгады, што асушала балота, з блізкіх вёсак прыязджалі «ўхажоры» на веласіпедах. Клуба ў Сцешыцах няма, і дзяўчаты «пускалі вечарынкі» ў хату па чарзе. Сёння вечарынка прыйшла да Лілі Міронавай, але бацька яе не пусціў нікога і блізка на парог. Тады Ліля выпрасіла хату ў Юлькі, якая сцерагла Панковы вуглы і жыла цераз вуліцу.

Пеця Гурбан схадзіў ужо і польку, і кракавяк, і страданне, але танцаваў ён нязграбна, і дзяўчаты ішлі з ім у танец нехаця, нават Ліля моршчылася. Нарэшце яго за танцы нехта назваў «Рэпа», і ён, плюнуўшы на ўсё, выйшаў на вуліцу.

Аднекуль, мусіць, з Ляды і Камена, панаехала на веласіпедах хлопцаў у чорных касцюмах і пад гальштукамі, яны пазастаўлялі двор веласіпедамі, паразганялі дзяцей куды каторае і павалілі ў хату. Закрычаў на ўсю сілу гармонік, і ад стуку застагнала падлога. Паўставалі з-пад варыўні бабы і падаліся ў сенцы — паглядзець на чужых хлопцаў.

З'явіўся Сцяпан Жыхар — прыйшоў з вёскі. Доўга стаяў у варотцах, нібыта баючыся ступіць да Панка на двор, пасля свіснуў, як бы знайшоўшы чорт ведае што:

— Фі-іў... Ану ідзі сюды. Гэта ты, Пятух? Давай, брат, марш у хату! Я табе натапчу памяло... Каб лядскія адны нашы падлогі абівалі?.. А мы? Ды з намі пойдзе любая...