Сцяпан Жыхар быў п'яны.
— Расступіцеся, бабкі, здаровы былі...
Зайшоўшы ў хату, ён на парозе падхапіў Лілю, выйшаў у круг і, скрывіўшыся і паклаўшы на плячо галаву, заспяваў моцным сіпаватым голасам:
— Здароў... Адкуль такі чужы з'явіўся? Ці даўно сам вечарынкі спраўляў...
— З'ехаў у горад і чужы...
— Ды ён мне за самагонку вінаваты. Можа, цяпер прывёз ды аддасць.
— А бадай цябе, як ты і гэта яму прыпомніла. Даўно ж было.
— Набраўся ж ужо ў некага. Ці ў Альжбеты, ці мо ў Волькі... Не прыйшла на танцы. А ходзіць жа.
— Ціш... Пачуе. У Волькі цяпер нямашака. Не гоніць.
Жанчынам трэба было за што зачапіць язык.
— Бабкі, бабкі!.. Цішэй там. Фесціваль устроілі. Сёння мне пад ногі не пападайся. Стапчу. Сёння я падкаваны. Спакойна там, у парозе. Свае людзі — расплоцімся... — І Сцяпан зноў сіпата закрычаў:
В'ёцца, в'ёцца над калодцам
Шэры вараб'ёначак...
Ой, ніўжэлі не найдзёцца
Для міня мілёначак?..
Пасля полькі гралі вальс; выстуквалі абцасамі і абцасікамі па хаце кракавяк, а Сцяпан Жыхар не выпускаў з рук белавалосую, тонкую, як саломінка, Лілю. Гойсаў, распіхаючы ў крузе дзяўчат, як бычок дзе ва выгане разганяў цялят; тупаў паўбацінкамі, стоячы на месцы, тады круціўся на адных абцасах, адкінуўшы назад галаву і заплюшчыўшы вочы... Ліля неяк вырвалася ў яго з рук і шмыгнула ў першую хату. Ён не пабег даганяць яе, — ужо спагнаў сваё. Падхапіўшы каго папала, зноў рассунуў круг і пайшоў у танец... На яго ўжо касавурыліся хлапчукі ў чорных касцюмах і пад гальштукамі, але «пагаварыць» баяліся: такія плечы і рукі... А сваёй кароткай стрыжанай галавой Сцяпан даставаў да столі.
Ліля, выскачыўшы з сеначак, убачыла Пецю на палене ля студні. Ён сядзеў, апёршыся галавой на рукі, і ўсё глядзеў праз акно ў хату. За яго плячыма на вуліцы шапталіся, штурхаючы адно аднаго, дзеці.
Яна ледзь не стукнулася з ім і спалохалася. Стаяла, махаючы хустачкай ля шыі. Яны разам хадзілі некалі ў школу, а цяпер вось праз гады два як павырасталі...
— Надоўга прыехаў?
Ён усміхнуўся, адсунуўся і пасадзіў яе на бервяне на сваё месца.
— Ды не... На адзін дзень...
Маўчалі. Дзеці з вуліцы прасоўвалі праз частакол рукі, цягалі яго за сарочку, а яе даставалі і тузалі за рукаво. Яна паднялася і доўга сыкала на іх, як на гусей...
— Ідзі ў хату, а так недзе дзяўчат не хапае. Веласіпедаў, во, цэлы двор. Што са мной ля плота сядзець? За дзецьмі і слова не скажаш. Гароды паабрывалі, цяпер адзежу з плячэй рвуць...
— Рэпа! Пятух! Фі-іў!.. — закрычалі і засвісталі на вуліцы.
Яна і віду не падала.
— Мне на гэтых, — паказала на веласіпеды пад хлеўчыкам, — не пашанцавала. Як схапіў Жыхарчык на парозе, дык і ногі адтаптаў, муштруючы. Стары конь, а жартачак не кідае. Яшчэ пасля вайны, помню, калі мы дзяцьмі паказваліся ў хату на вечарынку, ён гойсаў. Тады яшчэ не так. Даваў дзягі ўсім малым. А цяпер, глядзі, і я яму спатрэбілася, у танец звадзіў. Як ён там жыве з Веркай у горадзе?
— Пра гэта ён мала гаворыць. А я ні да кога да тых, што з нашай вёскі, не хаджу. Ды і многа іх там. Як выехалі, дык назад ніхто ж не вярнуўся.
— Пабыў бы...
— Не. У панядзелак на першую змену. Я на рабоце.
— Ведаю. Юлька ваша гаварыла.
— А яшчэ што яна казала?
— А яшчэ я ні пра што не пыталася. Трэба, відаць, ісці. Нешта холадна.
Ён хацеў быў схадзіць з ёй у хату, але захліпнуўся гармонік, і ў хаце падняўся вэрхал. На двор першыя выбеглі дзяўчаты. Іх гнаў перад сабой Сцяпан Жыхар — куды каторую... Угледзеўшы на бервяне Лілю — яна была ў белай сукенцы, — затупаў цераз двор, лапаючы па кішэнях, дзе бразджалі запалкі, — шукаў закурыць. Пасля спыніўся пасярод двара і пачаў зыбацца на нагах. Твару яго ў цемнаце не было відаць.
— А-а-а, Пятух... Не блага ўстроіўся... А я думаў, ты са мной адлучышся. Чарку зрабілі б... Вечарам я цябе не знайшоў. Што? Не зломак ты, кажу. Не горш тых, лядскіх. Напінаюцца, шчанюкі. Пачарнелі ў танцах, што гаршкі. Ну, будзь здароў! Я пачапаў. Фесціваль кончуць і без мяне.
Сцяпан Жыхар зноў падаўся ў вёску.
На ўсю вуліцу крычалі дзяўчаты, смяяліся і курылі хлопцы. Нехта п'яны на ўвесь двор «шукаў у баб» самагонкі, нехта выкручваў пасля танцаў «мокрую, як юхта», сарочку...
На загуменні шырэй занялася зара, і пасвятлела на вуліцы. Туман ад рэчкі прыпоўз аж да Панка ў гарод. Дзяцей што карова языком злізала; разыходзіліся па хатах, гамонячы, жанчыны, каму трэба было рупіцца рана ўставаць; бразгалі кручкі і ляпалі вароты.