Выбрать главу

Пад лесам у канцы вёскі гукала сава, а ў тумане ля ракі ржаў конь, там недзе кашлялі начлежнікі. Пахла гарэлым торфам, агуркамі і ўлежанымі яблыкамі-ападкамі.

Зноў азваўся гармонік, і ўсе пасыпалі ў хату.

Пеця Гурбан, адхінуўшыся да частаколу, чакаў, ці пойдзе Ліля. Яна не пайшла.

4

Дзверы былі запёрты, і ён доўга драгаў, пакуль не адчынілі.

— Што, на завалу ўзяла? Каго баішся?

— А-а... Гэта ты... Пакуль на плечы лахман ускінула...

— Ну здарова...

— Як сабе хочаш. Чаго прыйшоў?

Агню ў сенцах не было, і Сцяпан доўга глядзеў: Волька гэта ці не Волька. Яна стаяла на высокім парозе ў хаце ў раскошнай сукенцы і чорнай жакетцы на плячах. Высокая, з расплеценай касой. У цемнаце былі белыя яе шыя і босыя ногі.

— Гм... Прыйшоў, і ўсё. Можа, дзеля гэтага і ехаў.

— Можаш ехаць назад. Не лезь на ногі. Босая я. Не бачыш... — яна хацела зачыніць дзверы, але ён піхнуў яе ў хату, ускочыў на парог, схапіў за плечы, хочучы, мусіць, прыхінуць да сябе. Яна рванулася і, вырваўшыся, адскочыла аж да акна. Ён адчуў, што ў яе падужэлі і пацвярдзелі рукі — за гэтыя гады... «Робіць дзень і ноч у калгасе», — падумалася яму.

— Буду крычаць, чуеш? Агонь запалю... Ты на нагах чуць стаіш.

— Крычы, палі, калі людзей не баішся.

Ён адышоўся да стала, што стаяў у кутку на высокіх ножках, пасля смела пайшоў да каморкі. Яна не кінулася да яго ад акна, і ён адразу падумаў: там нікога няма.

— Дзе сын?

— Валеркі ты не руш... — у яе голасе пачуўся плач і злосць, і Сцяпан, здрыгануўшыся, павярнуўся да яе на хату:

— Дзе ён? Спіць?

— На танцы адаслала... — яна раптам засмяялася скрозь слёзы.

Ён не ведаў, што рабіць.

— Ну што з табой, Оля?.. Я яму касцюмчык... Тут во... Шпінгалет недзе ўжо ладны... — Ён ішоў да яе, вялікі, няскладны, здавалася, мяккі, і з ім можна рабіць усё, што хочаш.

Гэтага яна кожны раз баялася, а цяпер больш за ўсё.

Яна кінулася ў слёзы, пасля раптам неяк зледзянела ўся, бы яе аблілі на марозе вадой, сціснула абедзвюма рукамі ва грудзях жакетку.

— Няма ў цябе сына! Гэта не твой... Не твой... — апошнія словы яна сказала шэптам, ціха-ціха, і яму было неяк дзіўна: «Не твой...» Ён раптам на хвіліну паверыў у тое, што пачуў. Рукі ў яго абвялі, ногі сталі чужыя, не слухалі, і ён не мог цяпер пайсці з хаты, каб і хацеў. Падышоўшы паволі да стала, ён зашамацеў там паперай — на стале ляжалі газеты — і прысеў на лаву. Лава трэснула, зарыпела, пасля ў хаце зноў стала ціха, бы ў ёй нікога і не было.

— Я заўтра паеду... — раптам сказаў ён ні з таго ні з сяго.

Яна маўчала.

— Чаму не прыйшла на вечарынку? Ходзіш жа.

— Ведала, што ты там.

Яна, мусіць, здагадалася, што ён спытаў гэта так сабе, што пра Валерку ён яшчэ будзе гаварыць, і ў душы недзе радавалася, мусіць, помсціла яму хоць гэтым за ўсё.

Гарэла лямпа, скакаў у шкелцы белы агеньчык, дробненька, бы яго хто тузаў знізу, навязаўшы на нітку — гэта пакуль угарэўся. На афарбаваную ў зялёнае сцяну лёг густы цень ад ружы і бальзамінкі, што стаялі на лаве ля акна ад вуліцы. На другім канцы лавы, на якой сядзеў Сцяпан, стаяў малады фікус у алюмініевым маленькім гаршчэчку, у яго ўпіраліся дзверы ад шафы, — шафа была прыадчынена. Убачыўшы на шастку сукенкі, Сцяпан адвярнуўся: яму стала несамавіта.

Волькі на хаце не было. Пасля, пераапрануўшыся, яна выйшла з каморкі, прычыніла шафу, стукнуўшы дзверцамі, і села з другога канца стала.

— Ну што ж. Госць дык госць. Як мой бацька казаў: і я ля гасця.

Сцяпан убачыў на ражку стала карабок сярнічак, успомніў, што хочацца курыць, але не знайшоў у кішэнях папярос. Нарэшце ён падняў на яе вочы. Яна была зграбная і прыгожая, чуць-чуць папаўнела. Твар загарэлы, ад агню ружовы і адтаго зусім малады. Вочы вялікія, спалоханыя, бегаюць, не ведаючы, дзе дзецца, — яна ўсё-такі недзе вунь як перакалацілася. Каса ў яе была заплецена ў вузел, на поўнай круглай шыі скакала жылка. Сцяпан закратаў плячыма, пад ім заскрыпела лава, — ён стаў падымацца.

Яна ўзняла на яго вочы — шэрыя і калючыя, яны блішчалі.

— Не бойся, калі і разваліш. Не гэта разваліў.

З ёй сёння цяжка было гаварыць, ён пачуў — і пачынаў шукаць, адкуль бы падступіцца.

— Не баішся, што людзі нас згледзяць, ідучы з вечарынкі?

— Бойся ты. Я сваё перабаялася. Я іду замуж.

Зноў стала ціха. Яму здалося раптам, што ён лучыў недзе ў чужую вёску і яго апанавалі сабакі. Ён не паверыў таму, што пачуў... Звыкся, нават жывучы далёка ад вёскі, што недзе там у Сцешыцах за грэбляй, ля самай дарогі на павароце, калі ехаць у вёску, жыве яна. Адна — маладая, з чорнай касой на грудзях, без мужа... Жыве — дзеля яго. Можа, нават часта чакае, каб прыехаў. Прыехаў, бо яна знебылася па ім, бо без яго ёй не жыццё, а з ім — яна плюе на ўсё на свеце. Бо калі яна з ім, — што ёй да таго, што ў яго ў горадзе жонка, што плявузгаюць у Сцешыцах бабы, ідучы ля яе хаты кожную раніцу на работу. Бо калі яна з ім, — нікога для яе няма. Яны — двое на свеце. Ён і яна... А Валерка?