Сцяпан першы раз за вечар адвярнуўся: яму не хацелася цяпер глядзець на яе, ён ведаў, што пазнае па яе вачах: усё, што сказала яна, — праўда.
За акном ціха стаяла цёмная вярба. Яна заблішчыць толькі пад раніцу, калі ўзыдзе месяц і будзе ўся што заінелая, як і тады...
«Як даўно было...» — падумаў ён і адчуў, што цесна за сталом.
— Я выходжу замуж. Ён экскаватаршчык. Паехаў на нядзелю дамоў. Я з ім даўно...
Ён лавіў кожнае яе слова: натапырыўся ўвесь, плечы ў яго падняліся ўгару, аж сарочка ля шыі сабралася ў складкі. Ён чакаў, што яна скажа яшчэ, і нечага баяўся.
— Блага, Сцяпан, пра мяне не думай. Ты ў мяне быў адзін... Я выходжу замуж... — гэта яна сказала хутка-хутка, і ў голасе ў яе была радасць, тая радасць, якой даў веры нават ён і якой мо гэтулькі чакала яна, хаваючыся ад усіх, доўга і ў пакутах, каб цяпер сказаць яму, самаму некалі блізкаму і цяпер самаму нялюбаму чалавеку, якога яна ненавідзіць...
Ён хуценька павярнуўся на хату, аж крутнуўся. Убачыў яе і ўвесь падаўся цераз стол, мо інстынктам, а мо раптам забыўшыся на ўсё. Яна была чыстая з твару, аж белая; вочы яе сталі чорныя і блішчалі. Яны глядзелі на яго. Яны былі рады, і яны зноў маладзілі яе на ўсе тыя доўгія чатыры гады... Ён падняўся быў з-за стала і рвануўся да яе, але вочы ў яе былі спакойныя, як у чалавека, які вунь як напрацаваўся, а цяпер сеў, каб на адну толькі хвіліну адпачыць і ўспомніць, што ў яго ў жыцці ёсць радасць.
Ён спыніўся, яму здалося, што нехта дужы схапіў яго ззаду за сарочку. Стала горача... Гарачыня пасля абдала яго ўсяго, ён пачуў, як у яго тахкае сэрца і стукае жылка на скроні. Цяжка было ў грудзях, — здавалася, уся гарачыня збіралася сюды. У горле было горка. Пасля ён забыўся на ўсё гэта, яго абдало густым холадам, бы гэта ў хаце хто выбіў акно і з двара з начы дыхнула сцюдзёным ветрам. Ён адчуў пасля, што нешта абмякла ў яго ўсярэдзіне і стала лёгка-лёгка... Як праз туман на другім канцы стала ўсміхаліся вочы. Ён павёў даланёй па твары: яна стала мокрая. Ён здагадаўся тады, што плача. Падумаў яшчэ, што плача перад ёй першы раз за ўсе чатыры гады. І яму стала шкада сябе і яе, бо мо яна без яго не раз плакала.
Ён сеў і падпёр кулакі пад падбародак. Глядзеў на не накрыты абрусам край стала, на выглянцаваныя сасновыя дошкі, сашрамленыя нажамі і відэльцамі. Яму мігнулася было ў галаве, што гэты стол пабачыў за сваё жыццё і голад у вайну, і бясхлебіцу, — неабразаную дробную бульбу, а то і проста гаршчок з заціркай, непрыбеленай і непрыскваранай; ён жа, стол, і ламаўся ад яды ў багатыя вяселлі, калі яго пазычалі суседзі. (Сталы на бяседы ў Сцешыцах людзі заўсёды пазычалі адзін у аднаго.) Цяпер ад стала пахла салёнай рыбай, і Сцяпану карцела спытаць, як яна, Волька, усё ж такі жыве з Валеркам, але яму нешта гнула шыю, і ён не мог падняць галавы.
— Ты недзе думаеш пра сваю Верку. Знаю... Ты яе вельмі любіш... А ў мяне ты сваё ўжо ўзяў. Можа, толькі душа баліць, што цаніць не мог, — пачуў ён, як сказала яна, і аж уздрыгнуў: пра Валерку ён цяпер не думаў.
— Я, Оля, дзяціны бацька, і ў мяне яно адно... — Ён не падымаў вачэй, і яна не дала яму дагаварыць.
— Валерка мой. Не прападзе. Быў бы ў хлапчаняці бацька... — Яна памаўчала і сказала, відаць, не тое, што хацела: — Не мацюкалася б яно. А то ўсё прыносіць з вуліцы, што пачуе. — Яна сціхла і, здалося яму, закраталася на другім канцы лавы. — Але я выйду замуж...
— А дзе Валерка? — яму цяжка было слухаць якраз тое, пра што яна несціхана гаварыла.
— Я сказала. Я яго на вечарынку пусціла. Кавалер...
Сцяпану раптам успомнілася, як за ім сёння ўвечары ішлі ззаду дзеці з усёй вёскі, дражнілі «Гусаком» і кідалі ўздагон агрызкі ад агуркоў. З усімі быў недзе і Валерка. Не ведаў ён, што гэта ішоў яго бацька, а каб ведаў, то мо пусціў бы ўслед не агрызак, а камень. А мо і не кінуў бы, хто ведае. Дзеці заўсёды добрыя.
Яны маўчалі. У хаце было ціха, і чуваць былі галасы аж з вёскі з вуліцы. Ён нарэшце падняў вочы на хату. Каля лямпы пырхаў маленькі сівы матылёк, уляцеў, відаць, вечарам, на агонь, калі было расчынена акно.
Пасля ён скоса зірнуў на яе, — яна сядзела, як і перш, толькі неяк падалася наперад да яго, і яе рука, што ляжала на стале, дрыжала, здавалася, што Волька ў глыбокім одуме перабірае пальцамі. Чорная жакетка ў яе спаўзла з плеч і ляжала ззаду на лаве. У вачах у Волькі была тая ж радасць, і яму здалося, што ўсё тое, пра што яна гаварыла цэлы вечар, — зман... Яна рада яму, каго так доўга не бачыла і чакала. Ён угадаў гэта па яе вуснах — яны так заўсёды варушыліся, крыху адтапырыўшыся і дрыжачы, калі яна хінулася сама да яго...