Выбрать главу

Калі ён нарэшце смела глянуў ёй у вочы, то здзівіўся самому сабе: як гэта ён яшчэ не пацалаваў яе...

Ён глядзеў на яе і, мусіць, усміхаўся, бо ўсміхнулася яна. І ў яе зноў затрымцелі вусны...

Тады яго падхапіла з месца...

Ён помніў, як Волька ад яго чамусьці загарадзілася рукамі, пасля закрыла твар...

— Оля... — Ён успомніў яшчэ, што такім шэптам зваў яе заўсёды там, за перагародкай, дзе грубка.

Калі ён схапіў яе на рукі, пачуў, што яна такая ж, як і была некалі, зусім не пацяжэла. Ён, забыўшыся на ўсё, шукаў яе вусны і не ведаў, чаму яна закрываецца рукамі... Пасля яго раптам ударылі недзе пад грудзі. Яму здалося, што гэта ён усё яшчэ за сталом: падняўся нечага, і гэта яго Волька зноў цягне сесці, бо ён доўга стаіць і ў яго закруцілася ў галаве. Ён разняў рукі, якімі трымаўся за рог стала, і стаў апускацца на лаву. Але раптам патухла лямпа, і лава далёка-далёка адсунулася ад яго. Ён ударыўся галавой аб сцяну... Здалося, грукнулі дзверы і некуды выбегла Волька. Ён хацеў яшчэ клікнуць яе, але балюча было дыхаць... Нарэшце яму сцяла горла, і ў вачах стаў вялікі чорны павук.

Ён не ведаў, што сам, як павук, падкурчыўшы пад сябе рукі і ногі, ляжаў на падлозе ля самай дашчатай перагародкі. На галаву яму звешвалася тоўстая суконная ў клетку пасцілка, якая замест дзвярэй закрывала ўваход туды, куды некалі хадзіў ён, Сцяпан.

Ідучы цераз доўгія цёмныя сенцы, выставіўшы ўперад рукі, каб не наткнуцца на што, ён чуў, як шаркаюць па няроўнай глінянай падлозе яго ногі і далёка, прыглушана, цяпер ужо за сценамі, плакаў дробненькім голасам яго сын — Валерка. Моцна гаварыла Волька, але ён не разбіраў што. Мусіць, угаварвала Валерку.

У сенцах пахла сырой глінай і вялай травой — канаторжнікам і палыном. Сцяпан пачуў, як яму падварочвае пад грудзі, — ён прыхінуўся да сцяны і піхнуў нагою дзверы. У сенцах павіднела, і ён, бачачы, куды ісці, павалокся на двор.

Кружылася галава, — ён апёрся локцямі на частакол і ўспомніў, што яго ўдарылі ў хаце.

— Эх, тваю... — вылаяўся ён.

З-пад частаколу пахла палыном, але радзей, чымся ў сенцах; зводдаль, з град, несла агуркамі і кропам, і Сцяпан, разявіўшыся, дыхаў і дыхаў на ўсе грудзі.

Пачуўшы зноў з хаты галасы, успомніў, як Волька падняла была крык, калі ён курчыўся на падлозе. Не праз яго спалохалася, — прачнуўся Валерка і выбег з другога пакойчыка з-пад пасцілкі на хату, тручы вочы кулачкамі. Яму, Сцяпану, манілі. Хлопчык быў дома і ўсё чуў... Ляжаў толькі ў пасцелі ні жывы ні мёртвы. Баяўся...

Волька падхапіла яго на рукі, занесла за перагародку і хуценька вярнулася:

— Уставай, Сцяпан... Ідзі. Сам відзіў, якая я цяпер... — голас у яе быў ціхі, яна, відаць, стрымлівала сябе. Пасля закрычала раптам на ўсю хату: — Я даўно пракляла і тую ноч, і тое месца... І тады ты быў такі ж п'яны, як і цяпер...

Сцяпан згледзеў, як паляцеў з лавы ў сенцы праз расчыненыя дзверы скрутачак у белай паперыне.

«Касцюмчык, — падумаў ён. — Дурніца... Чаму яна не крыкнула «вон!»? Як гоняць з хаты, крычаць «вон!».

Калі ён падняўся і, апіраючыся на дашчатую сцяну, сунуўся да дзвярэй, яна ішла за ім ззаду, і на руках у яе быў Валерка. Выскачыў, відаць, зноў з-за пасцілкі. Сцяпан нават не зірнуў на яго, — нечага баяўся, каб падняць галаву.

...Ён стаяў цяпер, апёршыся на частакол, і дрыжаў ад холаду. Тут блізка было да ракі, і туман вісеў аж над страхой над свіронкам, што стаяў на другі бок вуліцы ў аселіцы. У канцы вёскі, ля Панка, дзе была вечарынка, нехта яшчэ гаманіў, — усё было чуваць аж тут, ля Вольчынай хаты.

Сцяпан агледзеў, што ля ног у яго была лавачка з новай дошкі. Хацеў быў сесці, павярнуўся нават і выпусціў з рук частаколіну. Але на лаўцы сядзеў чорны кот, стары і вялікі. Не зважаў на яго, хроп курню. У Сцяпана памякчэла на сэрцы.

— Ка-цы, ка-цы, ка-цы... Катапу-у-льт... — паклікаў ён.

Кот сціх і падняў на яго вочы. Жоўтыя-жоўтыя.

— Ка-цы, ка-цы... — Сцяпан асунуўся на лаўку і падняў рукі, каб пагладзіць ката, але той, зафыркаўшы, ускочыў на лапы і выгнуўся, як вялікі чорны абаранак. На хвасце ў яго ўстала поўсць.

— Катапульт чортаў! — Сцяпан вылаяўся на ўсю вуліцу. Яго раптам ахапіла злосць на ўсё на свеце. У яго заляскалі зубы. Ён адчуў, што мерзне, і падняўся, каб ісці аж у канец вёскі, за лагі, дзе ён паставіў машыну ў сваёй мачыхі, Альжбеты Канешлі.