Калі ён ішоў вуліцай, чуў, як з хлявоў пахла сенам, як недзе за аселіцамі ў тумане пісклявіла качаня, адбіўшыся ад маткі.
На ўсходзе, у кутку за вёскай, па небе як бы хто расплёхаў размешаную гліну, бралася ранішняя зара. На вуліцу краўся дзень.
5
Што ён уграз, Сцяпан пазнаў адразу, калі матор аж зазвінеў, як напятая струна.
Ён даў назад: колы круціліся на месцы, і праз аконца ў кабіне было відаць, як асядае кузаў. Здалося, што паніжэла сядзенне. Сцяпан выключыў счапленне; выцер белыя пляйстры на паўбацінку. Дастаў з кішэні памяты пачак папярос, закурыў і плюнуў. Саскокваць не трэба было, ён проста ступіў на траву: падножка ляжала на самай зямлі.
Абышоў вакол машыны, згінаючыся і заглядаючы пад рысоры, якія аселі на гнілыя альховыя абломкі, пасля адышоўся і глядзеў на скошаны зашыек на балота, якое адгэтуль ішло лесам да Сцешыц. Яно было роўнае і зялёнае, як вясной: на ім парасла атава. Ля бярэзніку, відаць, дзе сушэй, — адзін ля аднаго стаялі два рудаватыя худыя стагі. Ля мастка, што быў воддаль ад дарогі, і па якім некалі тралявалі з бору дрэва леспрамгасаўцы, і па якім хацеў рыскнуць праехаць і Сцяпан, тырчалі дзве сухія тычкі. Насупраць іх з аднаго і другога боку зашыйка вылазілі з балота два новыя сасновыя слупы: тут ішлі межы.
Убачыўшы над зашыйкам канюха, ён успомніў, як сёння раніцай прыйшла ў хлеў будзіць яго Альжбета, дзе ён спаў на сене. Пасля, калі ён мыўся на двары ля студні, бачыў, як яна на лагу, згінаючыся, збірала ў падол пер'е — там хадзілі калгасныя гусі. Згіналася аж на каленечкі: была хворая і нядужая.
— Усё роўна ў пярыне не пахаваюць!.. — выплюнуў ён з рота акурак і, уваліўшыся ў кабіну, уключыў счапленне і націснуў на газ.
Матор роў на ўвесь лес, дрыжаў, і здавалася, вось-вось выскачыць з-пад капота. Сцяпан варушыўся, напінаўся, пацеў, выціраў рукавом пот з ілба і зноў са злосцю сціскаў рукамі чорны каструбаваты руль. Глядзеў, як трасецца за шыбамі зямля, і яму здавалася, што трасецца, апусціўшыся на каленкі, Альжбета, трасецца, седзячы на край стала, Волька, трасецца ён сам, точачыся пад раніцу ў сена і не могучы ніяк сагрэцца. Ён у сене, так і не сагрэўшыся, заснуў знянацку. Доўга пасля яшчэ падхопліваўся са сну: здавалася, што недзе на ферме пажар. Там бралася ўзыходзіць сонца. І калі ён зноў зводзіў павекі, — перад ім сядзела на рог стала Волька, і ў вачах у яе была радасць...
У кабіне стала горача — пераграваўся матор.
«Аж пара чхае з радыятара», — падумаў ён і, скінуўшы газ, выключыў зажыганне. Па прывычцы хацеў забраць у кішэню ключы, але махнуў рукой, і яны на тасёмцы доўга бразгалі па цьмяным шкле ўжо сапсаванага пасля капіталкі спідометра. Не вылазіў, думаў цяпер пра Пецю Гурбана.
«У калгас папёрся снапы на машыну нагружаць. Калгас яму трэба... Спадніца Ліліна ў галаве. Памог бы тут. Займаў толькі ўчора месца ў кабіне ўсю дарогу. Падбяры, падвязі бясплатна. Ласку зрабі!»
Выцягнуўшы пасля сядзенне з машыны, ён усеўся на яго, што мядзведзь на муравейнік, і доўга курыў, гледзячы, як за старыя асіны апускаецца вячэрняе сонца. Дзень стаяў гарачы, і цяпер пахла з лесу яловай смалой і багуном — недзе адтуль, з другога боку балота. Там пачынаўся барок, парослы саснячком і белым мохам. За ім лысела пасека, куды вяла гэта праклятая грэбля, дзе леспрамгас за зіму выразаў аж тры кварталы — усю пушчу, дзе некалі стаялі кутузаўцы. Ад іх яшчэ засталіся нават цэлыя зямлянкі. Абгарэлі толькі ад агню, а дрэва не пагніло. Пасека ўся ў шліхтах, аж адгэтуль відаць...
Убачыўшы, што зверху на колах пачынае засыхаць гразь і бялець падзолісты пясок, ён вылаяўся і ўсхапіўся з сядзення. Стаўшы на каленкі і не чуючы, як мокнуць ногі, ён пачаў адграбаць альховым паленам гразь з-пад задняга кола.
Пачуўшы, як над самай галавой застракаталі сіваваронкі, што сарокі, ён спалохаўся і плюнуў.
Зноў стракатала, недзе ўжо воддаль на дрэве, сіва-варонка, — ён не зважаў на яе: стаяў па самыя калені ў гразі, сартуючы пад машынай альховыя абломкі...
Не чакаў цяпер чалавека і, калі пачуў, што нехта кашляе над ім, не паверыў, падумаў: сіваваронкі. І калі ўжо нехта смела штурхнуў яго ззаду ў плячо, — суцішыўся і азірнуўся, угледзеўшы нечыя бліскучыя новыя гумовыя боты.
— Здаро-оў! — пачуў ён залівісты голас і пачаў вылазіць з-пад машыны.
— Здароў, каб па табе поп зароў, — адказаў ён, яшчэ добра не пазнаючы, што перад ім Аверка са Сцешыц, аж пакуль той, заплюшчыўшы вочы і пакруціўшы галавой, не засмяяўся:
— Хі-хі... А бадай ты... Ды я ж цябе адразу не пазнаў.