Аверку было гадоў пяцьдзесят, але выглядаў ён молада і твар у яго быў нейкі хлапечы. Можа, таму, што ў яго і пад старасць расла русая барада і ён яе галіў раз у тыдзень — у суботу, калі ішоў да каго чужога памыцца ў лазні. Учора была субота, але Аверка не пагаліўся, — відаць, ніхто ў вёсцы не паліў лазні, у Сцешыцах летам рэдка тапілі лазні, — і ў яго адрасла ладная бародка, з-пад якой высвечваў чырвоны твар: Аверка быў п'яніца. Пасля вайны ён стаў лесніком — прапіваў лес, аж пакуль не выгналі. Пайшоў пасля ў леспрамгас. Быў то возчыкам, то грузчыкам, цяпер — вартаўніком: глядзеў шліхту, ездзіў разам з «пэтээс станцыяй», як ён казаў, і пільнаваў электрапілы на эстакадах.
Стаяў ён цяпер ля Сцяпана ў новым картовым касцюме і ўсё сіпеў:
— Хі-хі-і-і... А я думаў, хто гэта?.. Але я цябе злавіў... Знаю: паленца хацеў ускінуць. Метраў бярозавых — машынку нагрузіць, а ночкай — фіць. — Ён быў змоўк, пасля перамяніўся з нагі на нагу, што конь, якому абрыдла стаяць у гразі, і сказаў, ціха і не смеючыся: — А яны ёсць. І бяроза ёсць. Цэлы бор вуньдзека... Толькі не там ты хацеў пераскочыць цераз гэты зашыек. — Ён убачыў, што Сцяпан на яго падняў вочы — слухае, і зноў стаў залівацца: — Тут толькі адзін наш Глымбоцкі на сваім ЗІСу напрамую рве. Я і думаў, што гэта Глымбоцкі... Але ж, думаю, чаго гэта ён у нядзелю. Нікога ж на стакадах няма, толькі я. Чаго гэта ён, думаю. Але ж гэта ты, я цябе адразу і не пазнаў...
— На, закуры... — перабіў яго Сцяпан і падаў пачак папярос. — Адну вазьмі... — дабавіў ён, калі ўгледзеў, што Аверка панёс пачак у кішэню пінжака. — Я сказаў: закуры... І сядзенне ўкінь у машыну, а то з нагамі на яго ўзаб'ешся, а я тады буду выёрзваць гразь...
Аверка зрабіў усё са спрытам, але папярос не хацеў аддаваць.
— Давай сюды, брат. Я сказаў: закуры, — Сцяпан выцягнуў сваю доўгую руку, — і давай вунь тыя «метры», што ля вывараткі, пад машыну...
Аверка разявіўся, і папяроса выпала ў яго з рота. Пасля ён цюпаў гумовікамі па гразі, адыходзячыся ад Сцяпана задам. Вусны ў яго скакалі, нібыта ён сёрбаў гарачую ваду, вочкі зрабіліся маленькія-маленькія, як вушка ў іголцы.
— Дык жа я... Як гэта? Ды мне... Самі...
Аверка, баючыся, упіраўся.
Калі Аверка прывалок сырую асінавую плашку да машыны, Сцяпан калупаўся ў гразі пад кузавам — тырчалі толькі яго ногі з закасанымі на лытках штанамі. Аверка пасмялеў:
— А я думаў, што гэта наш Глымбоцкі дунуў напрамую. Галава садовая... П'е і лупіць цераз балота. Але ж думаю, чаго ён у нядзелю?..
Сцяпан маўчаў, варочаючыся з боку на бок, і Аверка падсунуў плашку яму да самых ног:
— Х-хі... Знаю, паленца хацеў ускінуць... Але калі ты мне не зробіш... — Аверка памаўчаў. — Усе так робяць. Ты маеш. Цэлы кузаў недзе з горада баб падкінуў. Нашы шафёры, Глымбоцкі, вунь, якая тут дарога, а маюць... А ты...
— Не трубі нада мной. Занясі плашку на той бок...
— Не трубі, не трубі... — закрычаў Аверка. — А ты мной не папіхай! Камандуе. Я думаў, ты за гэта... А то я нумарок ад тваёй машынкі на паперку і — куды следуе. А там з цябе — чык-чырык, не гэта ўрвуць.
Сцяпан заварушыўся і пачаў вылазіць з-пад машыны. Аверка сцяўся і панёс плашку на другі бок пад кола.
— Ідзі сюды...
Пачуўшы, што яго клікнуў Сцяпан, ён вярнуўся з плашкай у руках.
— Хі... Я гэта так сказаў... Дзеля слова...
— Я табе нумарок скора на носе як чык-чырыкну... Асмакаваўся, відаць...
— Сцяпан... Сцяпанка... Ды я што? Я ж нічога. — Аверка мітусіўся, бачком падаючыся на сухое, бы хацеў уцячы.
— Не сіпі... Я знаю цябе... — Сцяпан ступіў да яго, атрасаючы ад гразі рукі. — І каб толькі можна мне было даць сабе волю... Я цябе, як плашку, у гразь бы... Смоўж... Толькі я пэцкацца не стану. А вот якія ты тут нумаркі з дрыўмі адкалваеш — дзе-дзе, а ў леспрамгасе знаць будуць. Можаш на ўсе чатыры стараны... Бяжы!
Сагнуўшыся, Аверка быў адбегся з дарогі. Але Сцяпан больш на яго не глянуў, перагнуўся ў паясніцы, ускочыў у кабіну. Калі зараўла машына, Аверка закрычаў:
— Сцяпан!.. Ты гэтага не зробіш! Ты не скажаш... Я табе яшчэ сам за гэта магу не такую ласку... Што тая машына дроў... Толькі ты не скажаш. Нада мной вісіць ужо... Ты не скажаш...
Лежачы зноў пад машынай, пад якую цяпер ледзь падсунуўся, — яна так асела, што на карданны вал наматалася сырой травы, — Сцяпан чуў, як яго просіць Аверка, цёпкаючыся ззаду па свежай гразі, якой накідалі колы. Адлягала злосць. Нарэшце ён, забыўшыся на Аверку, сцішыўся пад машынай і доўга ляжаў. Тады вылез, выцер аб траву рукі.
— Заткніся! Ён яшчэ тут!.. — закрычаўшы, ён пачуў, як і па лесе пайшло рэха. Вечарэла, з балота ўжо не было відаць сонца. Дым вісеў у кустах, як туман, не распаўзаўся. — Рысора... Лопнула...