— Дзе? Рысора? Якая рысора? — Аверка зноў забегаў каля яго. — Гэта не жартачкі. Я знаю. У Глымбоцкага раз... Дамкрат трэба. Можа, я што памагу... Можна збегаць на бор, адамкнуць кладоўку і ўзяць лом ці лапату. А то і рысору. Там усё можна знайсці, парыўшыся добра.
Сцяпан не слухаў яго. Абышоўшы разы два вакол машыны, ён прысеў і доўга глядзеў пад заднюю вось, думаючы. Пасля ўскочыў:
— Капіталка! Пасля капіталкі ЗІС! Галовы б іхнія ў капіталку...
— Ага... Капіталка. І я кажу. Капі-аталка. Рукі бог ведае дзе...
— Вось што, — перабіў Аверку Сцяпан, — чашы ў вёску.
— Як? У вёску?
— У вёску.
— А стакада? Там пілы, там тросы... Там усё... Не-не...
— Надта пра мяне не трубі, — Сцяпан усё не падымаўся. — Знойдзеш Пецю Гурбанчыка. Чуеш? Са мной той прыехаў. Знойдзеш ці на ферме, дзе снапы складаюць, ці ў Юлькі. Хай шафёра калгаснага бярэ. З машынай. Гурбана Пецю! Не чуў? — Сцяпан раптам ускочыў на ногі. — Знойдзеш. Ён усё знае, што к чаму. А не — то твая галава на карку для чаго?
— Ды я... З мілай душой. А стакада? Можа, Глымбоцкі падскоча...
— Ды ну яго... твайго Глымбоцкага... — Сцяпан ішоў проста на яго, разгінаючыся, і адтаго рабіўся вышэйшы і шырэйшы ў плячах. — Пойдзеш балотам. Бліжэй. І каб Гурбан мне дацямна тут быў. З шафёрам...
Аверка скокнуў са старога драўлянага насцілу ў высокую, неабкошаную рудую траву і зацёпкаў па вадзе.
— Глядзі стакаду!.. Глядзі стакаду! — крыкнуў ён ужо ад стагоў. — А калі будзе Глымбоцкі...
Сцяпан не разабраў, што трэба рабіць, калі будзе Глымбоцкі.
Ён доўга стаяў і глядзеў услед Аверку; глядзеў, як далёка за імшарамі заходзіць сонца. Пасля яму здалося, што недзе там пажар, што агонь бяжыць верх лесу аж сюды, у зашыек на балоце. Калі ён глянуў угару, убачыў недалёка на сухім бары старую высокую рабіну, усю чырвоную ад ягад. Яны аж гарэлі: іх яшчэ даставала сонца.
Ён глядзеў на рабіну і бачыў, як і яна пасля пачала стухаць. Тады ў яго заныла ўсярэдзіне: ён успомніў Вольку.
6
Усе гэтыя дні стаяла на пагодзе, а сёння раніцай узняўся вецер, запахла зямля, з-за ракі пацягнуліся на вёску хмары. Закрычалі кнігаўкі, бліскаючы белымі грудкамі на чорным небе, — прыляталі з выгану ў Сцешыцы аж на аселіцы.
Збіралася на дождж.
Сцяпан апёрся на плот і глядзеў на пагорак, дзе з-за чорных хмар-тулягоў выкочвалася сонца, як вялікі нагрэты камень з печы.
З фермы вуліцай пагналі коней. У другім канцы вёскі за гумнамі рыкала скаціна.
Сцяпан згледзеў, як па загуменні, недзе адтуль, з Вольчынага гарода, пагнаў карову хлопчык у нечым чырвоным. Махаў дубцом і пускаўся подбегам: скаціна была ўжо далёка за гумнамі.
Спяпан быў злякнуўся і падаўся ўвесь на плот, аж недзе спаднізу затрашчалі жэрдкі.
«Валерка...» — падумаў ён, і ў яго зашчымела ўсярэдзіне. Хацеў закурыць — не знайшоў сярнічак. Трэба было ісці куды ў хату, але ён не крануўся, павіс яшчэ больш на плоце.
Калі з-за хлева дзьмуў вецер, Сцяпан падстаўляў яму твар, тады свяжыла і знімала сон. Нават плечы ў халадку пераставалі балець і не ныла спіна.
Ён з таго самага часу, як схаваўся з вачэй Аверка, прасядзеў пад машынай да самага цямна. З вёскі Гурбан з шафёрам прыехалі толькі ў поўнач. Машыну вытарабанілі, пасля ўсю ноч, расклаўшы агонь, сядзелі пад «заднім мастом» ля Альжбеты на вуліцы.
Сёння раніцай на двары ён доўга думаў, што ўсё ж нязручна ехаць паражняком, — гэтулькі навалаводзіўся. Машыну сюды ён загнаў яшчэ ноччу, бо, калі ехалі з лесу, успомніў, што пад хлявом у Альжбеты ляжаў клён. Вазы са два бярвення. І не доўгае. Немаведама для чаго яго згрузілі тут. Відаць, некалі Альжбета купіла дроў у шафёраў, і клён гніе пад хлевам у гнаі.
Падагнаўшы машыну да самага хлева, ён адкінуў борт і адзін цягаў у кузаў калоды. Угрэўся і распарыўся, варочаючы шліхту, каб выбраць што лепшае.
...Пахла клёнам на ўвесь двор. Здавалася, што гэта з хаты пахне рашчынай, — замясілі хлеб у вялікай дзяжы, як заўсёды рабіла яго маці, калі Сцяпан быў малы. Ён дрэнна помніць маці. Здавалася яшчэ, што на дварэ вясна. Пад платамі ляжыць лёд, не хоча раставаць, бо на ім гурба трасочніку — за зіму на двары шмат было дроў. Зіма стаяла халодная, Сцяпан помніць тую зіму, — тады ён быў у лапцях і адмарозіў на назе вялікі палец. Халодная была і вясна. Ветраная — гнала пясок з загумення аж у вёску. Але затое было ціха ў лесе. Ціха і добра. І там яшчэ пад мохам ляжаў лёд, але Сцяпан бегаў ужо за бацькам спускаць кляновы сок. Тады Сцяпан быў такі ж, як цяпер Валерка, і бацька яго вунь як любіў. Тады пахла клёнам і хлебам на ўвесь лес.