На двары пахла клёнам...
Сцяпан, апёршыся на плот, доўга глядзеў на загуменне, дзе на полі ў лазе стаялі дзве старыя асіны. За імі быў лес. Далёкі, цёмны і сіні. Недзе сыры яшчэ ад расы. Захацелася пераскочыць цераз плот і пабегчы па бульбянішчы туды, дзе маладзенькі сасняк. Там ямы, там хаваюць на зіму бульбу. За імі — пасека. Там ён пасвіў некалі кароў...
Вецер налятаў цяпер аднекуль з вуліцы, і ў плоце ныла сухая трава. Але ён угледзеў пасля, як варушыцца ў гародзе ад ветру бульбеўнік, — гэта туды далей, дзе вецер дзьмуў з поля.
З-за хаты на гарод глянула сонца, і Сцяпан убачыў, як увесь бульбеўнік стаў белы, нібыта найшло снегу.
Гэта цвіла бульба. Сцяпан не бачыў ніколі, каб так яна цвіла. Ад хаты да самай мяжы, дзе расла яблыня-дзічка, гарод быў усыпаны белым цветам. Белым і густа-сінім... Сцяпан не помніць добра: сінім, мусіць, цвіла сібірка. Белым — гэта паспешка, ён ведае. Ён капаў яе колькі вунь у гародзе. А тую, што цвіла сінім, маці заўсёды крычала, каб не падкопвалі...
Сцяпан успомніў, як увосень, калі яны выбіралі бульбу ў тым гародзе, што ля фермы, на вёску наляцелі нямецкія самалёты і пачалі кідаць шашкі. Загарэлася пуня. Яны пабеглі наўцёкі — у Лазу на загуменне. Сцяпан помніць — бяжыць, а ўверсе недзе стукае кулямёт. Фюр-р-р?.. Фюр-р-р!.. — ляцелі пустыя гільзы. Сцяпан сам іх збіраў у Лазе.
У Лазу пагнаў карову Валерка...
Сцяпан выпрастаўся і доўга яшчэ глядзеў на загуменне і на гароды, дзе над лесам хавалася ў хмары сонца. Пасля падышоў да машыны, закрыў і зашчапіў кузаў. Узбіўшыся з нагамі на яловы калок, падняў яго з зямлі і ўскінуў на машыну. Знайшоў у машыне — у адтуліне-скрыначцы пад пярэднім ветравым шклом — даўні, запэцканы ў мазуту карабок сярнічак, закурыў.
Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Стукнуўшы дзверцамі, Сцяпан адпусціў тормаз, і машына сама пакацілася да варот: двор быў пакаты.
На вуліцы ён доўга сігналіў, думаючы, што трэба ж забраць Гурбанчыка. Хлопцу ж на работу, і той позніцца праз яго, Сцяпана.
Сігналячы, ён і наклікаў зноў бяду на сваю галаву. Аднекуль з гародаў, пераскочыўшы цераз плот, на вуліцу выбег Аверка і, махаючы рукамі, кінуўся ледзь не пад машыну. Быў чыста паголены, надзеў і чыстую шэрую кепку — яшчэ больш памаладзеў.
Сцяпан узяў на тормаз. Аверка спрытна з тратуара ўскочыў на падножку і праз апушчанае шкло ўсунуў у кабіну галаву.
— Сцяпан... У мяне душа свярбіць. Не губі. Ну, можа, калі што, сам ведаеш, сам ехаў і набраў, во, недзе. А мяне з работы...
— Чаго ты хочаш? — Сцяпан націснуў на газ, машына зараўла, і Аверка зноў закрычаў:
— Не губі!.. Ты можаш зрабіць, я знаю. А што тады мне?..
— Ану адсюль! Гэта табе не сані, хеўра... Націснуўшы на газ, ён павярнуў да частаколу і штурхануў Аверку ў плячо. Той саскочыў з падножкі і, пачуўшы за плячыма частакол, прыстыў да яго.
Сцяпан затармазіў аж ля Юльчынай хаты, дзе начаваў Пеця Гурбан. Убачыўшы на другі бок вуліцы за рабінай Панкову будыніну з забітымі вокнамі, дзе ўчора былі танцы, Сцяпан скорчыўся ўвесь у кабіне, адвярнуў галаву, адчуўшы, як злубянела спацелая сарочка і рэзала шыю.
— Дзе Пеця? — крыкнуў ён на двор.
— А дзеткі... Дык ён жа і спаць не лёг. Цэлую ноч недзе... Учора — дык на танцах, удзень снапы вазіў, а гэтую ноч зноў недзе... І не заснуў, не прылёг... — пачуўшы яго, Юлька ішла да варот.
— Паедзе ён ці не?
— А дзеткі... Ды ён жа... Пабег на аўтобус. Я ж кажу: і не заснуў. Намардуецца ў дарозе... Пакуль да той шашы. Я яму казала: пачакай. А ён... Спяшыць... Прыехаў, во, і не аддыхнуў...
Завярнуўшыся на лажку, Сцяпан імчаў праз вёску як шалёны, помніў толькі, што трымае нагу на тормазе і глядзіць перад сабой.
На вуліцы з зямлі падняліся гусі...
Сцяпан збавіў ход і пачаў сігналіць. Высунуўшыся з кабіны, ён бачыў, як разбягаюцца белыя гусі якраз ля Вольчынай хаты...
Звярнуўшы з вуліцы на дарогу, ён памчаўся да маста. Але трэба было яшчэ «напаіць машыну», і ён падумаў, што яму цяжка сёння выбрацца ў дарогу.
7
Вядро ляжала ў кузаве, і Сцяпан сплюшчыў яго кляновымі чуркамі. Выцягнуўшы цяпер і разагнуўшы — паставіў бокам на падножку і падціснуў зверху каленам, — ён подбегам пусціўся з горкі да рэчкі. З гэтай горкі ён, калі быў малы, толькі раз з'ехаў на самаробных лыжах... Успомніў, што ён баіцца і цяпер з'язджаць з гары на лыжах...
Мост цераз раку ляжаў зусім нізка, над самай вадой, але пад ім было каменне; вялікае, аброслае мохам, яно, мокрае, вытыркалася з вады, і тут можна было прымасціцца, каб не зачарпнуць гразі: рака была мелкая. Рака ля Сцешыц заўсёды была мелкая, нават вясною рэдка разлівалася, і Сцяпан падумаў, што партызаны ў апошнюю блакаду, калі чакалі немцаў, дарэмна спалілі мост. Сцяпан помніць, як і ён тады — і ўсе дзеці з вёскі — насілі з фермы ахапкамі салому на мост. Пасля яе падпалілі партызаны. Новы мост — яго зрабілі толькі перад самай вайной — быў на высокіх палях, увесь з сасновых смаляных плашак. Гарэў ён чорным дымам ад палудня да вечара. Тады была пагода, і палі вытлелі за ноч да самай вады. Не пагнілі, яшчэ і цяпер тырчаць з вады...