Засіліўшы вады, Сцяпан цяжка падымаўся на горку, гледзячы пад ногі. Калі ён нарэшце зірнуў на дарогу, то ўбачыў ля маста хлопчыка. Той стаяў да Сцяпана плячыма, махаў дубчыкам і глядзеў пад задзёрты капот у машыне, дзе, пасапваючы, пыхаў матор. Хлопчык быў у чырвонай кашульцы і штоніках на шлейках, — адна шлейка з'ехала з пляча... Сцяпан заўважыў яшчэ, што адна калошка ў штоніках у хлопчыка падкасана да калена, а другая, што целяпалася па назе, была мокрая і ў жоўтым пяску. Хлопчык не чуў, што ў яго за плячыма чалавек, падскочыў раптам да машыны, ткнуў дубцом туды, дзе лётаў прапелер, і зноў адбегся — проста ў рукі Сцяпану.
— Ах ты... — Сцяпан схапіў яго за шлейкі. У кулак заграблася разам і ягоная чырвоная кашулька. Сцяпан адчуў, што яна мокрая і халодная. — Я цябе зараз з галавой у матор, калі ў цябе рукі доўгія... Што маўчыш? Ты што?.. Гэта ты?.. Ну я ж табе... Дык гэта ты?..
Сцяпану раптам захацелася, каб хлопчык закрычаў, як толькі можа, тады б ён выпусціў яго, і той знік бы адразу з вачэй дзе-небудзь за плотам у бульбеўніку. Але хлопчык маўчаў, толькі пачаў часцей дыхаць, павярнуўшы галаву і гледзячы яму, Сцяпану, проста ў вочы. Сцяпану стала горача: ён не ведаў, што рабіць.
Гэта быў Валерка.
Сцяпан даўно адпусціў руку, разагнуў пальцы, што былі ў кулаку, і даланёй выцер пот; пасля прыгладзіў пасму валасоў на лбе і паскроб патыліцу.
— А я нічога і не рабіў... — залапатаў раптам хлопчык, замахаў рукамі, як злоўленая птушка крыльцамі. На зямлю ўпаў дубчык. — Бо каб што зрабіў, то заглох бы матор. А ён не заглох... А ён не заглох...
— Ну добра... — Сцяпан адчуў, што голас у яго грубы і дрыжыць. — А чаго ты тут?
— А я ўвідзіў тваю лайбу...
— Што? Што?
Хлопчык падняў дубчык, адбегся, глядзеў Сцяпану ў вочы і маўчаў.
— Хто цябе навучыў?
— Леспрамгасаўцы. Яны катаюць у кабіне. І Жук, і Вярбіцкі... Я ў кабіне ездзіў...
— Гм... — Сцяпан збіў даланёй накрыўку з радыятара і, падняўшы вядро, пачаў ліць у трубку ваду, пазіраючы коса на Валерку. Яму кінулася ў вочы, што той мурзаты і босыя яго ногі ў гразі. Тая, што відаць па калена са штаноў, абдзёрта ля шчыкалаткі... Сцяпан заміргаў вачыма, яму дыхнула ў твар парай з радыятара, пасля апусціў руку з вядром і доўга не зводзіў вачэй з хлопчыка, аж той засоўгаў ножкай па пяску. Тады Сцяпан перавярнуў вядро дном угару, не зважаючы, што цэдзіць гразь на паўбацінак.
— Ну, мне, брат, ехаць трэба... — сказаў ён хутчэй самому сабе: трэба ж нарэшце выбрацца ў дарогу, але цяпер адчуў, што зрабіць гэта яму будзе цяжэй, чым калі.
Валерка яго не слухаў. Падышоўшы да самай падножкі, гладзіў даланёй бліскучае сядзенне, не выпускаючы з рук падсохлага лазовага дубчыка.
Сцяпан паволі падышоў да кузава, ускінуў на кляновыя калоды вядро і, вярнуўшыся, стаў ля кабіны, гледзячы праз зашклёныя дзверцы на Валерку. Адтуль на яго зірнуў высокі рослы чалавек — шкло павялічвала, — і Сцяпан уздрыгнуў. Яму раптам здалося, што на дарозе поўна пяску і ён уграз па калені.
Яму захацелася гаварыць і гаварыць з Валеркам: ён не малы, хоць яго галава толькі дастае да сядзення. Ён такі, які здаўся праз шкло, хоць Сцяпан другі раз праз шкло і не хоча глядзець на яго. Надта ўжо непрыгожы твар тады ў хлопчыка, выцягнуты, і вушы, як сподачкі. А сам Валерка прыгожы. І твар у яго прыгожы, кругленькі, і вушы маленькія, хоць і адтапырыліся, і вочы чорныя, аж круцяцца. І блішчаць, як у Волькі. І валасы ў яго цёмныя, як у маці. Толькі нос будзе такі, як у яго, Спяпана. І бровы так хмурыць...
Яму захацелася яшчэ ўзяць яго на рукі. Ён успомніў, што ні разу яго не браў на рукі, нават не падпускаў блізка, калі прыязджаў у вёску і быў у Волькі. І яна прывыкла да таго, заўсёды гнала з вачэй Валерку. Але ж тут нікога няма, ля маста, тут іх ніхто не бачыць. Не, тут іх усе бачаць, тут яны на відку ўсёй вёскі...
— А ты знаеш, хто я? — сказаў ён тое, чаго зусім не думаў.
— Ты — Сцяпан. Я знаю. Ты ўчора быў у нас, і ты перш быў у нас. Толькі ты горш за Жука і за Вярбіцкага. Ты баішся мяне падкатаць.
Сцяпан уздрыгнуў. Тое, што яму ніяк не магло прыйсці ў галаву, падказаў хлопчык, ягоны сын...