Сцяпан пасадзіць яго ў кабіну, падвязе, падвязе да другога маста, што на канец грэблі...
Ён доўга не рашаўся. Падняўся быў, ступіўшы на кола, у кузаў, узяў адкінуў да самай кабіны вядро — яно мазоліла яму вочы. Скочыўшы на зямлю, доўга глядзеў на вёску, тады за раку на выган. Адтуль несла рэдкія хмары, дзьмуў вецер... Ад машыны пахла клёнам.
— Ну, брат, скакай... Лезь сюды... А то ты змерз. Раніца халодная. А ты мокры. Мокры ўвесь. Лезь. Пагрэемся. А назад не будзеш баяцца ісці? Я цябе далёка не павязу. Да таго маста. Добра?.. — Сцяпан нават не ведаў, чаму ён гэтак многа гаворыць. Як бы яго за язык што цягне.
— Я і не баюся, я і не змерз. Гэта ты баяўся мяне ўзяць, — Валерка быў ужо з дубчыкам у кабіне. Сцяпан захлопнуў з яго боку дзверцы і падумаў, што ў хлопчыка не дастаюць яшчэ з сядзення да падложкі ногі.
Доўга ехалі па масце, сунуліся памалу, што на кані: Сцяпан ведаў, што пад коламі недзе ўгінаюцца старыя сасновыя легары. На грэблі было яшчэ горш. Разбалабошаная ў слату, яна цяпер была ў глыбокіх калдобах. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Валерка саскочыў быў з сядзення і ехаў стоячы, аж пакуль Сцяпан не пасадзіў яго зноў.
— А ты, брат, гарачы...
— Гэта ў кабіне.
— А колькі табе гадоў будзе, ці ведаеш?
— Пяты.
— А зваць як?
— Валерка.
— А прозвішча?
— Ляпеха.
— Гм...А па бацьку? Гм...
— Не знаю. А ў цябе дзе ўключаць агонь? Я ў Вярбіцкага дык знаю дзе... Ля руля пацягнуць трэба... А сігнал у цябе, як у «Пабедзе»? У Вярбіцкага дык як у «Пабедзе».
— У Вярбіцкага твайго, відаць, МАЗ. У МАЗах такія сігналы. А Вярбіцкі цябе часта вазіў?
— Не. Адзін раз праз вёску. І я сігналіў...
— І мама не крычыць на цябе?
— Мама — дрэнь. Крычыць і будзіць кожную раніцу праганяць у поле карову...
— Хто цябе так вучыць, хлапец? Ты, брат, не тое гаворыш. За такое даюць дзягі. Вушы рвуць.
Валерка змоўк, зачмыхаў і пачаў азірацца па баках.
— Не бойся. Ды я, брат, нічога. Я, брат, толькі так. Толькі ты такое пра матку не гавары.
— Угу... — Валерка выцер рукавом нос.
— А цяпер адкасай калашыну, і ты будзеш як мужчына.
Валерка адкасаў калашыну дзвюма ручкамі і супакоіўся, хінучыся да Сцяпанавага пляча.
Сцяпан ехаў паволі, з калдобы ў калдобу, баючыся, што хутка кончыцца грэбля і яму трэба будзе высадзіць Валерку. Ён пра гэта цяпер не хацеў думаць, ён цяпер хацеў гаварыць і гаварыць з ім, каб нагаварыцца на ўсю дарогу, на ўвесь дзень... Нагаварыцца наперад, бо хутка ён высадзіць яго, высадзіць свайго сына, аднаго, недзе ў канцы грэблі ля маста. Высадзіць — і кабіна стане пустая. Пустая?
Сцяпан зірнуў праз акно на абочыну дарогі, дзе пачыналася за логам поле.
«Кабіна будзе пустая, як поле... Як поле?» — зноў падумаў ён і закратаў плячыма: было мулка.
У кабіне густа запахла дымам. Рабілася горача.
Трэба было пераключаць хуткасць.
— Асцярожна, брат. Бяры за руку. Падгонім нашага каня, а то чуць паўзём. Ты ж, брат, недзе прывык хутка ездзіць. Глымбоцкі ці, як яго, Вярбіцкі так, мусіць, не сунецца.
— Вярбіцкі... Глымбоцкі злосны і ніколі ў вёсцы не становіцца...
— Гм... Ты, брат, усіх шафяроў тут ведаеш.
— Угу.
— А сам кім ты хочаш быць?
— Шоферам. Як Вярбіцкі. І ў мяне будзе такая ж, як у яго, машына. І сігнал будзе такі, як у яго, ад «Пабеды». І я буду катаць усіх дзяцей з вёскі, як ён. Ён усіх катае. Сам становіцца і бярэ ў кабіну. Не любіць толькі, калі за прычэпам бяжыш. З дзягай тады... У-у-у... — У хлопчыка было гутаркі, як вады.
Паабапал грэблі, ля прарытых канаў, чарнелі нассованыя бульдозерам гурбы торфу. Ля адной кучы, што была бліжэй да канавы, стаяў і бульдозер, пабліскваючы на сонцы вычышчаным лемяхом, што вялізная жывёла срэбным зубам, як здалося Валерку. А Сцяпан падумаў, што ў Сцешыцах «марнуецца тэхніка» і бульдазерыст недзе «гультай» і «паваляка».
З кабіны добра было відаць — бы з якой гары, — што вада, мусіць, вясною, разрыла аплеценыя канавы: падмыла берагі і пакроіла іх на кавалкі, сцякаючы па разорах з грэблі. У канавах цяпер без парадку пахіліліся бярозавыя калкі і ляжаў на самым дне невысокі парканчык з доўгіх тонкіх бярозавых жэрдачак. Сям-там ён яшчэ тырчаў, уеўшыся ў глей і торф. Па ім пусцілася ўжо расці трава. Калі Валерка сказаў, што ён з дзецьмі бегае канавай аж да маста ў канцы грэблі лавіць курмялёў, Сцяпан падумаў, што бярозавы паркан ляжыць у канаве, як шкілет ад чортведама якой рыбы, і што сцешыцкаму брыгадзіру — Паўлюку — трэба даць па руках. Канавы заплываюць граззю, і хутка на грэблі трэба будзе зноў цягаць машыны трактарамі, як некалі.