Выбрать главу

Сушкава праехалі толькі краем: дарога вёскай не ішла. Па вуліцы гналі скаціну, і давялося пастаяць, каб размінуцца.

Калі зноў у вокнах закруцілася поле — пабегла назад, Сцяпан сказаў зноў:

— Не спі...

Валерка расчырванеўся ад духаты, на носіку ў яго выступіў пот. Вочы пасалавелі: закалыхала.

— Не спі, брат... — ціха сказаў Сцяпан і падумаў:

«Маё ты хлапчанё... Мы з табой, брат, паедзем проста да мяне, на Сельгаспасёлак. Мы з табой, брат, пачнём жыць па-мужчынску. Я, брат, і шмат не п'ю, а то і зусім кіну. Я табе і тэлевізар куплю, і рыбак... Я табе, брат... Я табе ўвесь дом аддам. Я строіў яго, бо думаў, што ў мяне пойдуць такія, як ты... Ажно... Але ў мяне ёсць ты. Ты ёсць у мяне. Табе нялёгка будзе ступіць да мяне на парог, не думай надта. Не думай, што гэта проста. Верка — яна як і ўсякая жонка. Што ты... Тут, брат, не скандал будзе, а нешта большае. Верка — то яшчэ Верка, а цешча... Але мы з табой — мужчыны. Мы, брат... А Верка... Верку я люблю... Каб не любіў — не жаніўся б. Праз Верку я, брат, згубіў быў цябе. Было. Але я яе люблю і не кіну. Яна разумная... Толькі... Толькі ці палюбіць цябе яна так, як я... Яна, брат, і мяне не ведаю ўжо, ці любіць. Хто скажа? Ды я ў яе пра гэта не пытаюся ўжо, ды і ні ў кога. Я, брат, яе люблю, колькі хочаш і каму хочаш пра гэта скажу. А яна? А яна і з другой змены пазней прыходзіць, і ў грыбы часта з «падругамі» ездзіць. І раз ноччу позна з'явілася — у «падругі» імяніны былі. Яно, брат, так. Не будзеш жа сачыць. Можа, брат, я і лішняе думаю пра яе... А Волька... Ты, брат, малы, ты нічога ў гэтым не разбярэшся, хоць і мужчына. Так, брат, выйшла. Толькі я цябе нікому не дам. Ніякаму экскаватаршчыку. Каб ён над табой... Ты, брат, мне сын. Ты сын мне... Вось так...»

Машына імчала палявой дарогай, уздрыгваючы на каменні. Калі Сцяпан, высунуўшыся з кабіны, азіраўся назад, згледзеў, як падымаецца ўслед за імі пыл і стаіць над дарогай. Недзе над лесам за Сцешыцамі вісеў дым, і далёка-далёка за ім жаўцелася поле — маленькая палоска. Калі ўгледзецца, — там былі відаць белыя будынкі, але на сядзенні страшэнна зыбала. Сцяпан падумаў, што ў пачатку дарогі заўсёды азіраешся назад, як нечага забыўся...

Ён павярнуўся, пакратаў плячом:

— Эх ты, мой сонны чалавек. Ты нават не пачуў бы, каб я табе пра ўсё гэта гаварыў. Ты, брат, спіш. Заваліўся мне за плечы і спіш. Ну што мне рабіць з табой? Што? Скажы. Я ўжо ў цябе пытаюся. Ты мужчына. Сам скажы. Тут, яно, Валерка, сур'ёзна. Гэта табе, брат, не ў хаванкі з дзецьмі гуляць у Сцешыцах на вуліцы. Тут ёсць бацька, маці, ёсць суд. Тут, яно, брат... Маўчыш усё? Ну а мне што рабіць? Што рабіць бацьку, у якога адзін сын... Гарачы, сонны... Босы, з абдзёртай ножкай... Ну, не маўчы!..

Валерка спаў.

Ля дзвюх старых разгатых бяроз канчалася дарога, што ішла ад Сушкава полем, і Сцяпан выехаў на шашу. Азірнуўшыся яшчэ раз назад, ён заўважыў толькі, як радзее і растае пыл.

1962 

Іргá каласістая

Эскіз

Арсену Лісу прысвячаю

Чалавек нараджаецца, каб запаліць у Сусвеце зорку ці пакінуць на зямлі след.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Леапольд Іванавіч Родзевіч (Лёля) нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 года на хутары ў Кур'янаўшчыне, тады Вілейскага павета Віленскай губерні. Ад маёй вёскі Задроздзе, а калі лічыць ад маёй канцавой хаты — можа, за паўвярсты праз балота.

Хата наша, з добрага часанага сасновага бярвення з трысценем і варыўнёй, крытая саломай (згарэла ў сорак чацвёртым годзе летам, спалілі немцы ў апошнюю блакаду), стаяла ў канцы вёскі па дарозе з Сушкава ў Леснікі. Калі ісці ў Леснікі, у Ваўкаўні ля лесу, дзе хавалі на зіму ў ямы бульбу, трэба было ў вілах узяць правей. Левы ж тор выводзіў лесам у Агульніцу, далей у Бярэзавец і праз Каралінскую пасеку вёў да ракі Віліі, за якой была Польшча.

Гэта — на паўночны бок Кур'янаўшчыны.

Калі скіраваць на поўдзень, мінаючы справа грэблю і вёску Сушкава, падацца праз аселіцу ў канцы гарода і перайсці ўброд нашу рэчку Дроздку (адсюль і Задроздзе), якая да нашай вёскі называлася Жоглаўкай, а далей, павіляўшы па балотах і па лесе, ужо Дроздкай упадала ў Вілію, і падняцца высокім берагам на Выганчык, ладны кавалак логу між крыніц, — выходзіш на Крайскі бок. Крайскі бок — і тады, калі нарадзіўся Родзевіч, і пазней, аж да нашых 60-х гадоў, — пракаветнае балота са старымі вольхамі, елкамі — гэта далей, пад Рэпішча-пушчу, — а тут, за Выганчыкам, травяністая твань з нізенькімі бярозкамі, ніцай лазой, гадзюкамі і вужамі, усё ў куп'і, парослым ліставатым вобаратнікам, журавіннікам, чаротам, асакой, рабінкай і мохам.