Ступіш пасля Выганчыка нагой, адразу правальваешся ў балота аж па калені, калышучы і выцягваючы наверх руды торф з бурбалкамі і праціўным рэзкім сырым пахам, ад якога круцілася ў галаве і блажыла. Па балоце было не прайсці, і на ім ляжалі кладкі. Па два ці тры альховыя бярвенцы, слізкія пад нагамі, як бог ведае што, не ступіць, каб не зляцець у твань, гарбаціліся праз увесь Крайскі бок да самай Кур'янаўшчыны — якраз да першага Саду, дзе некалі і стаяла хата Леапольда Родзевіча.
Кур'янаўшчына — гектараў пяць воранай зямлі — была акружана вясковымі палямі і сенажацямі — лагамі і лажкамі — з усіх бакоў. З паўночнага захаду падыходзіла вёска Задроздзе са сваім Выганчыкам, на паўднёвы захад, калі пакінуць справа могілкі, — Сушкава з Дваром і Малінаўкай, на паўднёвы ўсход — Хадакі, адкуль была родам маці Лёлі — Леапольда — Гелена Яноўская, як пішуць. (Відаць, Гілена, бо Гелен у нас не было ні тады, ні цяпер. Толькі Гілена.)
Далей гэтых вёсак на поўдні быў Крайск, мястэчка, дзе і канчаў пачатковую школу Лёля. Мястэчка тады вялікае, на нейкую частку жыдоўскае, з карчмой, крамамі, кузняй, майстэрнямі, смалакуркай, царквой... Яно стаяла якраз на тракце Барысаў-Зембін-Плешчаніцы-Вілейка-Даўгынава (у нас — толькі Даўгынава, а не Даўгінава)... Ва ўсіх гэтых мястэчках асядалі тады жыды — балаголы і рамеснікі. З Крайска добра быў відаць касцёл у Альковічах, — ягоны высокі шпіль у пагодныя дні можна было бачыць і з Кур'янаўшчыны — доўгай і тонкай, як дзіда, чорнай іголкай у небе.
Блізка Кур'янаўшчыны былі яшчэ вёскі Рагозіна, Грыневічы, Дзераўно, Краснаволле, Мяжанка, Стрый, Будзенічы, Баброва, — гэта па другі бок ракі Дроздкі. Па гэты бок — паўночны — Леснікі, Пагост, Жызнава, Даўгынава, Буслава...
Гэта тыя вёскі, якія ўпершыню пачуў і праз якія ўжо напэўна выходзіў з хутара ў «вялікі свет» малады Лёля з братам Чэсем, сёстрамі Янінай, Ядвіняй (у нас толькі Ядвіня, а не Ядвіга) і Марыляй (у нас толькі Марыля, а не Марыя, як цяпер пішуць)...
А можа, і сыходзіў з дому адзін — ведаем, што ён быў скрытны і любіў адзіноту.
Кур'янаўшчына складалася як бы з двух хутароў-забудоў і двух садоў — недалёкіх адзін ад аднаго, можа, сажняў за сто — дзвесце.
Калі тут першыя пасяліліся гаспадары, адзін ці адразу двое — невядома. І хто быў той першы Кур'ян ці Кур'яновіч, што асеў у гэтым баку, даўшы назву Кур'янаўшчыне, ніхто ве ведае. За маёй памяццю, дакладней, за памяццю маці — тут, у Кур'наўшчынае, жылі два гаспадары.
Першы ад нас, ад Задроздзя, Родзевіч, другі, ад Хадакоў, — Таразэвіч.
Сады — вярней, тое, што ад іх асталося, — і цяпер яшчэ завуцца: Родзевічаў і Таразэвічаў.
Калі праз кладкі міналі балота з нізкарослым бярэзнікам, альшэўнікам і ніцай лазой, выходзілі на лажок з высокай летам муражной травой, з сажалкай, абсаджанай старымі ўжо вербамі. Вербы зрасліся ўверсе і адной кронай хавалі ад сонца застаялую, парослую альдравандай і лопухам ваду. Сажалка некалі, відаць, была запруджана для рыбы; пасля ў ёй пад восень мачылі канаплі на пяньку.
Кур'янаўскія сады я добра помню недзе з 1937 года, калі праз балота мы, хлапчукамі, дасягалі летам да іх. Ішлі збіраць падалкі — яблыкі і грушы, што ляжалі на зямлі. Атрасаць іх, залезшы на дрэва, нам у Родзевічавым садзе не даваў ужо новы тут гаспадар — стары Антось Ляшковіч. Мы збіралі дулі на зямлі — сочныя, жоўтыя, доўгія. Імі была ўсыпана ўся трава. Не ступіць... І стары Антось Ляшковіч дазваляў нам збіраць іх — хоць усе.
Калі і як памяняліся тут гаспадары — невядома. І ніхто ўжо са старых жыхароў дакладна не помніць. Кожны гаворыць сваё і рознае.
У Родзічавай хаце ўжо ў тыя гады — за маёй памяццю — жыў Антось Ляшковіч. У Таразэвічавай — Андрэй Бохан. Адны кажуць, што гэта былі ранейшыя Родзевічавы арандатары Кур'янаўшчыны. Другія — што ўвесь абшар з пабудовамі быў імі куплены. Трэція — што Ляшковіча і Бохана як беззямельных і бедных пасялілі тут пасля рэвалюцыі. Людзей тых, хто быў сведкаю ўсяго гэтага, ужо амаль няма. Ды і трэба мець пад старасць добрую памяць, каб усё гэта помніць...
Можа, і ляжыць дзе ў архіве купчая ці іншая якая «грамата» на Кур'янаўшчыну, але мне нічога такога не траплялася.
Ехаць у Кур'янаўшчыну з нашага Задроздзя трэба было пракаветнай грэбляй, вузкай дарогай амаль з вярсту, загачанай на балоце альшэўнікам, бярэзнікам, карчамі і каменнем. Паабапал грэблі гнілі канавы са стаячай цвілой вадой, усягды засыпаныя лісцем. Калі ў канаву правальвалася карова — не кожную ратавалі.
Канавы двума ручаямі — адзін на Выганчыку, другі на Зурэччы — сцякалі ўжо ля маста ў Дроздку. Ля вёскі праз Дроздку ляжаў мост — два доўгія сасновыя бярны ўпоперак ракі, — а па іх удоўж дробны сасновы кругляк. Калёсы на масце трасло, і ў вячэрняй цішыні іхні ляскат быў чуваць аж у Кур'янаўшчыне...