І ў другім канцы грэблі пад Сушкавам быў мост, але меншы: там з Кур'янаўшчыны цякла невялічкая рачулка, з каменнем на дне, курмялямі, жабамі і гадзюкамі — пераплывалі, высунуўшы з вады галаву, з абнаго боку ракі на другі.
За маленькім мастком перад Сушкавам дарога па калдобінах паварочвала налева, на лажок, парослы дзяцельніцай, мятліцай — гэта, дзе вышэй, а ніжэй да балота — асакой, рабінкай, аерам, хвашчом, высокім, аж у пояс. Удоўж рачулкі дарога выводзіла на пагорак да старой рабіны і праз першы і другі сады вяла на Хадакі. Яна праходзіла ля самай Родзевічавай хаты, пад акном...
І цяпер там ляжаць вялізныя каменні ад фундамента, за якія восямі чапляюцца калёсы, і расце састарэлая, але вечна жывая ірга каласістая. У нашым баку яе завуць — загранічныя ягады. Высокая, метраў пяці, кусты, як вішаннік, лісце цёмна-зялёнае, увосень чырвона-аранжавая, расла яна пад акном у Родзевіча, адтуль, дзе сонца, ад Хадакоў. З пахнючым белым цветам — цвіце ў маі, гронкамі, з чорна-чырвонымі спелымі ягадамі — спеюць яны ўжо ў ліпені, — буйней рабіны, з прэснасалодкім смакам. Загранічныя ягады паявіліся ў нашым баку ў адных Родзевічаў у Кур'янаўшчыне.
І цяпер яны там.
Сады — і першы Родзевічаў і другі Таразэвічаў — вымерзлі зімой у саракавым годзе — у фінскую вайну. Не выстаялі ў саракаградусны мароз ні яблыні, ні грушы, ні слівы, ні вішні. Не адышлі і пасля, нават атожылле не пусцілі. Счарнелі, ссохлі... Трашчалі на ветры адмёрлым суччам, крышыліся і падалі на зямлю. Людзі плакалі, гледзячы на іх...
Цэлымі засталіся толькі загранічныя ягады, грушы-дзічкі, рабіны і ліпы.
Ліпы раслі ля аднаго і другога котлішча, акружаючы і Родзевічаў і Таразэвічаў сады вялікімі квадратамі з алеямі, як і па ўсёй тады Беларусі ля вялікіх і маленькіх маёнткаў. І прыгажосць, і мёд, і зацішак ад ветру, і летні, такі патрэбны расяністы цень у самую гарачыню, калі і зямля нагрэта, як неба, калі сохне на Кур'янаўшчыне ячмень і на лажках ля балота гарыць торф.
І ў адным і ў другім садзе стаялі тады вялікія, з трысценем, хаты і яшчэ большыя пуні. Ля іх — хлявы і свіронкі. І ля адной, Родзевічавай, і ля другой, Таразэвічавай, сяліб у канцы лажкоў, пад балота, былі сажалкі — да сучаснай меліярацыі іх яшчэ можна было пазнаць: невысокія апалыя беражніцы, парослыя дзяцельніцай, лопухам і палыном.
Сама Кур'янаўшчына — вораная зямля — пачыналася ад Крайскага боку — балота і, пакідаючы справа Сушкава, цягнулася аж пад Хадакі, пад Асавок. Асавок быў ужо, лічы, логам, парослым сіўцом, пад'ядлоўцам, бярэзнікам і лазой...
Зямля добрай была толькі каля саміх хат, далей, пачынаючы ад Крыжа — Кур'янаўшчыну-поле перасякалі дзве дарогі, і на крыжаватцы пад трыма елкамі стаяў сасновы крыж — зямля была благая, супясчаная, камяністая, парослая пырнікам, рудзікам і каткамі. Пад Хадакі выворваўся жоўты пясок. Таразэвічаў сад сціскалі чарнабыльнік і палын. І лаза... Драбналістая, на выгляд прывялая, сухая, яна ўчэпіста трымалася за неўрадлівую кур'янаўскую зямлю. Расла ля гародаў, ля дарог, ля сцежак, ля валуноў і на вялікіх крушнях камення, на якіх грэліся летам вёрткія шэранькія яшчаркі.
Ці не сядзеў дзе на валуне ля крушні камення побач з бацяном малы Лёля, збегшы з дому?..
Быў скрытны, паўторымся, задумлівы, адзінокі і шукаў яшчэ большую адзіноту і на так ужо адзінокім кур'янаўскім хутары...
Вясна ў Кур'янаўшчыне пачыналася з вялікага сонца. Раніцай яно, чырвонае і блізкае, — адступілася ўжо на ўсходзе па заімглёным небе ад Хадакоў, над якімі вісела ўсю зіму, адбеглася аж на Рэпішча-пушчу і пачынала там іграць праз калючыя далёкія яловыя дзіды...
Снег, за апошнія дні добра пад'едзены сонцам, ападаў, на полі пад Асаўком паяўляліся першыя ладныя чорныя праталіны; з начы яшчэ снег сцінаўся марозам, шэрань — каня ўтрымае. На сажалках з-пад лёду паяўлялася днём вада, хаваючы зімні снег і скоўваючы яго пасля чыстым-чыстым лёдам, — і дрэвы ў інеі, і сонца, выплыўшы з-за лесу, відаць у ім, як у люстэрку.
За тыдзень падтае і снег на полі і лёд у сажалках, але нанач усё яшчэ цісне мароз. Аднойчы вечарам сонца над Сушкавам хаваецца ў доўгія сінія палосы. Дым з коміна сцелецца ў садзе па зямлі...
З начы ўзнімаецца бура, нарывае дождж, і снег увачавідкі знікае і з поля, і з балота. Зямля пад сонцам чарсцвее, і загараецца на балоце падпаленая некім, высахлая за зіму трава.
Недзе тады, усягды такім часам, прылятаюць на задроздзенскія тры сасны, што ў канцы вёскі, бацяны. Доўга кружаць угары над Кур'янаўшчынай — аж цэлы дзень, тады, намарыўшыся, апускаюцца надвечар на гняздо — надоўга, на ўсё лета...