Выбрать главу

Пыл падымаўся цяпер ля самых калёс; пабегла кабыла, мусіць, па загонах: кідала з боку на бок...

Тады закрычала на ўсю дарогу Наста...

Калі ля маста перасталі страляць, на гары ля школы стала ціха. Лескаталі толькі дробненька калёсы, дзе ехаў Панок; ззаду нікога не было чуваць. Падняўшы галаву, Таня ўбачыла, што кабыла ідзе дарогай за Панковымі разводамі; яна тады аглянулася: ля Алёшавых калёс стаяла з Януком Наста.

«Чаго яны пасталі?..»

Яна хацела крыкнуць ім, што Алёша недзе дома, хай не дзівяцца, калі не згледзелі, як ён збег; хацела нават падняцца, каб стаць на калені. Тады пачула, што пад нагамі мокра... Лапнула рукамі па мяхах — рукі былі ў крыві.

Яна адсунулася на край воза да ляжэйкі. Забалела-забалела ля калена нага — запякло, што агнём... Аднекуль зноў узяліся і заслалі свет матылі... Белыя, мітусяцца перад вачыма: уверх-уніз, уверх-уніз...

Пасля ёй здалося, што яна, убегшы ў хату з гароду, дзе астаўся пад паветкай Юзюк, паслізнулася на падлозе і ўдарылася аб парог... Зазвінела ў галаве.

Выпусціўшы з рук лейцы, яна адвалілася на мяхі.

4

— Што будзем рабіць з дзяцьмі, мужчыны?..

Таня пачула Настулін голас як адкуль здалёку; тады ля самага воза на ўсё поле загаманіў Махорка, а яна ляжала, адплюшчыўшы вочы і сцішыўшыся, як вінаватая. Было горача, хацелася піць, у роце перасохла, што ад палу, калі доўга ляжыш хворая, але яна не папрасіла — баялася клікнуць Насту...

Якая цяжкая нага...

Нагу перавязалі, сціснуўшы як мага, падалом ад Настулінай кашулі. Падол Наста адрывала, стаўшы ў пясок на калені за калясьмі, каб не глядзелі мужчыны. Пасля высыпалі з Танінага белага кужэльнага мяшка на дарогу жыта, раздзёрлі па шве мех і ўкруцілі ім, што ручніком, нагу. Укручвалі Наста з Панком. Крыві цяпер не відаць і не баліць нага, толькі цяжкая. І — совае ў калена, як хто гарачым прутком, выняўшы з агню.

— Што будзем рабіць з дзяцьмі, Іван? — гэта голас Насты. Яна стаіць пасярод дарогі. Насту абступілі мужчыны, топчуцца ля яе, Таніных, калёс: Боганчык, Махорка і Валодзя Панок. Янук адзін сядзіць, сагнуўшыся на калёсах і насунуўшы на галаву кепку...

— З якімі дзяцьмі?

Гэта Боганчык. Асіп, кашляе. Таня яго зусім не пазнае, хоць, падняўшыся, бачыць зблізку Боганчыкаў спалены на сонцы шырокі чырвоны нос і чорную бараду.

— З Таняй... З Алёшам... Што глядзіш у зямлю?

«Алёша?..» Таня вышэй падымаецца на возе, каб паглядзець, дзе ён; на яе крычыць Наста, але Таня бачыць Алёшу: той сядзіць на сваіх калёсах што цвік, натапырыўся, скрывіў галаву і слухае, што гавораць уперадзе. Тады яна зноў кладзецца на мяхі — на яе крычыць і крычыць Наста, — але цяпер нізка пад галаву і не відаць, што робіцца на дарозе.

Чаго яны ўсе сышліся?

— Таня?.. Дзеці?.. — зноў захліпаецца Боганчык. — Ды я ў пятнаццаць... — ён сіпіць, і калі Таня падымае галаву, бачыць, як ён стукае сабе кулаком у грудзі.

— Ціха... Ціха... — гэта зноў гаворыць Наста. Падняла ў руцэ хустку і махае на Боганчыка, бы хочучы адагнаць яго ад сябе, як жывёлу.

«Чаму яна адна з ім гаворыць?»

— Дзіця-я... З-за пазухі валіцца...

— Пры дзецях? Паўважайся тады мяне, старой, Іван... У Тані ж нага. Рана...

«Рана!.. Яе завязалі, каб не ішла кроў. Змярцвела ўся нага...»

— Р-а-а-на... Аб ляжэйку абдзёрла... — сіпіць усё Боганчык.

«Ага. Не рана. Аб ляжэйку абдзёрла... Чаму яны тады не даюць устаць? Як хочацца піць...»

— Што будзем рабіць, мужчыны? Чаго вы ў рот вады набралі?

Мужчыны маўчаць; сціхае і Наста, пасля ўжо гаворыць:

— Праз цябе, Іван. Хай бы Таня дома з маткай аставалася. Ты яе выпер... Не церабі барады...

— Я? Я выпер? Значыць, я? — зноў на Насту махае пугаўём Боганчык. — А што? Адзін за ўсю вёску галаву панясу? Адзін? За ўсіх вас? Добранькія ўсе... Дома б асталіся... А Івана аднаго ў Краснае, каб яго там... асвяжылі... Не-е...

— Што будзем рабіць? — Наста пытаецца ўжо ў некага другога, адвярнуўшыся ад Боганчыка.

— Ехаць трэб-ба... — заікаецца Панок і кашляе.

— Не начаваць жа тут... Улупяць, брат, — пясочак пасыплецца...

— Не да смеху, Махорка... — зноў кашляе Панок, закрываючыся рукой.

— Х-хе... Х-хе...

— Мужчыны, мужчыны...

— Не шумі, Наста... Сама знаеш. Куды адашлём дзяцей?.. У вёску?.. Дзякуй, што вырвалі. Хоць двое.

— Што ты гаворыш, Пан? Там жа і твае... Там жа і мае...