І Кур'янаўшчына, і Крайскае балота, і шмат што ў нашым наваколлі змянілася ў пачатку 60-х гадоў, калі меліярацыя аж ад Рэпішча-пушчы і недзе да самай Віліі зрабіла нашу раку Дроздку магістральнай — прамой пад струну — і з дробнымі слязьмі на дне ад былой добрай старой ракі.
І Крайскі бок у кірунку да ракі парэзалі глыбокія канавы з белым пяском на дне і мізэрнай, як і ў рацэ вадзіцай — напіцца вераб'ю. Такія ж канавы і паабапал падсыпанай вышэй грэблі. І ў іх недзе на дне скупа блішчыць блакітненькае неба...
Крайскі бок высыхае летам на сонцы, і з паўночным ветрам тарфяныя буры засыпаюць мяккім пылам і Сады ў Кур'янаўшчыне, і Асавок...
І на Крайскім балоце, і на Зурэччы, і на Паграбішчы, дзе некалі шумела асака, цяпер шуміць збуялы ячмень...
Сама Кур'янаўшчына ад Лажкоў да Асаўка заворваецца калгасным плугам пад жыты, ячмені, аўсы і бульбу. У Родзевічавым садзе падняты і былыя гароды і само котлішча пад азімае жыта. Ляжаць толькі ля дарогі вялізныя валуны ад фундамента — не змаглі вывернуць трактарамі, — і з-пад іх растуць, ідучы буйна ў атожылкі, загранічныя ягады — ірга каласістая. Яе шарпаюць і калёсы, і трактары, і камбайны, а яна кусціцца, лезе ўверх, густа чырванеючы сёлета круглымі ягадамі, падобнымі на вішні... Усё, што асталося ад саду. За ёй была некалі прызба і вокны Родзевічавай хаты...
Выжыла ірга каласістая і жыве, як выжыла і жыве і цяпер і ў Крайску, і ў Сушкаве, і ў Задроздзі Родзевічава мова з яго «рабачаямі», «бразгам», «тулягамі», «безгалоўем», «баязенем», «падшпаркам», «рудаўкай», «шлякам» і іншымі, іншымі нашымі ласкавымі і амаль забытымі беларускімі словамі...
Адгэтуль, з Родзевічавага саду, з-пад старасвецкіх ачарсцвелых ліп, відаць далёкі, на рэдкасць прыгожы прасцяг зямлі — некалі Вілейскай, пасля Плешчаніцкай, цяпер Лагойскай...
Высака ў белым асмужаным жнівеньскім небе над Асаўком проці Саду стаіць сонца — на паўдні. За сіняй смугой — Задроздзе і Сушкава, — вёскі сціснуліся шэрымі хатамі, як усохліся. Затое справа ад Саду за двума калгаснымі кароўнікамі разрасліся вясковыя могілкі... Ля могілак відаць жоўтая палявая дарога паўз Сушкава — на Крайск і на Вілейку...
У той бок, дзе ў Альковічах за Крайскам відаць востры шпіль ад касцёла, ідзе чалавек — здалёку не пазнаць. Мінае Сушкава, пойдзе праз Лаўкі на Крайск...
Некалі гэта была і Лёлева дарога ў школу.
У 1946-1948 гадах, ходзячы аж за пяць кіламетраў у пяты, шосты і сёмы класы Крайскай няпоўнай сярэдняй школы, я хадзіў па тых жа сцежках, тых жа калдобінах і каменні, што і Лёля Родзевіч... Я насіў з Грыневіч, дзе тады, пасля вайны, былі Крайскі сельсавет і школа, у Задроздзе пошту — бег на Лаўкі, ідучы са школы.
У Асаўку пад Хадакамі аціхае трактар, што шумеў з самай раніцы — сеюць жыта, — і над усёй Кур'янаўшчынай, над якой вісяць два вялікія жоўтыя тулягі, хаваючы сабой белую вузкую палоску ад самалёта, робіцца ціха — да звону ў вушах...
Над Садам дробненькім крыллем стрыгуць неба сінія ластаўкі.
А ў Садзе — кінь толькі на яго вокам, — ля дарогі на Хадакі пад старымі ліпамі ля колішняй прызбы чырванее ад ягад ірга каласістая...
Як і сто гадоў назад...
1996
Францужанкі
1
Трактар «ХТЗ» (у вёсцы мужчыны звалі яго: хрэн ты завядзеш) трэба было вартаваць кожную ноч далёка, аж у Жукаўшчыне — гэта за лесам у полі, кіламетры чатыры ад нашай вёскі.
Трактар быў адкапаны з зямлі адразу пасля вайны, пазалетась, як прыйшлі нашы. Яго не паспелі адагнаць у сельсавет — так было загадана, калі пачалася вайна, — і закапалі ў сосніку ля ям, дзе хавалі на зіму бульбу.
Стаяў ён цяпер звечара і ўсю ноч ля лесу ў Жукаўшчыне — пад Сырніцай. Днём на ім араў Красоўскі з Сушкава — шыракаплечы мужчына, — гнаў барозны ад лесу праз усё поле да Рабога Калодзежа і назад: удоўжкі недзе з вярсту. Стары, заржавелы ў зямлі трактар, цягнучы за сабой тры плугі, дрыжаў і тросся, здавалася, возьме і разваліцца на кавалкі: колы — сабе, матор — сабе.
Быў канец мая — аралі пад познюю сяўбу, — стаялі ціхія пагодныя дні, — і трактар ракатаў цэлы дзень, глушачы ўсё на свеце, і рокат ад яго плыў свежым зялёным лесам на край зямлі. Трывожны, пасляваенны, ён быў чуваць аж у вёсцы, змушаючы ўздрыгнуць, пастаяць і паслухаць, доўга гледзячы ў той бок у неба.
Кожны вечар, — калі сонца, звярнуўшы з паўдня, хутка апускалася над лесам, — узяўшы старую фуфайку пад паху, трэба было па нараду, які пісала Волька-брыгадзірка і вывешвала на канцылярыі, валачы ногі, бо страшэнна хацелася есці — пачыналася лета самага галоднага пасляваеннага сорак шостага — праз Бярэзавец, каб застаць Красоўскага на полі і прыняць ад яго трактар «у цэласці і сахраннасці», як гаварыў сам Красоўскі.