Выбрать главу

Ідзеш, сагнуўшыся і падымаючыся пад горку па пяску па зрытай каляінамі жвіраватай дарозе, ківаешся з боку на бок, перастаўляючы цяжкія, ватныя ногі, — і сонца ківаецца разам з табой збоку ў яловых вярхах, вялікае, жоўтае і зусім не грэе. Дрыжыць толькі, усё ў чорных мурашках... Мурашкі скачуць у вачах, калі нават на яго не глядзіш...

Трактар аціх, і ўгары над галавой зашумелі верхаллём сосны. Ціўкнула трывожна сініца, пырхнуўшы з-пад самых ног.

Значыць, Красоўскі заглушыў матор і сядзіць на «сядзенні» на плугах — на месцы прычапнога, без якога спраўляецца сам — і чакае «змены». Хоць ты бяжы...

Спачатку паказаліся з-за бярэзніку, які вузкай, як праз хату, паласой кроіў на дзве палавіны Жукаўшчыну, старыя калёсы з растапыранымі шырака ў бакі новымі белымі бярозавымі аглобнямі. На калёсах былі відаць дзве круглыя цяжкія бочкі. Адна, што стаяла ўперадзе, — з карасінай, другая, ляжачая, — з вадой.

Трактар, нейкі сагнуты, як змораны ад ворыва конь, стаяў ля лесу далекавата ад калёс з бочкамі — Красоўскі сёння «адкроіў» ладны кавалак пад ячмень.

— Познішся, познішся... А мне сёння раней трэба адлучыцца... — загаварыў Красоўскі, ссоўваючыся з плугоў з сядзення. — Хаця што? Пад распіску мне яго табе здаваць? Што, яго — ваўкі з'ядуць? На які хрэн ён каму патрэбен... Але ж не, перадай з рук у рукі, як качаргу ля печы... Загадана ж вартаваць аж з эмтээса. А эмтээсу загадалі з раёна. Зацягаюць... Адзін жывы матор на тры калгасы... — Красоўскі атрос з сябе пыл і павуцінне, павёўшы замазучанай рукой па твары, і ступіў на дарогу, цягнучы па зямлі ногі — яны ў яго балелі. — Фуфайку сваю я не бяру, дажджу доўга не будзе. Накрыешся...

Вялікая, чорная, запэцканая ў мазут фуфайка яго ляжала высака на рулі, як бацянова гняздо на адломанай зверху сасне. Трактар нечым цененька шыпеў і соп, трэнькаючы, — астываў. З радыятара ў яго капала вада — рэдзенька і манатонна.

— І ў кішаню маёй фуфайкі руку засунь. Не скажы табе, дык і не зробіш. Скарынка там чэрствая ад Сяльвестрыхі асталася... — Сяльвестрыха, у якой у вёсцы стаяў на кватэры Красоўскі, прыносіла яму днём палудзень. — Высахла і запэцкалася. Але зжуй... Зялёны стаў ад зялёных праснакоў з ліпы...

Красоўскі, звярнуўшы ад плугоў на ездавую дарогу, што вяла праз Бярэзавец у вёску, крыкнуў здалёку:

— Агонь не кладзі. Без агню цябе тут ніякі чорт не знойдзе. А агонь відаць здалёку, аж з Леснікоў. Закруціся ў ватоўкі і сапі. А калі ваўкі — лупі па жалезе...

Ён яшчэ нешта гаварыў, але яго ўжо было не разабраць. Пасля дарога звярнула ў лес, і ён схаваўся адразу з воч.

Падаслаўшы фуфайку на сядзенне на плугах, адкуль злез нядаўна Красоўскі, я сеў на яе і доўга глядзеў яму ўслед. Там, у зялёным, яшчэ ліпкім маладым бярозавым лісці, чыркала сарока, але яе нідзе не было відаць.

Перастаў сапці трактар, з радыятара не капала вада, сціхла сарока, і зрабілася так ціха і ў лесе і на ўсёй Жукаўшчыне, што аж шорах пайшоў па спіне... У тым баку, дзе схаваўся Красоўскі, сонца, вялікае і чырвонае, дагарала за соснамі ўвачавідкі, паявіліся дробныя камары, у вочы палезла машка...

Цямнелася. На сядзенні стала нязручна, вяло ў бакі галаву, можна было зваліцца пад плугі, і я злез з яго, забраўшы фуфайку, і падышоў да трактара. Ён ужо быў халодны і густа пах карасінай.

Тады я ўспомніў, што гаварыў Красоўскі, і, узлезшы на трактар, хуценька сцягнуў з сядзення вялікую цяжкую зашмальцаваную «ватоўку». Адразу я не ўгадаў — скарынка ляжала ў другой кішані...

Гэта быў кавалачак дамашняга хлеба, які пякла трактарысту Сяльвестрыха — ёй адпускалі са свірна муку — невялічкі, з дзіцячую далоньку, счарсцвелы за паўдня, укачаны ў мазут і карасіну, — відаць, Красоўскі пакінуў яго адумысла для мяне...

Я еў хлеб ужо ноччу, не спяшаючыся і не баючыся, што хто-небудзь убачыць, што я ем хлеб, гаркаваты ад карасіны і такі салодкі, што раставаў у роце сам.

Я еў хлеб, а ў канцы Жукаўшчыны з-за лесу, з-за Рабога Калодзежа выплывала поўня. Вялікая, круглая, чырванаватая між дзвюма ружовымі палосамі. З-пад Рабога Калодзежа пакаціўся на ўзаранае поле круглымі клубамі белаваты туман.

Апрануўшы сваю фуфайку — нацягнуў аж на галаву — і ўзяўшы фуфайку Красоўскага, я лёг ля самага трактара збоку на ладную зялёную траву, густую і мяккую, якую заўтра раніцай перакінуць і схаваюць пад чорнай раллёй плугі.

Фуфайку Красоўскага, нядаўна яшчэ новую, праштабнаваную і ўспухлую ад ваты — ён палучыў яе ў эмтээсе, — я акруціў каля ног, схаваўшы ў рукавы халодныя ступні.