У Бярэзаўцы да мяне прычапілася сарока. Застракатала на ўвесь голас, спалохаўшыся сама і спалохаўшы мяне. Скача спераду з бярозкі на бярозку, апярэзаная белым шырокім паяском, і стракоча. На гасця?
Пералятаючы з аднаго боку дарогі на другі, як утрапёная, яна прывяла мяне аж на леспрамгасаўскі ўчастак, дзе стаяла нядаўна збудаваная за які год вялікая, з жоўтага чэсанага бярвення кантора. Ля яе воддаль былі кузня, лазня-сушылка і доўгая, аж на тры такія канторы, канюшня.
Я заўсёды любіў забягаць на ўчастак: возчыкі, рэзчыкі, машыны-чугрэі з печамі ля кабіны і з прычэпамі. Забягаў і ў саму кантору.
Але сёння ў кантору забягаць не хацелася... Там з магазінчыка, які быў якраз насупраць дзвярэй, калі зойдзеш у калідорчык, заўсёды пахла хлебам і салёнай траской... Але і хлеб, і траску давалі толькі рабочым па маленькіх ружовенькіх картачках і за грошы. Я ўжо даўно бачыў такія картачкі ў рабочых. Глядзіш на дробненькія чорныя літаркі на іх, а ў вачах бегаюць дробненькія чорныя галодныя мушкі... Ад паху салёнай траскі і ад дробненькіх мушак круцілася ў галаве і можна было ўпасці — памаленьку асунуцца на зямлю, дзержачыся за сцяну...
Сёння праз участак я толькі прайшоў. Ля канторы і ля канюшні. На ўчастку было пуста — усе ўжо раз'ехаліся і разышліся. Былі чуваць толькі мужчынскія галасы ў канторы, і ў кузні звінела пад малатком кавадла.
Мінуўшы канюшню, я выйшаў на вузкую дарогу, што між маладога сосніку вяла ў вёску — дамоў, і пайшоў сцежачкай — веласіпеднай дарожкай, ступаючы па прыгожых пакручастых слядах ад веласіпедаў, на якіх на ўчастак ездзілі рабочыя.
Дзяўчат я згледзеў здалёку: ішлі ўпобачкі, памалу, не спяшаючыся — былі якраз на палавіне дарогі да вёскі. Дзве...
Можа б, я іх і не дагнаў, але яны ішлі ўжо так паволі, што праз якую хвіліну я ўжо быў каля іх.
Можа б, я іх і зачапіў, але пачуў, што яны гаварылі між сабой па-свойму, па-чужому... Назад ні разу не азірнуліся.
Соснік тут быў малады, уперамешку з кунатымі бярозкамі. Бліжэй да вёскі — адны дробныя сасонкі.
Дзяўчаты так і ішлі ўпобачкі: то бліжэй да бярозак, то далей, як выбіраючы лепшую сцежку пад нагамі. Якую хвіліну, параўняўшыся, я ішоў побач з імі, ну, можа, на паўкроку ззаду, тады на паўкроку спераду.
Адна з іх, вышэйшая, была коратка стрыжаная — валасы чуць хавалі шыю. Русыя, нават светлыя, паднятыя высака на галаве. Чыстая з твару, бялявая і прыгожая-прыгожая... Вочы ў яе, блакітныя, блішчэлі, і сама яна ўся была нейкая бліскучая. Чырвоная сукенка на ёй аж пералівалася...
Другая, меншая, ёй па плячо, з тугой цёмнай касой на спіне, ладнай, рукой не абхапіць, і сплеценай неяк адмыслова (так у вёсцы ніхто не заплятаў), і доўгай — да пояса.
Была яна ў блакітным сачыку і караткаватай, да калень, блакітнай спадніцы. Цямнейшая і круглейшая з твару, і вочы ў яе былі вялікія, круглыя і цёмныя. І насы ў іх, у абедзвюх, былі невялічкія, прамыя і прыгожыя.
На нагах у іх былі аднолькавыя чырвоныя басаножкі, у руках чырвоныя невялікія сумачкі.
«Сёстры, ці што? — падумалася першае, што прыйшло ў галаву. — Відаць, сёстры...»
У мяне дробненька забілася ў грудзях маё недзе зусім яшчэ вераб'інае сэрца... Такіх прыгожых дзяўчат — маіх равесніц — у свае пятнаццаць гадоў я ніколі не бачыў: ні ў вёсцы, ні ў школе...
Мінаючы іх, я яшчэ раз павярнуўся, зірнуў ім у твар і пачуў, як мне ўсяму зрабілася горача, — ад самой начы яшчэ ніяк не мог сагрэцца дарогай... Ногі неяк самі паднялі мяне ад зямлі, і я, босы, пад пахай фуфайка, прыціснутая рукой — рука ў кішані, — прыбавіў кроку па траве і па версе, пакідаючы дзяўчат ззаду. Можа б, я і загаварыў да іх, але яны, як і перш, ішлі сцежачкай адна ля адной і гаварылі ўсё, гаварылі па-свойму між сабой...
Мяне як што ўскруціла — падхапіла і панесла... Я сам не свой хутка-хутка пайшоў, прыбаўляючы і прыбаўляючы ў хадзе да вёскі...
На мяне яны нават не зірнулі.
А мяне раптам ахапіла нейкая шалёная радасць... Але, узрушаны, я баяўся нават азірнуцца, каб чым няўзнак не выдаць сябе...
Забегшы ў свой двор, зачыніў вароты і стаў за высокім тынам, каб аддыхацца...
Думаў: а можа, яны зойдуць на двор — на двары ж у нас студня, адна ў гэтым канцы вёскі, і хто толькі ні спыняўся і ні заходзіў, каб папрасіць вады: і рабочыя леспрамгаса, і шафёры, і так прахожыя. Бывала, што вялікая чорная кружка так і стаяла на студні ля вядра цэлы дзень — каб не бегаць і не выносіць кожны раз з хаты.
Мне хацелася яшчэ раз зірнуць на меншую, з цёмнай касой і вялікімі чорнымі вачыма...
І чаму я не загаварыў да іх... Што быў босы? У пасівелых, некалі чорных, картовых штанах? З зашмальцаванай фуфайкай пад пахай?