Выбрать главу

Яны спусціліся з дзядзінца ад Бацяновых соснаў, памалу прайшлі каля хлева. Гаварылі ўсё адна з адной па-свойму, — на тын і на вароты, ля якіх я стаяў, яны нават не зірнулі.

Я яшчэ думаў, што яны сядуць на лавачку ля нашага гародчыка пад бэзам, але яны, занятыя сабой, прайшлі міма.

Я, як апантаны, стаяў ля варот і глядзеў, як яны за паваротам спусціліся з маста і сталі падымацца на грэблю.

Мяне адрывала ад зямлі, і мне хацелася некуды ляцець...

На грэблі падняўся пыл ад леспрамгасаўскага прычэпа і схаваў іх з воч...

3

Назаўтра раніцай, прыйшоўшы ад трактара, — хутчэй бы ўжо ўзаралі Жукаўшчыну і яго перагналі ў Сушкава, у другі калгас — я быў якраз на двары, калі да нас прыбегла Петрусіха — старая ўжо жанчына. Жыла яна ў нашым канцы вёскі, насупраць маста. У яе, у вялікай хаце, была калгасная канцылярыя. Маленькая, сухенькая Петрусіха сагнулася, нахіліўшыся да мяне, — яшчэ больш паменшала — і, азіраючыся па баках, хуценька прашаптала, каб я адразу бег да канцылярыі: мяне чакае ваенны. Сказала і назад у вёску не пайшла — пабегла некуды на ферму.

Вуліца ў нашым канцы была крывая, і з-за павароту я здалёку згледзеў на дзядзінцы, на бугры ля свіронка — насупраць канцылярыі стаяў невялікі свіронак — знаёмы ўжо трафейны нямецкі матацыкл з каляскай. На ім ездзіў энкавэдыст з раёна капітан Дувалаў. Я яго бачыў часта. Рослы, маладжавы, круглатвары, прыгожы, у ваеннай гімнасцёрцы з туга загнанымі назад пад рэмень фалдамі, у галіфэ, у бліскучых — хоць ты хавай іх ад сонца, няма як глядзець — сцёбаюць па вачах — хромавых ботах, у залатых пагонах з сінімі канцікамі і з чатырма зорачкамі, у новай фуражцы з сінім аколышкам, паднятай брылём высака ўгару, ён заўсёды доўга стаяў ля канцылярыі на бугры, шырака расставіўшы ногі, і глядзеў у той канец вёскі. Стаіць з паўгадзіны, пасля павернецца і глядзіць у наш канец, у лес, кабура пісталета ў яго ад гэтага — то з аднаго, то з другога боку.

Тады ўтаропіцца на выганчык — на Кур'янаўшчыну, аж падымаецца на насочкі ў бліскучых хромавых ботах.

Рабіць яму не было чаго, ці што...

Капітан Дувалаў паказаў мне рукой, каб я ішоў адразу ў канцылярыю, і падаўся за мной, згінаючыся ў не такіх ужо нізкіх дзвярах: быў і праўда высокі.

У канцылярыі за сталом сядзеў Джанік — рахункавод, малады яшчэ хлопец, вярнуўся пасля вайны з Германіі, куды быў забраны недзе адразу, як прыйшлі немцы. Да вайны ён скончыў аж восем класаў, і цяпер у калгасе яго як знайшлі, каб пасадзіць у канцылярыю. Дувалаў і яму паказаў рукой, каб ачысціў канцылярыю. Джанік хмыкнуў і ціхенька зачыніў за сабой дзверы.

Дувалаў выцер пасля Джаніка рукой лаву за сталом і сеў на яго месца. Мне паказаў, каб я стаў пасярод хаты.

І — ні слова.

Доўга глядзеў на мяне, пераводзячы з босых ног да стрыжанай пад машынку галавы, строга, упіваючыся вачыма, як вывучаў. Тады зморшчыўся і, узяўшыся за чорны брыль, насунуў фуражку аж на самыя вочы.

— Ну дакладвай, джынджык, што гаварылі францужанкі... — сказаў ён нарэшце такім прыгожым голасам, як запеў... Чуў я яго першы раз.

Джынджыкамі ў нашым баку звалі хлопцаў-падлеткаў, такіх, як я. Дувалаў ведаў і гэта.

— Толькі ўсё начыстату. Ніякіх у мяне фіфці-міфці...

Мне раптам стала весела. І я, мусіць, усміхнуўся, бо заўсміхаўся капітан Дувалаў. Я не ведаў ніякіх францужанак. Так я адразу, не чакаючы, і сказаў:

— Я не ведаю ніякіх францужанак.

— Угу... А хто дагнаў іх ля ўчастка і праводзіў усю дарогу да вёскі? Абедзвюх... Ну, хто? Можа, Пушкін?

Мне тады адразу зрабілася горача-горача... Аж у бакі павяло. Дык вось якія францужанкі... Хто бачыў? Хто нас згледзеў? Нікога ж нідзе больш не было. Нават сарока адстала ад мяне перад участкам...

— Ну вот... Сорамна стала, джынджык, што чырванню заліўся? Дакладвай, дакладвай... Я слухаю... — хуценька загаварыў Дувалаў.

— Я нават не ведаю, што гэта былі францужанкі...

— Што? Не назваліся? Не пазнаёміліся? Што ты скажаш...

— Ды я да іх нават не загаварыў... І словам не зачапіў... А самі яны гаварылі па-свойму...

— Ну і джынджык... — адваліўся да сцяны Дувалаў. — Ды яны і па-расейску ўмеюць лепш за цябе... Ты мне брось... Мы ж дагаварыліся — усё і начыстату... Ну, дык будзеш гаварыць праўду ці не?

Я ўжо думаў не пра францужанак, а ўсё пра тое, што нехта не толькі згледзеў мяне ў лесе на дарожцы, але і данёс куды трэба. Адразу ж. А можа, за імі сачылі ўвесь час — ішлі назіркам аж з-за ракі Віліі...

— Я слухаю... Слухаю... І запомні адразу... У нас ты не толькі загаворыш, а і запяеш. На ўвесь голас... — Дувалаў ужо не ўсміхаўся, устаў з-за стала, перавёў некалькі разоў пальцамі пад рэменем — загнаў лішні раз з жывата назад за спіну фалды гімнасцёркі — і пачаў хадзіць па хаце. Я нават чуў, як ён дыхае нечым гарачым.