Выбрать главу

— Нам важна ўсё... Нават кожнае слова... Ну-у... А яны не расказвалі пра свайго бацьку? Не ўспаміналі? Не гаварылі, чаму яны кінулі сваю Францыю і прыехалі сюды, да нас у Жызнаву? У былую Заходнюю Беларусь? Разам з бацькам. Што, бацьку на радзіму пацягнула? У такі галодны час усё кінуць і прыехаць? Ну-ну-ну... Гавары, пачынай, я памагу.

Дувалаў спыніўся ў мяне ззаду. Я не ведаў, што ён збіраецца рабіць — ударыць? — і баяўся: стараўся павярнуць галаву, каб яго згледзець.

— Ды не ведаю я ніякіх францужанак... Я не ведаў, што францужанкі... Я іх нават не зачапіў... — я пачаў блытацца і заікацца.

— Гэта мы ўжо чулі... Ну вось што... — Дувалаў падышоў блізка да мяне і пастукаў мне пальцам зверху па галаве. Моцна, аж забалела. — З месца не сыходзіць, стаяць... Вось так, калі язык прыкусіў... Будзеш стаяць і думаць. Думаць, думаць... Пра тое, што будзе, калі скажаш, і што будзе, калі не скажаш... Толькі мне без фокусаў...

Дувалаў бразнуў шырокімі канцылярскімі дзвярыма і выйшаў.

Праз якую хвіліну, баючыся, я павярнуў галаву і паглядзеў у акно. Дувалаў пастаяў на бугры каля нямецкага матацыкла, тады падышоў да дарогі, што вяла да маста, стаў пасярод яе, расставіўшы ногі, і глядзеў на грэблю, на выганчык і на ліпы ў Кур'янаўскіх садах. Пасля зноў паправіў пад шырокім рэменем фалды і закурыў. Пацягнуўся, падняўшыся на бліскучыя насочкі ў ботах, і, выставіўшы ўперад рукі, узмахнуў імі, раз, другі, трэці... Неяк хутка і ўпарта.

Перад вачыма ў мяне раптам паявіліся ўчарашнія францужанкі, адна і другая — ідуць упобачкі, падымаючыся ад маста на грэблю, а над імі, апусціўшыся зверху, узмахнуў вялікімі растапыранымі крыллямі каршун...

Дувалаў, крутнуўшыся раптам пасярод дарогі і пакінуўшы пасля бліскучых хромавых ботаў дзве ладныя ямкі, ішоў хуценька ў хату, усё сморгаючы пальцамі пад рэменем.

У мяне затрасліся ногі.

— Ну вось што, джынджык... — Дувалаў цяпер стаў у мяне спераду і засунуў доўгія пальцы па баках пад рэмень. Думаў, доўга зыбаючыся на нагах. — Ідзі дамоў, сёння адпускаю. Ідзі — і нікому ні слова... Ясна? Нікому — ні бацьку, ні маці... Пойдзеш вечарам на варту да трактара — і Красоўскаму ні слова. Я віджу, што ты ўмееш дзяржаць язык за зубамі. Дзяржы, усё раскажаш толькі мне. І думай, думай... Маць тваю так... Знайшоўся мне... Фіфці-міфці з францужанкамі...

На вуліцы Дувалаў ажаргаў нямецкі матацыкл і, рвануўшы адразу да маста — аж кола пад каляскай было паднялося ад зямлі, — схаваўся адразу на грэблі ў старым альшэўніку. Не паехаў гэты раз у другі канец вёскі да Волькі — калгаснай брыгадзіркі.

У мяне закруцілася галава, і я, каб не ўпасці на падлогу, ступіў і паспеў зачапіцца рукамі за лаву, што стаяла пры сцяне.

4

Вечарам у Жукаўшчыну да трактара мяне ўсю дарогу падганяла вялікая, чорная, з чырвона-сівымі падпалінамі хмара. У Жукаўшчыне можна было схавацца ад дажджу пад старасвецкімі елкамі ў Сырніцы, якраз дзе араў Красоўскі, — елкі каля поля былі высокія і да таго абвешаны густымі лапкамі, што, калі зайсці пад іх, не было відаць днём і сонца. На яловых лапках, прычапіўшыся кіпцюрамі, віселі днём кажаны — галовамі ўніз.

Хмара апускалася ўсё ніжэй і ніжэй да зямлі, прыціскаючы сабой усё на свеце, — плыла з-за Віліі, з Жызнавы, адкуль учора ішлі францужанкі.

Дзе яны цяпер? Куды пайшлі і ці варочаліся назад? І чаму пра іх пытаўся энкавэдыст капітан Дувалаў?

Красоўскі ў Жукаўшчыне зрабіў за дзень толькі два прагоны — зганяў да Рабога Калодзежа і назад, да лесу пад Сырніцу. Пасля пралежаў увесь дзень, падсцяліўшы пад сябе фуфайку, пад трактарам, «рабіў падцяжку» і калупаўся ў «гробаным» маторы... Дамоў сабраўся злосны і ўвесь упэцканы ў мазут — «дзень у яго пайшоў кату пад хвост», а тут яшчэ хмара: трэба спяшыць, у дарозе застане лівень. Але сваёй «ватоўкі» ён не ўзяў, і яна, мокрая, у карасіне, пахла, як бочка, і не хацела атрасацца ад наліплага пяску. Укруціць ногі сёння ноччу не было ў што...

Грымела за Віліёй, за лесам секлі неба маланкі, асвятляючы ўспышкамі вострыя вярхі елак. Над полем, нізка, над самай раллёй, пішчалі стрыжы, паласуючы неба і далёкі бярэзнік — лавілі машку.

Цямнела раптоўна. Поўня, паказаўшыся ў прагале над Рабым Калодзежам, вялікая, чырвоная і цяжкая, схавалася адразу за хмары і больш не паказвалася. Бліскавіцы высвечвалі ў цемнаце гарбаты чорны трактар і дзве рудыя бочкі на калёсах.