Адплюшчыўшы вочы, я ўбачыў, што кажаноў нідзе ўжо няма — напаляваўшыся, яны зноў падвіслі недзе пад елкай на суччы галавой уніз і будуць так вісець да раніцы, а тады і цэлы дзень. Над усёй Жукаўшчынай блішчэла чыстае неба з цьмянымі зоркамі. Поўня, пераваліўшы за поўнач, маленькая і яркая, заліла белым малаком і поле, і бярэзнік, і трактар...
І мае босыя ногі былі белыя, як у малацэ...
Ззаду мне ў плечы нечым цвёрдым і жалезным упёрся капітан Дувалаў... Пасля я падумаў, што гэта сам, адваліўшыся, прыхінуўся спінай да бочкі... Убачыў яшчэ белую поўню і свае белыя ад яе сяйва рукі...
І смуглявую францужанку-кажана, раптам белую-белую, як снег...
Мяне разбудзіў Красоўскі.
5
Лісце, зялёнае і вільготнае яшчэ ад учарашняга дажджу, знізу пад ліпай у Кур'янаўскім садзе было абскублена — тырчала адно дуддзё.
Я збіраў яго па адным, па два і кідаў у ладны белы кужэльны мяшэчак, які, мокнучы, пакрыўся адразу цёмнымі плямамі — стаў рабы.
Самае патрэбнае лісце, цёмнае, лапушыстае, бліскучае ад сонца, якое стаяла якраз угары над ліпамі, хаваючыся за рэдкую пажмаканую смугу, было там, угары, пад самым сонцам, але трэба было, падскочыўшы з зямлі, зачапіцца за ніжнія сукі і, абдзіраючы рукі, узлезці на старое дрэва, дзе можна было сморгаць лісце жменяй і набіваць мяшэчак. Дома маці ўсягды вытрасала ліповае лісце на бляху з загнутымі краямі, дастаўшы яе з-пад прыпечка, і несла ў гарачую яшчэ раніцай печ. Сушанае, з бляхі, пахнючае, як табака, яна сыпала лісце прыгаршчамі ў сенцах у ступу, у якой усягды таўклі груцу — ячныя крупы, і, асцярожна, каб не рассыпаць, пачынала таўчы. Стоўчаную зялёную муку дабаўлялі да вымытай, неабразанай, здзёртай на тарцы бульбы і варылі зацірку. Часта пяклі і праснакі.
Лісце і пад адной, і пад другой, і пад усімі ліпамі было аблатошана — латашылі цэлай вёскай, — а падскочыць уверх я ўсё ніяк не мог: ногі былі такія вялыя пасля начной Жукаўшчыны — чуць цягнуў іх раніцай па адцвілым на дарозе летась увосень верасе, які абсыпаў іх халоднай расой і калючым дробненькім насеннем...
Калі ўрэшце я ўзлез на самую крайнюю ад лога ліпу — маці ж за мяне не прыйдзе і не палезе з апухлымі ад голаду нагамі, ды і сядзіць пры бацьку, у якога раніцай пайшла з рота кроў, так часта бывае, — і напакаваў мяшэчак да палавіны, унізе, недзе ля самай яблыні ў цвеце і ў пчолах, якія гулі цэлым роем, звінелі і заляталі аж на ліпу, прыстаючы да рук, пачуўся дробненькі званок ад веласіпеда.
Пад ліпай стаяў Федзя з леспрамгасаўскага магазіна, малады яшчэ мужчына, дробненькі, як хлапец. Вярнуўшыся з фронту паранены, ён пайшоў на работу ў леспрамгас у магазін: з тапаром на павале не спраўляўся, не давала прастрэленае плячо.
— Кідай сюды свой мех і сам за ім... Загадана знайсці і даставіць. Прыгнаць перад сабой. На ўчастак у кантору...
Мяшэчак у мяне сам выпаў з рук і чмякнуўся ў густую дзяцельніцу пад ліпай...
«Дувалаў... — уздрыгнуў я, здагадаўшыся. — Але ж не чуваць было, каб на грэблі стракатаў матацыкл. Значыць, Дувалаў пад'ехаў ззаду, з Леснікоў. Ці, можа, аж з самой Жызнавы з-за Віліі...»
— Дувалаў загадаў... — сказаў адразу і Федзя, калі я саскочыў на зямлю. — Што там у цябе з ім? Натварыў? Дувалаў проста так не пацягне...
Я маўчаў. Помніў: нікому ні слова.
— Давай сюды правіянт... На багажнік... Пасадзіў бы цябе спераду на раму, скарэй было б... Загадана — срочна... Але баюся, што ў гэтай старой ламачыне, калі мы ўзлезем на яе ўдвух, лопне камера...
Мы пайшлі логам на грэблю. Я спераду, Федзя ззаду, — ступаў неяк хуценька і дробненька, стукаючы мне па нагах колам ад веласіпеда: спяшаўся.
— Што ты ўвесь натапырыўся, як шашок? Натварыў недзе, натварыў, калі ўзялі за чэрці... Ладна, маўчы. Усё адно будзем знаць. — Федзя не хацеў заходзіць мне наперад і ўсё падганяў: баяўся, відаць, пакінуць мяне ззаду, каб я не шмыгнуў дзе ў кусты.
Федзя баяўся Дувалава.
Спыніліся мы толькі ў вёсцы каля нашай хаты, ля варот. На двары нікога не было відаць: ні маці, ні бацькі, а можа, і дома не было.
— Зачапі сваю торбачку за вароты. За верхнюю перакладзіну. Хто яе ўкрадзе. Каму патрэбен такі правіянт...
І Федзя пагнаў мяне перад сабой на ўчастак — па той дарозе лесам, дзе ішлі францужанкі.
На ўчастку было пуста.
Ля канюшні стаяла брычка ў драбінку, — сядзенне заслана клятчатай пасцілкай. Адпяты ў аглобнях конь нехаця гломзаў сена.
Ля канторы ля самага ганка прыціснуўся нямецкі матацыкл з каляскай, увесь сівы ад пылу. У кузні манатонна звінела кавадла і было чуваць, як па ім дробненька стукае малаток.