Федзя, прыхінуўшы свой веласіпед да частакольчыку недалёка ад матацыкла, правёў мяне на ганак да канторы, падштурхнуўшы ў плечы. Калідор быў цёмны, і да дзвярэй у кантору Федзя вёў мяне за руку, баяўся, відаць, каб я тут не збег, спалохаўшыся. Адчыніўшы дзверы, ён выпхнуў мяне наперад і нешта сказаў, але я не пачуў што, бо ад стала падняўся капітан Дувалаў і адразу паказаў Федзю рукой — аднымі пальцамі, — каб той знік за парогам. Федзя, я нават не згледзеў, як ён знік, забразгаў адразу цяжкай жалезнай завалай — схаваўся ў магазіне. Пабаяўся стаяць пад дзвярыма: спатрэбіцца — паклічуць і з магазіна.
Я адразу згледзеў у шырокай канторы з белай новай падлогай і доўгімі лавамі ля сцен стол, які, засланы газетамі, стаяў блізка ля шафы.
За сталом былі яшчэ тры мужчыны, гаманілі, але на іх я нават не зірнуў: вочы мае ўпіліся ў буханку чорнага магазіннага хлеба, пачатую зверху — стаяла старчма, — і ў парэзаную шырокімі, з пядзю, цвёрдымі кавалкамі рыбу траску, ад якой шыбала ў нос густым вострым пахам і гнала сліну...
У мяне паплыло-паплыло ўсё перад вачыма — і стол, і мужчыны за ім, і шафа, але я ўстояў на нагах, утаропіўшыся ў бутэльку, як схапіўся за яе рукамі. У празрыстай, бліскучай ад расейскай горкай пачатай бутэльцы я згледзеў буханку чорнага хлеба — зменшаная і скрыўленая, яна адбівалася ў шкле. Пасля я ўбачыў, як буханкі хлеба, адскокваючы адна ад адной, закрылі ўсе шкляныя дзверцы ў шафе... Я адвярнуўся ад стала і стаў глядзець у акно на канюшню. Але канюшні я не ўбачыў: у шыбіне вялікія белыя мужчынскія рукі кроілі адну буханку хлеба, другую...
Пасля здалося, што магазіннымі буханкамі хлеба ўслана ўся кантора і двор за акном да самай канюшні... Я захістаўся...
— Што, джынджык, дрыжыш? Вінаваты? — да мяне падышоў капітан Дувалаў, у пагонах, у фуражцы, насунутай на вочы, у запыленых хромавых ботах і сморгаў пальцамі пад рэменем — заганяў усё назад фалды. А за сталом сядзелі, я іх усіх ведаў: начальнік участка Вугальнік — шыракаплечы, з лысінай; Шапараў, драбнатвары, з выцягнутым прамым носам, кучаравы, нядаўна падстрыжаны пад польку — старшыня сельсавета і Маёраў — участковы міліцыянер, паўнаваты, чырванатвары, з бліскучымі шчокамі і з перакінутай цераз плячо ваеннай сумкай. Нешта ўсё дажоўваў і не мог ніяк дажаваць.
«Гэта яны прыехалі ў брычцы...» — падумаў я.
А Дувалаў стаяў перада мной і зыбаўся на нагах:
— Ну, дык пра што калякалі францужанкі?.. Маўчыш? А што яны гаварылі пра свайго бацьку? Гм! А не расказвалі, як ён трапаўся, што вы тут з голаду пухнеце, а Сталін... — ён памаўчаў. — Наш таварыш Сталін пшаніцу — французам... А яна ім і не трэба... А яны яе з карабля — у мора. А яны яе і браць не хочуць... Сваёй хапае... Што ў падлогу глядзіш? Ведаеш і не хочаш усім нам сказаць? — махнуў ён рукой на стол.
У мяне зноў паявіліся ў вачах буханкі хлеба: пачалі падскокваць ад падлогі ўверх — адна вышэй, другая — ніжэй...
— А не расказвалі яны, на што ён тут прыехаў паглядзець? На радзіму? Чаго яго пацягнула? І дачок з сабой прывёз... А жонку пакінуў у Францыі, каб было куды вярнуцца пасля ўсяго. Жонка ў яго францужанка... Што? У разведку прыехаў? Не гаварылі?!
Калі закрычаў на ўсю кантору капітан Дувалаў, мне здалося, што буханкі хлеба пасыпаліся зверху са столі на падлогу... Я аж прыгнуўся...
— Хопіць курвіцца!.. Мы праверылі. Ні маці твая, ні бацька ў трыццаць сёмым не замешаны. Бацька вярнуўся з фронту паранены... У вайну маці памагала партызанам... А ты? Скурвіўся? Шпіянаж пакрываеш?..
Тады за сталом устаў Вугальнік — начальнік участка, зрабіўся высокі-высокі, аж пад столь:
— Таварыш капітан... З ласкай трэба, з ласкай... Гэта ж дзеці. У мяне жонка настаўніца, я ведаю. Запрасі за стол, пліхні ў шклянку, дай кавалак хлеба ў адну руку, у другую рыбіну. Язык сам развяжацца... Адразу загаворыць... З ласкай трэба да дзяцей, з ласкай...
— Ну, ты мяне, Вугальнік, не вучы...
Вугальнік узяў у рукі пачатую бутэльку, наліў у рубцаватую шклянку да палавіны расейскай горкай і накрыў шклянку зверху шырокай лустай хлеба:
— Ну, саступі, хлопец, капітану... Ну, саступі... Падыдзі, сядзь. Ну і ўпарты. Упёрся, і ўсё...
— Яму? Ласкай? — Дувалаў хмыкнуў і пасля засмяяўся нейкім дробненькім калючым смяшком. — Ён нам памагчы не хоча, адказваецца, а мы яго карміць будзем? У яго быў час падумаць і памагчы. Па-добраму... — Дувалаў падскочыў да Вугальніка і аднымі пальцамі змахнуў са стала і шклянку і лусту хлеба. Шклянка бразнула і пакацілася мне пад ногі, мочачы цёмнай палоскай белую падлогу. Лустачка хлеба засталася ляжаць ля стала, далёка — не дастаць...